Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці ў Будславе: вулкан радасці прайшоўся па Беларусі

budslau_suma28Нацыянальны Будслаўскі фэст сабраў на галоўную Імшу а 11 гадзіне тысячы вернікаў.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім тым, хто быў на ўрачыстасці 3 ліпеня, а таксама тым, хто прыбыў у Будслаў сёння. Мітрапаліт прывітаў усіх біскупаў, якія прыехалі ў Будслаў, а асабліва новапасвечанага дапаможнага біскупа Аляксандра Яшэўскага і папрасіў маліцца аб служэнні, якое толькі пачынае малады біскуп. Іерарх звярнуў увагу на важнасць прысутнасці на ўрачыстасці дзяржаўных улад, а таксама прывітаў прадстаўніка праваслаўнай Царквы протаіерэя Аляксанра Шымбалёва.

Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроці, які ў гаміліі выказаў радасць, што шмат вернікаў у вялікую спёку сабраліся каля абраза Маці Божай, паказваючы прыклад моцнай веры і вынослівасці.

budslau_suma58

Днём раней, 3 ліпеня, нунцый уваходзіў у Будслаў разам з гудагайскай пілігрымкай. З гэтай нагоды ён падзяліўся сваімі ўражаннямі. Ён гаварыў пра тое, што падчас паломніцтва і вернікі, і мінакі адчувалі вялікую радасць. Людзі, якія ішлі разам, не ведалі адзін аднаго, але сталі вельмі блізкімі ў сваіх спантанных выбухах шчасця.

У гэты момант нунцый падумаў: «Дзе тыя маўклівыя і цярплівыя людзі. Іх больш няма ў гэты момант, бо выбухнуў «вулкан», у якім ёсць адкрытыя сэрцы. Вялікі «вулкан» радасці прайшоўся па Беларусі».

budslau_suma26

Ён таксама адзначыў, што збаўленне народа не прыходзіць з яго моцы, яно прыходзіць з любові. Але як народ, які мае столькі мучанікаў і праліў столькі слёз, можа мець выбух радасці? Адказ такі — Маці ўсіх ціха чакае, каб сказаць: «Сын, дачка, Я тут для цябе». Маці Божая чакае, каб сказаць: «Пачні любіць, пачні будаваць сваю будучыню». І гісторыя Маці Божай Будслаўскай — гісторыя, якая з’яўляецца прыкладам адвагі. Бо калі ўсё было зачынена, Яна заставалася і чакала, калі людзі вернуцца да Яе.

І гэты дзень прыйшоў. Маці гаворыць: «Беларускі народ, май веру, надзею ў будучыню, паспрабуй нарадзіцца наноў і жыць без страхаў, слухай сэрца, якое ўзрываецца радасцю.

Напрыканцы набажэнства духавенства і вернікі прайшлі ва ўрачыстай эўхарыстычнай працэсіі па Будславу.

budslau_suma73

Ірына Грэйць, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку