Акцыя “Мы разам” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшла ў Глыбокім (+відэа)

glybokaje_my_razam_04

Мерапрыемства арганізавала дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас” пры парафіі Святой Тройцы. 22 кастрычніка сабраліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі, апекуны, сацыяльныя работнікі як з Глыбокага, так і з усёй Віцебскай вобласці (Шаркаўшчына, Ушачы, Лепель, Паставы, Мёры, Браслаў, Луначарскае, Петрунова).

Па словах кіраўніка парафіяльнага “Карытас” у Глыбокім Генадзя Бервячонка, мэта акцыі – звярнуць увагу грамадства на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У нашай краіне прысутнічае яшчэ тэндэнцыя, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкіх часоў, калі інвалідаў хавалі ад грамадства, таму людзі іх не заўважаюць, і ў грамадстве прысутнічае некаторая абыякавасць да праблем гэтых людзей.

Распачалася акцыя ў касцёле Святой Тройцы. Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч. Прысутныя разам прачыталі малітву “Ойча наш” і рушылі ў гарадскі Дом культуры, дзе і прайшла асноўная частка праграмы.

glybokaje_my_razam_01

У круглым зале Дома культуры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі быў падрыхтаваны салодкі стол. Пасля таго, як госці падсілкаваліся, валанцёры “Карытас” распачалі забаўляльную праграму. Удзельнікаў чакалі гульні, конкурсы, танцы. А бацькі, апекуны, святары, сацыяльныя работнікі сабраліся ў гэты час на Круглы стол, дзе абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў нашым грамадстве, і шляхі іх вырашэння.

glybokaje_my_razam_16

Адметнасцю сёлетняй акцыі стала прысутнасць на ёй гасцей з Францыі. Яны патрапілі на мерапрыемства выпадкова, бо якраз у гэты час прывезлі гуманітарную дапамогу ад “Карытас” з Францыі для глыбоцкага Цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, тым не менш яны былі вельмі задаволеныя тым, што змаглі ў ім паўдзельнічаць.

Як адзначыў госць з Францыі П’ер Тупэн, яны вельмі ўзрушаныя цеплынёй, з якой іх сустрэлі, ім прыемна, што тая дапамога, якую яны прывезлі, будзе карысная для людзей з Беларусі. Гэта дапамога не будзе разавай, яны збіраюцца і надалей супрацоўнічаць з Беларуссю.

glybokaje_my_razam_14

Ксёндз Мікалай Ціхановіч звярнуў увагу на тое, што грамадства павінна больш уважліва ставіцца да праблем і патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бо інвалідам можа стаць кожны з нас. Ён адзначыў што нашы ўлады робяць пэўныя крокі ў гэтым накірунку, але не трэба спыняцца на дасягнутым.

Сацыяльныя педагогі звярнулі ўвагу прысутных на такую праблему як адсутнасць у пэўнай часткі грамадства разумення таго, што інваліды павінны быць інтэграваны ў грамадства. Часта настаўнікі і бацькі выступаюць супраць таго, каб здаровыя дзеці вучыліся разам з дзецьмі-інвалідамі. А гэта няправільна, бо такія дзеці павінны адчуваць сябе часткай грамадства. Такія кантакты карысныя і для здаровых дзяцей, бо яны вучацца ўспрымаць інвалідаў як частку грамадства, больш разумець іх патрэбы.

glybokaje_my_razam_21

Пасля абеда, які прайшоў у сталовай сярэдняй школы №2, удзельнікаў мерапрыемства чакаў канцэрт, які падрыхтавалі як супрацоўнікі аддзела культуры, так і самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, відэа

для друку для друку