Aкцыю «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» правялі ў гродзенскай парафіі

Aкцыя «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» прайшла ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл).

Збор накрывак быў прапанаваны сястрой Валерыяй, якая належыць да Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі. З кастрычніка мінулага года многія парафіяне разам з дзецьмі актыўна ўключыліся ў яго.

За гэты час было сабрана сем мяшкоў накрывак. Была праведзена вельмі старанная праца – сарціроўка, ачышчэнне ад этыкетак і смецця, бо завод па перапрацоўцы прымае толькі «чыстыя» накрыўкі. Потым яны былі перададзены на карысць праекту.

Арганізатары акцыі выказваюць удзячнасць усім, хто ўключыўся ў яе.

«Усё гэта рабілі сумесна для дабрачынных мэтаў, для добрай справы – гэты праект пакліканы аказваць дапамогу хворым дзецям і дарослым за кошт сродкаў, атрыманых ад продажу другаснай сыравіны (набыццё медыкаментаў, медінвентара і медабсталявання», — падкрэсліваюць арганізатары.

Збор накрывак пры парафіі працягваецца, удзельнічаць могуць усе жадаючыя, бо яшчэ многія маюць патрэбу ў дапамозе.

Праект «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі» рэалізуецца ў Беларусі ўпершыню і дае магчымасць абсалютна кожнаму чалавеку займацца дабрачыннасцю, якая не патрабуе фінансавых, матэрыяльных, часовых выдаткаў і душэўных сіл, а таксама дазваляе паляпшаць стан навакольнага асяроддзя праз збор розных відаў пластыку.

Гэты вопыт распаўсюджаны ў 42 краінах свету, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку