Анёлак са слоіка з-пад гарчыцы, або Як спячы пасхальнае ягнятка?

Сястра Крысціяна Венгерска працуе ў Беларусі ўжо два з паловай гады. Як яна сама прызнаецца, працаваць тут хацела даўно. Мела нейкае ўнутранае перакананне, што варта прыехаць у Беларусь. Цяпер працуе катэхеткай і вядзе гурток у катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

– Сястра Крысціяна, што для Вас значыць катэхеза?

– Дзяцей я вельмі люблю. Калі б нават мне давялося займацца чымсьці іншым, прызнаюся, я была б проста нешчаслівая. У свой час у Польшчы мне даводзілася праводзіць заняткі рэлігіі па 34 гадзіны ў тыдзень. Гэта вельмі шмат. Але за тое цяпер у мяне шмат знаёмых і багаты вопыт.

– Дазвольце спытаць, як Вы ўжываецеся з беларускім акружэннем? Ці няма адчування, што Вы тут у гасцях, што Вам трэба прыкладаць намаганні, каб адчуваць сябе тут камфортна?

– Напачатку, калі я толькі прыехала ў Беларусь, мне было вельмі складана. Я ані слова не разумела, што мне кажуць людзі, і гэта пры тым, што з рускай мовай была знаёмая са школы. Часам прасіла пробашча, каб мне штосьці пераклаў. А цяпер усё гэта за мной. Людзі вельмі адкрытыя, не толькі тыя, што ў касцёле. Але проста на вуліцы, калі стаю на прыпынку, падыходзяць цікавяцца, размаўляюць. У мяне толькі прыемныя ўражанні ад Беларусі!

– А як Вам білінгвізм? Спраўляецеся?

– А беларускую мову я люблю больш, чым рускую. І вельмі камфортна сябе адчуваю, калі гутарка ідзе па-беларуску. Можа, гэта ў крыві недзе? Мая мама родам з-пад Гродна. Нарадзілася ў Міжэрычах.

– Ведаю, што, апрача катэхезы, Вы таксама займаецеся з дзеткамі і ведзяце гурток.

– Так, па суботах пры парафіі мы праводзім заняткі па аплікацыях, робім фігуркі анёлкаў, малюем. Карацей, развіваем таленты. Усяго на гэтыя заняткі, апрача катэхезы, прыходзяць 22 дзіцяці. Вось, напрыклад, які ў нас атрымаўся анёлак са слоіка з-пад гарчыцы. А вось гэта дзеткі самі зрабілі такое мілае птушаня (сястра паказвае дзіцячыя вырабы). На Вялікдзень ужо гатовыя паштоўкі і велікодныя яйкі. Хочацца адзначыць ва ўсім гэтым таксама ролю бацькоў. Яны вельмі актыўныя, заўсёды мне дапамагаюць штосьці арганізаваць. І я рада, што, прыходзячы сюды, у касцёл, яны разам са сваімі дзецьмі ствараюць сапраўдную супольнасць.

– Што вы робіце з гэтымі вырабамі?

– Некаторыя пакідаем сабе ў класе. А іншыя прадаём парафіянам. Праводзім штосьці кшталту кірмашу. Атрыманыя грошы пазней выкарыстоўваем, каб арганізаваць дзеткам цікавую паездку ці экскурсію.

– Я меў шчасце пакаштаваць тое, што Вы выпякаеце на парафіяльны кірмаш. Прызнаюся, што пад уражаннем ад Вашых кулінарных здольнасцяў. Падзяліцеся, калі ласка, якім-небудзь рэцэптам з нашымі чытачамі?

– Я сама не вялікі спецыяліст у кулінарыі, але ведаю, як спячы пасхальнае ягнятка на велікодны стол. Калі ўсё правільна зрабіць, то ад гэтага ласунку за вушы не адцягнеш. На парафіяльны кірмаш мы спяклі іх разам з кс. Генадзем аж 36 штук. Такім чынам, неабходна падрыхтаваць адзін натуральны ёгурт 150 г., 300 г цукру, 2 яйкі, палову пакеціка разрыхляльніка цеста, 2 сталовыя лыжкі алею, 500 г мукі і адзін пакецік ванільнага цукру. Як бачыце, усе інгрэдыенты цалкам натуральныя. Напачатку трэба аддзяліць бялок ад жаўтка і збіць яго міксерам, дадаць туды цукар, потым ванільны цукар, жаўток, алей, ёгурт, муку і разрыхляльнік цеста. Гэта ўсё размяшаць міксерам, і ў выпадку завялікай цвёрдасці цеста дадаць крыху малака. Атрыманае цеста заліваем у форму. Яно па сваёй кансістэнцыі павінна быць як смятана. Выпякаем баранчыка ў духоўцы пры тэмпературы 180°С на працягу паўгадзіны, затым змяншаем тэмпературу да 150°С і выпякаем яшчэ 15 хвілін. Гатоўнасць выпечкі можна праверыць, крыху праткнуўшы печыва пруцікам. Калі печыва цвёрдае, значыць ласунак гатовы. Ну і, натуральна, калі няма дома формы для пасхальнага ягнятка, можна ўжыць любую іншую, напрыклад, для кексаў.

– Я бачу, што ягнятка не проста спечанае, але і пафарбаванае.

– Так, сапраўды, печыва можна пакрыць глазурай. Яно гатуецца вельмі проста. Бяром цукровую пудру, размешваем на вока з малаком – і глазура гатовая. Пэндзлікам пакрываем печыва, можна яшчэ пасыпаць яго какосавай стружкай.

– Сястра Крысціяна, вялікі дзякуй Вам за Вашу працу і Ваш аптымізм! Колькі Вас ведаю, усмешка і радасць не сходзяць з Вашага твару. Жадаю Вам поспехаў і шчасця ў Вашым манаскім пакліканні. А Беларусь няхай Вас толькі радуе!

P.S. Пасхальнае ягнятка з інтэрв’ю павандравала са мной дамоў у якасці падарунка. Карыстаючыся магчымасцю, хачу яшчэ раз пацвердзіць, што рэцэпт с. Крысціяны сапраўды вельмі добры. Раю нашым чытачам поспеху ў пасхальнай кулінарыі.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку