- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Акунанне на Вадохрышча: рэлігійная традыцыя, забава ці забабон?

[1]19 студзеня ў Праваслаўнай Царкве адзначаецца свята Хросту Пана, якое ў народзе завецца таксама Вадохрышчам. Як ставіцца верніку да традыцыі акунання ў гэты дзень?

З года на год гэтая традыцыя становіцца ў Беларусі ўсё больш папулярнай. На Вадохрышча апошнім часам акунаюцца і праваслаўныя, і католікі, і аматары “экстрыму”, і тыя, хто такім чынам хоча загартаваць арганізм ад хваробаў.

У сувязі з гэтым праваслаўныя святары ўсё часцей сталі звяртаць увагу на небяспеку скажэння сапраўднага рэлігійнага значэння вялікага царкоўнага свята Хросту Пана.

Як паведаміў літаральна за некалькі дзён да Вадохрышча партал TUT.BY [2], сёлета ў Брэсце Царква нават адмовілася ад асвячэння традыцыйных купеляў — “ярданяў”.

Старшыня Місіянерскага аддзела Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы святар Павел Юрчэня на епархіяльным сайце Ekklisia.by [3] звяртае ўвагу на тое, што купанне на Вадохрышча не мае непасрэдных адносінаў да царкоўных звычаяў святкавання Хросту Пана, а з’яўляецца, хутчэй, часткай народных традыцый. На думку святара, для многіх людзей акунанне ў палонку — толькі “зімовая забава і выпрабаванне сваёй загартаванасці”.

[4]Фота hlybokaje.by

Разам з тым айцец Павел тлумачыць, што вытокі гэтага звычаю знаходзяцца ў традыцыі Ерузалемскай Царквы пад назваю “Хаджэнне на Ярдань”. Там у IV ст. з’явіўся звычай хадзіць на раку для асвячэння вады і акунання на ўспамін Хросту Пана. З часам гэты абрад быў запазычаны і прыжыўся ў іншых Цэрквах.

“Усё залежыць ад нашых адносінаў да гэтай традыцыі”, — лічыць праваслаўны святар.

Ён удакладняе, што Царква не забараняе акунання на свята Вадохрышча, калі чалавек здаровы і можа дазволіць сабе на хвалу Божую і на ўспамін Хросту Пана акунуцца ў сцюдзёную ваду.

[5]

Фота hlybokaje.by

“Разам з тым трэба разумець, што ў гэтым дзеянні няма месца для нецвярозых гулянак і розных забабонаў. Бо можна сустрэць меркаванне, што акунанне змывае грахі, ачышчае і аздараўляе чалавека на наступны год і г.д. Падобныя меркаванні супярэчаць царкоўнай свядомасці і пераварочваюць гістарычныя падставы гэтага звычаю на паганскія адносіны да яго”, — перасцерагае а. Павел Юрчэня.

[6]Праваслаўны святар а. Сергій Цвірко і кс. Казімір Жыліс падчас асвячэння вады на Вадохрышча на Юбілейным возеры ў Гродне. Фота ggau.by

Між тым у апошнія гады да праваслаўнай традыцыі акунання на Вадохрышча далучалася таксама нямала каталіцкіх вернікаў і нават духоўных асобаў [7]. У Гродне каталіцкі святар разам з праваслаўным удзельнічае ў асвячэнні хрышчэнскай купелі — “ярдані”.

Такім чынам, гэтая традыцыя мае і пазітыўны бок, бліжэй яднаючы ахрышчаных розных веравызнанняў — праваслаўных і католікаў.

А гэта — знак асаблівай Божай ласкі, бо канун Вадохрышча прыпадае акурат у першы дзень Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў [8].

[9]Кс. канонік Францішак Рудзь. Фота Віталія Палінеўскага

Як лічыць даўні прыхільнік акунання на Вадохрышча кс. канонік Францішак Рудзь, пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску, чым больш хрысціянаў дзякуючы гэтай традыцыі змогуць пераадолець у сабе пэўны бар’ер страху і недаверу, тым лягчэй ім будзе пераадольваць бар’еры [10], якія сёння падзяляюць вызнаўцаў Хрыста.

Catholic.by [11]