«Андрэйкі» ў Глыбокім сабралі больш за 200 маладых людзей (+відэа)

У апошнюю суботу перад Адвэнтам, 2 снежня 2017 года ў Глыбокім сабралася моладзь на музычна-евангелізацыйную праграму “Андрэйкі”.

Разам са сваімі святарамі, законнымі сёстрамі і катэхетамі маладыя людзі прыбылі з вялікай часткі Віцебскай дыяцэзіі: Варапаева, Браслаў, Мёры, Полацк, Наваполацк, Шаркаўшчына, Падсвілле, Дзеркаўшчына, Удзела, Паставы, Камаі, Лынтупы, Празарокі. Упершыню на глыбоцкія “запусты” завітаў музычны гурт “Небасхіл” з салезіянскай парафіі ў Мінску (Серабранка). Для такога ўжо традыцыйнага мерапрыемства ў трэці раз гасцінна расчыніў свае дзверы Гарадскі Дом культуры, які змясціў 210 прысутных.

На самым пачатку арганізатар “Андрэек”, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалай Ціхановіч шчыра прывітаў моладзь і запрасіў, каб усе свае здольнасці, энергію і энтузіязм аддалі на славу Божую і дзяліліся імі. Так як гэта сустрэча ў Імя Госпада, то яе распачалі з супольнай малітвы-просьбы, каб Усемагутны асвяціў сваёй прысутнасцю гэта месца і вечар і, каб напоўніў кожнага сапраўднай радасцю, каб змаглі перажыць гэты вечар на славу Божую, узаемную любоў і павагу.

“Мы сёння славім Госпада і дзякуем за новую магчымасць, якую Ён нам падараваў, што трэці год запар можам арганізаваць музычна-евангелізацыйны праект для моладзі, якую запрашаем не толькі з Глыбоцкага дэканата, але з іншых парафій Віцебскай дыяцэзіі для таго, каб перажыць радасны момант пачатку Адвэнта, — адзначыў кс. Мікалай. – Хочам, каб у сучасным свеце моладзь разумела, што Касцёл сёння малады і патрабуе моладзевага духу радасці. Вельмі важна працягваць той дух, якога напрыканцы 20 стагоддзя запачаткаваў св. Ян Павел ІІ. Ён ведаў, што моладзь – гэта будучыня Касцёла, ён разумеў гэту патрэбу, таму ствараў Сусветныя дні моладзі і розным спосабам паказваў, каб клапаціліся пра яе. Таму і гэта мерапрыемства мае мэту зінтэграваць маладых людзей між сабой разам з Хрыстом і ў Хрысце, каб яны ўмелі бавіцца не пры дапамозе сродкаў “задавальнення” – наркотыкаў і алкаголю, а ў сапраўднай радасці, якая ў сэрцы і душы чалавека.”

Адна з удзельніц музычнай групы Вольга Красільшчыкава падзялілася, што ў Глыбокім яна з гуртом трэці раз (першыя два разы былі проста з канцэртамі). Калі запрасілі правесці святочную радасную праграму і канцэрт для моладзі – яны з радасцю згадзіліся. ““Андрэйкі” — гэта такі момант, каб падрыхтаваць сваё сэрца ў радасці, каб не ў суме пасля перажываць Адвэнт, і быць разам, бо дзе ёсць шмат людзей — там ёсць Езус і гэта вельмі важна для моладзі”, — падкрэсліла Вольга.

Першы пункт праграмы — творча-актыўную частку – праводзілі моладзевыя аніматары Вольга і Анастасія з Мінску, якія вучылі новым танцам і ладзілі цікавыя гульні і забавы. Хлопцы і дзяўчаты актыўна прымалі ўдзел і танчылі ўсе разам. Пасля гадзіны вясёлага правядзення часу, моладзь запрасілі падсілкавацца, а затым усе накіраваліся ў канцэртную залу, дзе іх чакаў канцэрт гурта “Небасхіл”.

Знаёмыя хіты з пілігрымак, меладычныя і зусім новыя спевы хлопцаў і дзяўчат «паднялі» са сваіх глядацкіх месцаў. Шчырымі апладысментамі, спевамі разам з выступоўцамі да зрыву голасу, усмешкамі на тварах і танцамі каталіцкая моладзь славіла Хрыста і бавілася перад пачаткам новага літургічнага перыяду.

Пасля выступлення, кіраўнік гурта “Небасхіл” Ілья Матыяшкойць падзяліўся ўражаннем, што на канцэрце вельмі адчувалася радасць, бо моладзь хоча праслаўляць Бога і дзеліцца гэтым.

Затым удзельнікаў запустаў чакала дыскатэка з сучаснай музыкай і інтэграцыйнымі танцамі. Вядомыя сярод каталіцкай моладзі запальныя танцы не пакінулі сядзець на сваіх месцах святароў і манахінь, якія прыехалі з моладдзю. У гэты момант танчылі ўсе.

 “Я лічу, што “Андрэйкі” будуць мець свой працяг, бо бачу плёны гэтага мерапрыемства. Моладзь ужо ведае і загадзя пытаецца, калі і дзе будуць запусты. І гэта ўжо не мы (святары і сёстры) запрашаем хлопцаў і дзяўчат, але яны самі ведаюць пра гэта і стараюцца ўдзельнічаць. Я думаю, што ідэя Андрэек будзе жыць і яна для моладзі вельмі патрэбна”, — адзначыла с. Таццяна Гмыза, якая прыехала з моладдзю з Полацкай парафіі.

Марына Сінкевіч, тэкст
Маргарыта Юрык, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку