Алеі цвярозасці ў Мосары – 10 гадоў

Споўнілася роўна дзесяць гадоў як у парку, што пры касцёле Святой Ганны ў Мосары, была пасаджаная Алея цвярозасці.

З гэтай нагоды 7-8 кастрычніка ў Мосары сабраліся прадстаўнікі руху АА (Ананімных Алкаголікаў) з Мінска, Віцебска, Докшыц, Паставаў, Шаркаўшчыны і, вядома, Глыбоччыны.

Ініцыятарам стварэння гэтай Алеі быў ксёндз-пралат Юозас Булька, які шмат зрабіў для прапаганды здаровага ладу жыцця не толькі для сваіх парафіян, але без перабольшвання можна сказаць, што і да ўсёй Беларусі. Па яго ініцыятыве ў 2007 годзе тут сабраліся прадстаўнікі груп АА з розных мясцін Беларусі, і кожная група пасадзіла сваю туйку ў памяць аб гэтай сустрэчы. Так і ўзнікла гэта алея, якая атрымала назву Алея цвярозасці.  Тут жа былі пастаўлены шыльды з выказваннямі знакамітых людзей аб шкоднасці п’янства як для грамадства, так і для самога чалавека.

Сёлетняя сустрэча распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі ў Мосары ксёндз Марат Казлоўскі.

Пасля богаслужэння прысутныя ўшанавалі памяць ксяндза Юозаса Булькі, які памёр у 2010 годзе і пахаваны каля касцёла ў Мосары. Да магілы святара былі ўскладзеныя кветкі, запаленыя знічы, а таксама была прачытаная малітва за спачылага ксяндза.

Потым удзельнікі наведалі Алею цвярозасці, дзе параўналі цяперашнія дрэвы з тымі, якія яны былі дзесяць гадоў таму. Дрэвы значна выраслі за гэты час, вырасла і жаданне ў гэтых людзей і надалей захоўваць цвярозы лад жыцця.

Увечары 7 кастрычніка адбыўся Крыжовы шлях да Крыжа, што ўсталяваны на гары каля вёскі Мосар. Гэты Крыж лічыцца адным з самых высокіх у Беларусі і ўсталяваны яшчэ па ініцыятыве ксяндза Юозаса. Нават надвор’е падтрымала ўдзельнікаў гэтага шляху: калі падымаліся на гару, з-за хмараў выглянуў месяц, якога дагэтуль не было відаць. Ён асвятляў шлях вернікам, а пасля сканчэння шляху зноў схаваўся ў хмарах.

У нядзелю ўдзельнікі сустрэчы наведалі парафіяльны музей, які быў створаны яшчэ ксяндзом Юозасам Булькам, а пасля ў Глыбокім экскурсію па храмах правёў Юры Калбасіч.

Удзельнікі засталіся задаволеныя гэтай сустрэчай. Яны выказваюць таксама падзяку прадпрымальніку Варужану Бабаяну, які прадставіў начлег для ўдзельнікаў сустрэчы.

Ад імя ўдзельнікаў сустрэчы,
Віктар Дудкевіч

для друку для друку