Аплаткавая сустрэча для дзяцей y Лынтупax

10 студзеня 2018 года ў парафіяльным араторыі ў Лынтупах адбылася аплаткавая сустрэча для дзяцей, якія прыходзяць у араторый на заняткі, міністрантаў, дзяўчынак, якія спяваюць у парафіяльным хоры і валанцёраў. Усіх разам было 60 чалавек.

Сустрэча пачалася з кароткай катэхезы, падчас якой с. Люцына нагадала значэнне ўрачыстасці і сэнс дзялення аплаткам. Варта звярнуць увагу, што араторый — гэта месца сустрэч для ўсіх дзяцей, якія пражываюць у Лынтупах і Палессі, а гэта не толькі дзеці з сем’яў католікаў, але таксама праваслаўныя і стараверы.

Такое спатканне дало магчымасць усім разам узнесці хвалу Богу ў Таямніцы Божага Нараджэння, а таксама пазнаць каталіцкія традыцыі і звычаі гэтых святаў.

Сустрэча распачалася з чытання фрагмента Святога Пісання аб Божым Нараджэнні і малітвы. Потым дзеці дзяліліся аплаткам, складаючы адзін аднаму пажаданні.

Прысутнасць валанцёраў, дзяжурных стала выключнай магчымасцю для выражэння дзецьмі шчырых пажаданняў і слоў падзякі за іх самаадданую працу ў араторыі. За іх сэрца і клопат, якія аддаюць для самых маленькіх, ахвяруючы свой вольны час.

Было шмат спеваў, калядак і пачастункаў. Добра было разам, у супольнасці калег і сябровак, сесці за багата накрыты стол, каб паразмаўляць і парадавацца прысутнасці іншых.

С. Люцына Вонс

для друку для друку