Альжбета Сэтан — святая, якую не зламала адзінота

У літургічных календарах Касцёл кожнаму бласлаўлёнаму і святому дае характэрнае азначэнне: напрыклад, прэзбітар, папа, доктар Касцёла. Гэта кароткая рэкамендацыя акрэслівае стан, у якім чалавек дасягнуў сваятасці. Шукаючы чарговую постаць для артыкула, я са здзіўленнем пасля імені Альжбета Сэтан убачыў кароткае і лаканічнае слова: удава!

Альжбета нарадзілася ў горадзе, які сёння з’яўляецца сусветнай сталіцай бізнесу – у Нью-Ёрку, а гэта значыць, у краіне, якая сталася месцам спаўнення жыццёвых мараў і спадзяванняў не аднаго пакалення людзей. Альжбета прыйшла на свет у сям’і паважанага і досыць заможнага чалавека, дырэктара мясцовага шпіталя. Аднак яе дзяцінства было азмрочанае ранняй смерцю маці, і Альжбета стала сіратой, маючы толькі тры гады. Мачыха недалюблівала дзяўчынку, і Альжбета ў шаснаццаць гадоў пакінула бацькоўскі дом.

Выйшайшы замуж за заможнага купца, яна нарадзіла любімаму мужу пяцёра дзяцей. Але шчасце не было доўгім: муж захварэў на сухоты. Каб даць яму шанс паправіцца, Альжбета забірае яго ў Італію, дзе спрыяльны клімат аблягчаў пакуты чалавека. Праўда, нават гасцінная і цёплая Італія не стала паратункам для хворага, і ён памёр у мясцовым шпіталі.

Менавіта там, у Італіі, Альжбета адкрыла для сябе каталіцкую супольнасць і яе літургічныя абрады. Выхаваная ў пратэстанцкай пабожнай сям’і, яна заўсёды малілася і давярала сябе Богу. Але менавіта ў Італіі праз апеку добрых людзей жанчына па-іншаму паглядзела на каталіцкі Касцёл. Яна проста захапілася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і набажэнствамі да Маці Божай.

Ужо вярнуўшыся ў Амерыку, жанчына свядома прыняла каталіцкую веру. Гэта быў адважны крок: ён выключаў Альжбету з грамадства, якое ў сваёй большасці было пратэстанцкім. Ад яе адвярнуліся сябры і знаёмыя.

З часам Альжбета стала важнай постаццю для католікаў Злучаных Штатаў: заснавала першую каталіцкую школу і першую жаночую манаскую супольнасць. Ды і святой у ЗША Альжбета таксама стала першай. На кананізацыю ў 1975 годзе прыехалі не толькі католікі, але таксама прадстаўнікі ўраду і епіскапальнага касцёла, да якога калісьці належала жанчына.

Альжбета – асоба неймаверна цяжкага лёсу: ранняе сіроцтва, недахоп любові ў дзяцінстве, смерць мужа і ранняе ўдаўство, непрыняцце грамадствам за веру. А з іншага боку, жанчына вялікай любові Бога, Касцёла, жыцця, самой сябе, сям’і і іншых людзей.

а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку