Аплаткавая сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Полацку

19 снежня ў полацкі касцёл Святога Андрэя Баболі з’ехалася больш за сто святароў і манахінь з Віцебскай дыяцэзіі, каб павіншаваць адзін аднаго і свайго біскупа Алега Буткевіча з надыходзячымі Калядамі.

Такія духоўныя сустрэчы адбываюцца штомесяц, каб супольна перажыць сустрэчу з Езусам і правесці малітоўныя спатканні разам з пастырам дыяцэзіі. Але гэта была своеасаблівая – святочная.

Сёстры і святары распачалі сустрэчу малітвай у цішыні перад Езусам Эўхарыстычным. Таксама гэта была магчымасць для сакраманту споведзі і пакаяння.

На самым пачатку іерарх адзначыў, што спатканне мае асаблівае значэнне, бо збіраемся ў год Юбілею 500-годдзя кнігадрукавання, 500-годдзя нараджэння Божага слова па-беларуску, і тут Полацк мае асаблівае значэнне і ролю.

Св. Імшу ўзначаліў біскуп Алег. Ва ўступным слове іерарх прывітаў усіх прысутных: духавенства, законных асоб, святароў Грэка-каталіцкай Царквы і прадстаўнікоў каталіцкай прэсы.

Прамаўляючы Божае слова, біскуп Алег паразважаў пра Божую моц:

— Сённяшняе Божае слова нагадвае пра тую вялікую Божую моц, якая не кіруецца людскімі намерамі, не знеахвочваецца калі чалавек ёй не давярае, а здзяйсняе сваё. Моц, якую Бог дае абраным людзям. Моц, якая павінна была перамяніць гэты свет, людское сэрца. Мы з вамі з’яўляемся тымі, хто патрапіў у гэты шэраг пакліканых людзей, каму Бог даверыў гэту моц. Мы яе маем. Свята Божага нараджэння – добрая нагода, каб яшчэ раз гэта ўсвядоміць. Гэтай моцы чакаюць і шукаць людзі, якім сёння служым. І таямніцу Божага нараджэння людзі, можа і несвядома, але бачаць яе ў нас. І тым мацней гарнуцца да святароў і сясцёр, чым больш гэтую моц адчуваюць. Зараз толькі пытанне: калі і якія есць умовы, каб яна праявілася.

Пасля св. Імшы разглядаліся надзённыя пытанні Касцёла ў дыяцэзіі, канцлер кс. Віктар Місевіч пазнаёміў прысутных з запланаванымі падзеямі і неабходнымі справаздачамі. Пасля ардынарый са смуткам паведаміў, што менавіта ў гэты дзень свае паўнамоцтвы афіцыяла суда Віцебскай дыяцэзіі складае а. Сяргей Мацюшонак, які накіраваны на служэнне ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Біскуп Алег падзякаваў айцу капуцыну за паслугу, што за кароткі час змог узняць на высокі ўзровень Суд Віцебскай дыяцэзіі. Іерарх уручыў падзяку а. Сяргею, каб яна нагадвала пра працу ў дыяцэзіі і што тут заўсёды яго чакаюць.

Затым у касцёле ўсе прысутныя дзяліліся аплаткам і выказвалі самыя шчырыя пажаданні адзін аднаму.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку