Анансавана новая энцыкліка Святога Айца

Папа Францішак і шэйх Ахмед Эль Таеб падчас падпісання Дэкларацыі аб братэрстве (ANSA)

У бліжэйшы час павінна з’явіцца трэцяя энцыкліка Папы Францішка, прысвечаная тэме міжчалавечага братэрства, — паведаміў італьянскі біскуп Даменіка Пампілі, пастыр дыяцэзіі Рыеці.

Іерарх анансаваў новы дакумент Пантыфіка падчас цырымоніі падпісання ліста аб стварэнні Камітэта па арганізацыі святкаванні 800-годдзя рэгулы Ордэна Меншых Братоў і стварэння св. Францішкам першых ясляў Божага Нараджэння ў Грэча.

Паводле біскупа Пампілі, энцыкліка будзе звязана з Дэкларацыяй аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, якую Папа і Вялікі імам Аль-Азхар падпісалі ў Абу-Дабі 4 лютага 2019 г. У ёй рашуча асуджаецца тэрарызм і насілле, гучыць заклік да пашырэння талерантнасці і міру ў свеце, абароны правоў кожнага чалавека, асабліва жанчын і дзяцей.

Анансаваны дакумент стане трэцяй энцыклікай Папы Францішка пасля “Lumen fidei” (2013) і “Laudato si’” (2015). Акрамя трох энцыклік Святы Айцец выдаў пяць Апостальскіх адгартацый: “Evangelii gaudium” (2013), “Amoris laetitia” (2016), “Gaudete et exsultate” (2018), “Christus vivit” (2019) і “Querida Amazonia” (2020).

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі