Аліна Латыш: “Калі мы пра гэта не будзем памятаць, то мы будзем манкуртамі” У Паставах выйшла кніга пра гісторыю касцёла і парафіі ў Варапаеве

Яна называецца “Свяціся імя Тваё…”, аўтар – Аліна Латыш.

У кнізе распавядаецца пра драматычны лёс Касцёла ў Варапаеве – не толькі самога будынка, але і каталіцкай супольнасці. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаныя святарам, што тут працавалі, сёстрам законным, будаўнікам, дзякуючы якім паўстаў сучасны будынак храма, спонсарам і шэфам, што дапамагалі ў будаўніцтве, моладзі парафіі. Расказваецца таксама пра святароў, што выйшлі з гэтай парафіі, прыводзяцца спісы ўсіх будаўнікоў касцёла.

Прэзентацыя кнігі адбылася ў суботу, 15 верасня. Тады ў храме сабраліся пробашч кс. Ежы Вільк, сябры касцельнага камітэту, а таксама тыя людзі, што будавалі гэту святыню. На жаль, далёка не ўсе змаглі прысутнічаць на сустрэчы: хтосьці праз хваробу, а шмат хто ўжо адышоў да Пана.

Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, сямейнай. Распачалася яна супольнай малітвай у касцёле, а потым працягнулася на плябанні. Аліна Латыш, аўтарка кнігі, расказала пра змест выдання, паказала цікавыя фотаздымкі, якія змешчаныя ў кніжцы, зачытала імёны і аповяды будаўнікоў, якія ўжо адышлі ў лепшы свет. Пасля гэтага кожны з удзельнікаў сустрэчы падзяліўся сваімі ўспамінамі пра ўзвядзенне храма, пра тыя цяжкасці і тыя радасці, што гэтаму спадарожнічалі.

На жаль, да патрэбнай даты сама кніга яшчэ не была гатовая. А можа, гэта было і да лепшага. Бо спадарыня Аліна мела адзіны асобнік, і ў гэтым заключалася інтрыга. І, відаць, таму ўдзельнікі імпрэзы і выглядалі больш уважлівымі і засяроджанымі. Усім было цікава патрымаць гэты асобнік у руках, пагартаць яго, паглядзець здымкі… Успомніць моманты будаўніцтва храма, якія ўжо сталі гісторыяй… І, вядома, у вачах гэтых людзей, у іх успамінах быў бачны гонар, што яны датычныя да такой вялікай справы – аднаўлення парафіі і будаўніцтва святыні ў Варапаеве.

А ўжо на парафіяльным фэсце ў гонар святога Міхала, які адбыўся 29 верасня, кожны ахвотны мог набыць кнігу. Прычым у людзей меўся выбар: купіць яе ў цвёрдым пераплёце ці ў мяккім. Розніца аказалася невялікай, і было бачна, што людзі набывалі больш дарагое і якаснае выданне. Як аддавалі тады, ужо ў далёкія дзевяностыя, свае грошы, час і сілы, аддавалі ўсё да апошняга, так і зараз вернікі не эканомілі на грашовых сродках. Бо, як і тады, рабілі гэта не дзеля славы, не для сябе, але для Бога.

Мы задалі аўтарцы кнігі, спадарыні Аліне, некалькі пытанняў у сувязі з выхадам выдання.

– Пані Аліна, як у Вас узнікла ідэя напісання такой кнігі?

– Справа ў тым, што ў будаўніцтве касцёла ўдзельнічалі шмат маіх знаёмых, родных, мой тата, тры цёці, і наогул вельмі шмат добрых, сціплых вернікаў. Таму аднойчы мы з сястрой параіліся і вырашылі падзякаваць ад нас, прадстаўнікоў малодшага пакалення, вернікам старэйшага ўзросту. І вось мы з сястрой у 2012 годзе, абмеркаваўшы гэта са сваімі знаёмымі, вырашылі падзякаваць будаўнікам. Тады мы зрабілі падзякі ў выглядзе значкоў усім тым, хто спрычыніўся да гэтай добрай справы.

А ўжо сама ідэя наконт кнігі ўзнікла пазней у сяброў касцельнага камітэта. Адзін з іх, ведаючы, што я напісала ўжо тры кнігі, сказаў мне, што нядрэнна было б мець такую кніжку і пра гісторыю адраджэння парафіі, і пра будаўніцтва храма ў Варапаеве. Вось так і з’явілася гэта выданне.

– Як паставіліся да такой ідэі былыя святары, парафіяне і будаўнікі?

– Мяне напачатку падтрымаў Пётр Корзан, наш былы парафіянін, які ў той гістарычны час адказваў за гэту будоўлю. Таму я патэлефанавала ў першую чаргу яму, паведаміўшы пра сваю ідэю. Ён адказаў, што гэта вельмі добрая справа. Дадаў яшчэ: калі вы гэтага не зробіце, то, магчыма, не зробіць ніхто. І наша добрая справа паступова забудзецца. Такія былі яго словы. Мяне таксама падтрымала старшыня касцельнага камітэта Раіса Казаровец.

Наша ідэя знайшла самую непасрэдную падтрымку ў пробашча парафіі кс. Ежы Вілька. Некалькі разоў на працягу таго часу, што я рыхтавала кнігу, ён пытаўся, калі яна будзе гатовая, ці ёсць у мяне якія цяжкасці. Мяне ўвесь час падтрымлівалі бацькі і сястра. Тата з мамай хваляваліся, каб я каго не забылася, каб усіх успомніла, каб каго-небудзь не пакрыўдзіла.

– Напрыканцы ХХ стагоддзя, ды і напачатку ХХІ, у Беларусі адбудавалі і пабудавалі шмат новых храмаў. На Вашу думку, ці варта іншым парафіям пераняць Ваш прыклад, каб гэтыя падзеі і імёны будаўнікоў засталіся ў гісторыі?

– Я лічу, што гэты прыклад патрэбны і варты пераймання. У мяне ўжо з’явілася такая ідэя наконт Пастаўскай парафіі. Бо я ў свой час таксама збірала матэрыял пра адраджэнне парафіі ў Паставах, да якой зараз належу, брала інтэрв’ю ў тых, хто адбудоўваў касцёл, хто змагаўся за тое, каб яго дазволілі аднавіць. Іх ужо няма, але трэба каб іх імёны абавязкова памяталі нашчадкі. Калі мы пра гэта не будзем памятаць, то мы застанёмся беспамятнымі манкуртамі, і нам, нашым дзецям і ўнукам, не будзе каму падзякаваць за адраджэнне веры.

***

Нам, у сваю чаргу, толькі застаецца падтрымаць ідэю Аліны Латыш і звярнуцца да прадстаўнікоў усіх парафій Віцебшчыны, каб занатоўвалі і запісвалі ўспаміны тых, хто захоўваў і адраджаў веру ў вашых парафіях. Бо мабільны тэлефон зараз мае кожны.

Магчыма, цяпер няма ў вас тых людзей, хто б ініцыяваў выданне гэтых сведчанняў, але калі яны будуць, то такія людзі абавязкова знойдуцца. Гэта і стане нашым пасланнем нашчадкам: захаваць веру нашых бацькоў і дзядоў.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку