Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў канцэпцыю закона аб супрацьдзеянні хатняму насіллю

“Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду, – сказаў Прэзідэнт. – Вы можаце не перажываць, і народ няхай не хвалюецца – мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту”.

Словы кіраўніка дзяржавы, якімі ён падзяліўся з журналістамі 5 кастрычніка, перадае БЕЛТА.

У канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму насіллю змешчана шмат неадназначных норм. Напрыклад, пад “насіллем” прапаноўваюць лічыць выпадкі, калі бацькі не даюць дзіцяці кішэнных грошай або прымушаюць прыбіраць рэчы.

“Недзе хтосьці сказаў – аб супрацьдзеянні насіллю ў сям’і. Гэта цяпер модная фармулёўка на Захадзе, – дадаў Лукашэнка. – У іх хутка сем’яў не будзе: мужык з мужыком жэніцца або выходзіць замуж. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх пераймаем нейкія нормы паводзін у сям’і”.

Законапраект аб супрацьдзеянні хатняму насіллю распрацоўвала Міністэрства ўнутраных спраў.

На думку кіраўніка дзяржавы, дакументам павінны займацца іншыя структуры: у першую чаргу прадстаўнікі органаў улады на месцах, грамадскія арганізацыі, урад, Адміністрацыя Прэзідэнта.

Пры гэтым прэзідэнт дадаў, што меркаванне міліцыі ўсё ж трэба ўлічваць.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб караць дзяцей. Але часам, на яго думку, гэтага цяжка пазбегнуць.

“Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба. Пажаданні міліцыі мы ўлічым. Можа, нават не законам, а абыдземся ўнясеннем змяненняў у існуючыя законапраекты. У нас ёсць адпаведная Дырэктыва Прэзідэнта, якая датычыцца гэтых праблем”, – прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

“Тое, што гэта людзі абмяркоўваюць і іх абурае некаторае глупства ў праекце закона, я рады. Абвастраючы гэту праблему, яны звяртаюць на яе маю ўвагу. Таму будзе так, як трэба і выгадна нам, зыходзячы з нашых традыцый і вопыту”.

Як адзначае БЕЛТА, у Адміністрацыі Прэзідэнта нядаўна абмяркоўвалася калектыўнае пісьмо, якое падпісалі каля 6 тысяч грамадзян. У ім яны выказалі сваю нездаволенасць прапануемымі новаўвядзеннямі.

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі выканаўчага сакратара Экспертнай Рады па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і дырэктара дабрачыннага фонда “Адкрытыя сэрцы” Уладзіслава Валаховіча.

“Фонд “Адкрытыя сэрцы” сумесна з іншымі дабрачыннымі арганізацыямі сапраўды сабраў каля 6 тысяч подпісаў супраць прыняцця гэтага закона, якія былі накіраваныя ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Я лічу, што такім законам бацькоў фактычна вывядуць з працэсу выхавання дзяцей”.

Уладзіслаў Валаховіч падзяліўся і ўражаннямі пра Міжнародны форум “Хатняе насілле ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы рэгулявання”, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы 28 верасня.

“Форум прайшоў плённа, таму што прадстаўнікі ўлады сапраўды заўважылі патрыятычную грамадскасць, якая выступае за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Наша асноўная задача была ў тым, каб расказаць, да чаго можа давесці такі закон. На першым плане ў ім – барацьба супраць насілля над жанчынамі, але ў цэлым – гэта лабіраванне гендарнай ідэалогіі”.

Паводле БЕЛТА і Catholic.by

для друку для друку