Алесь Жлутка: мова звязвае нас з Богам

GlytkaЮНЕСКА 21 лютага абвясціла Міжнародным днём роднай мовы. І кожны год напярэданні гэтай даты філолагі, перакладчыкі, аматары зноў і зноў узнімаюць актуальныя і спрэчныя пытанні выкарыстання нацыянальнай мовы, у тым ліку і ў рэлігійным жыцці. Да гэтай дыскусіі далучаюцца і беларусы.

На думку Алеся Жлуткі, беларускага гісторыка і мовазнаўцы, які падзяліўся сваімі меркаваннямі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, родная мова ў той ці іншай ступені, але на ўсіх узроўнях сёння жыве ў бадай адзінай структуры ў Беларусі – Каталіцкім Касцёле. “Мне здаецца, тут абраны вельмі правільны накірунак: праз слова, праз мову – гэта той шлях, які вядзе да сэрца. Наша мова вяжа нас нават з моманту аб’яўлення Святога Духа, з моманту, калі апосталы пачалі размаўляць на розных мовах. Наша мова і з’яўляецца тым лучвом, які вяжа нас з Богам”, — лічыць навуковец.

Большае выкарыстанне нацыянальных моваў у мясцовых Касцёлах – такая парада з’явілася пасля ІІ Ватыканскага сабору. У Беларусі ўкараненне роднай мовы ў літургічным жыцці пачалося яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, але ў поўны ўжытак Касцёла яна ўвайшла амаль праз сто гадоў, пасля перакладу і зацвярджэння неабходных літургічных тэкстаў. Працэс гэты быў нялёгкім і няхуткім: перакладчыкі пачыналі амаль з нуля, абраўшы два галоўныя крытэрыі – беларускую літаратурную традыцыю і традыцыю каталіцкіх літургічных тэкстаў, растлумачыў Алесь Жлутка.

“У нас традыцыя склалася яшчэ з XV стагоддзя – у некаторых лістах нашых святароў, князёў вялікіх. У перыяд адраджэння, у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, гэта традыцыя ўвасобілася ўжо ў друкаваных выданнях, прызначаных для католікаў: катэхізмоўках, малітоўніках, газетах каталіцкіх. Была ўзята пад увагу гэта традыцыя. Безумоўна, паколькі мы належым да лацінскага абраду, была ўзята пад увагу традыцыя літургічных тэкстаў на лацінскай мове.

Па-другое, традыцыя ўзуальная: тое, як ужываліся тэрміны ў самім каталіцкім асяроддзі. Напрыклад, на маю думку, нельга ўжываць манастыр ці прасвірка ў Каталіцкім Касцёле, дзе ніколі не было такой традыцыі. Ёсць кляштар. Павінна захоўвацца нейкая ідэнтычнасць, якая характэрна для нашага абраду. Мне здаецца, што яднанне на ўзроўні духа – важней, чым на ўзроўні тэрміналогіі”, – сказаў Алесь Жлутка.

Між тым, палеміка наконт перакладу тэкстаў, якія ўжываюцца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, ідзе да гэтага часу. Як і калі ў Беларусі з’явіцца адзіны тэкст Бібліі на літаратурнай беларускай мове? Гэта – пакуль мара, бо краіна – адна з нешматлікіх у свеце, якая не мае такога перакладу. Шмалікія гады гаворка ідзе пра сумесны пераклад Святога Пісання ўсімі хрысціянскімі канфесіямі і для усіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, але ён да гэтага часу не здзейснены.

Прычынай гэтага перекладчыкі называюць у тым ліку і немагчымасць – па аб’ектыўных прычынах – дамовіцца аб адзінай тэрміналогіі. “Багацце мовы – у яе разнастайнасці. Мабыць, ласка Божая для Беларусі як раз у тым, што тут існуе тры плыні: рыма-каталіцкая, грэка-каталіцкая і праваслаўная. Мне здаецца, што гэта разнастайнасць – і ёсць еднасць народа. Гэта як птушка, якая ляціць на двух крылах.

Але калі казаць пра тэрміналогію, то у свой час, калі ішла размова пра пераклад Бібліі, які б падыходзіў і для праваслаўных, і для католікаў, я прапанаваў, што можна зрабіць супольны, так бы мовіць, “тэхнічны”, базавы пераклад, а пасля для кожнага абраду ўвесці сваю тэрміналогію. Магчыма, гэта быў бы выхад.

Калі браць літургію, напрыклад, грэка-католікаў, то ў іх іншы абрад і тэксты будуюцца па іншым прынцыпе, і іншыя тэксты ўвогуле. Таму мы не можам у гэтым сэнсе аб’яднацца адразу. Безумоўна, у гэтым накірунку трэба рухацца, выдаваць супольны пераклад, нейкае студыйнае выданне, а пасля праводзіць яго адаптацыю для кожнай канфесіі”, — лічыць мовазнаўца.

У любым выпадку, нацыянальная мова – гэта багацце народа, упэўнены Алесь Жлутка. Багацце, якое, на жаль, да гэтага часу не заўсёды ацэньваюць і захоўваюць. “Культура можа існаваць толькі ў тэкстах, у сэнсе непасрэдна тэкстаў і гіпертэкстаў, напрыклад, тэксту архітэктуры, якая мае свае нацыянальныя рысы, вырабы рамесныя, якія нясуць адбітак нашай ментальнасці, індывідуальнасці народа. А паразітаванне на чужой мове, культуры – гэта кепска нават у маральным сэнсе. Пераходзячы на чужую мову, як і ствараючы нешта на ёй, гэта небяспека і для той культуры.

Вось раней, не ведаю як зараз, было такое, што бацькі маглі вызваліць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы. Але мова – гэта не ўласны твор бацькоў ці дзяцей, а твор цэлых пакаленняў, продкаў гэтых дзяцей. Як ад гэтага можна адмовіцца? Таму за мову, яе адраджэнне і захаванне, адказны кожны!”, — сказаў гісторык.

Для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Міжнародны дзень роднай мовы, гэта не столькі магчымасць для дыскусій, колькі ўдзячнасць Богу за дар размаўляць з Ім па-беларуску.

для друку для друку