Айцы-сэрцане арганізавалі ў Паставах трохдзённую сустрэчу для міністрантаў (+відэа)

З 3 па 5 лістапада ў Паставах пры парафіі Святога Антонія Падуанскага праходзіла спатканне міністрантаў з парафій Віцебскай дыяцэзіі, якімі апякуюцца айцы-сэрцане. А гэта Варапаева, Шаркаўшчына, Стары Двор. Далучыліся да іх хлопцы з Камайскай парафіі, а таксама 10 маладых людзей прыехалі з Гродна разам з а. Эдуардам Сінкевічам SCJ.

37 юнакоў сабраліся разам, каб правесці гэты час восеньскіх канікул у радасці, адзінстве і супольнай малітве.

Падчас спаткання ўдзельнікі паглядзелі хрысціянскі фільм “Джонні” пра 10-гадовага хлопчыка-сірату, хворага на лейкемію. Яго доктар-анколаг вельмі ўражаны аптымізмам хлопчыка і, перш за ўсё, яго верай у Бога. Пасля прагляду фільма быў некаторы час, каб паразважаць над ім і над сваім жыццём.

Канечне, галоўным пунктам штодзённай праграмы была св. Імша. У суботу Эўхарыстыю цэлебраваў а. Эдуард, які запрасіў хлопцаў стаць бліжэй алтара і ўтварыць вялікае кола.

“Бог ёсць Любоў. Ён стварыў чалавека, каб гэтай любоўю дзяліцца. Усе мы розныя і кожнага з нас Бог любіць. Ён ведае ўсіх па імені і вядзе па жыцці, у якім нічога не бывае выпадковым. У кожнага свой шлях – пакліканне. І наша заданне – адкрыць гэтую жыццёвую дарогу.

Бог мяне любіць! – і гэта галоўная рэч у маім і тваім жыцці”, — падсумаваў святар.

Умацаваўшыся духоўным спажыткам, падсілкаваліся і цялеснай ежай. Пасля абеду адбыліся спаборніцтвы сярод парафіяльных каманд па міні-футболе. Выйгралі турнір гаспадары, другое месца — Гродна. Трэцяе і чацвертае месцы падзялілі каманды з Варапаева і Камаяў, пятымі сталі хлопцы з Шаркаўшчыны і Старога Двара.

Ужо вечарам, пасля футбольнага турніру, удзельнікі спаткання наведалі гарадскія могілкі, дзе адбылася малітва за памерлых і кожны запаліў лампадку і пакінуў на магілах.

У апошні дзень арганізатары падрыхтавалі прэзентацыю пра Караля Вайтылу, Святога Папу. Кс. Эдуард распавёў пра айца Дэона – заснавальніка ордэна сэрцанаў. Нядзельнай Эўхарыстыяй закончылася сустрэча, пасля якой на абедзе а. Чэслаў Куцмеж SCJ уручыў памятныя кубкі за прызавыя месцы ў сэрцанскім турніры па футболе імя Айца Дэона.

Міністранты раз’ехаліся па сваіх парафіях, каб дапамагаць святарам у служэнні пры алтары, але спадзяюцца, што гэта сустрэча была не апошняй.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку