- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Айцы-рэдэмптарысты правялі Святыя Місіі ў Браславе

sv-misii-u-braslave_4 [1]13 лістапада на святой Імшы а 11-й гадзіне адбылося заканчэнне Святых Місій. Ва ўрачыстай працэссі на мужчынскіх плячах быў занесены і пастаўлены крыж, як сімвал нашага збаўлення і памяці аб Святых Місіях.

Айцы-рэдэмптарысты на заканчэнне Місій горача заахвоцілі вернікаў палымнець жаданнем абвяшчэння Божага Валадарства ў штодзённасці.

Місіі – гэта не проста традыцыйныя рэкалекцыі, Місіі – гэта штосьці значна больш глыбокае, што дазволіла нам паглядзець на сваё жыццё з іншага боку. Гэта абвяшчэнне Божага Валадарства, валадарства прабачэння, любові і спакою, якое абвяшчаў сам Езус.

Місіі ў Браславе – гэта, перадусім, быў час даваць сведчанне. Айцы місіянеры штодзённа на простых жыццёвых прыкладах сведчылі пра тое, што Бог зрабіў у іх уласным жыцці. Расказвалі пра веру, надзею і любоў, якія выплываюць з толькі аднаго рашэння ў жыцці кожнага, што Езус з’яўляецца Панам іх жыцця.

На працягу васьмі дзён вернікі мелі магчымасць адшукаць і пазнаць нанова Бога, адкрыць Яго любоў і распазнаць Яго волю ва ўласным жыцці. Таксама гэта быў час аднаўлення адносінаў з людзьмі, з якімі жывём, працуем, якіх кахаем, а, магчыма, і не ўспрымаем. Сустрэчы для дзяцей, моладзі, сем’яў, пажылых і хворых людзей спрыялі ўсяму гэтаму.

Місіі – гэта час малітвы і святых сакрамантаў: асабліва пакаяння, Эўхарыстыі, а таксама намашчэння хворых. На працягу трох дзён ішла падрыхтоўка да святой Споведзі праз місійныя казанні, пакутнае набажэнства, дзе ксёндз пробашч, лежачы крыжом, перапрашаў за ўсе грахі парафіянаў. Вернікі ж перад Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце маглі зрабіць своеасаблівы рахунак сумлення. Людзі не хавалаі сваіх слёз, асабліва, калі кс. Станіслаў перапрашаў сваіх парафіян.

sv-misii-u-braslave_2 [2]

Незвычайнай падзеяй стаў Крыжовы шлях па вуліцах горада. Упершыню вернікі маглі такім чынам разам даць сведчанне веры ў Хрыста. Нягледзячы на марознае надвор’е і позні час, вялікая колькасць людзей малітвай, спевам, разважаннямі і папросту сваёй прысутнасцю сведчыла, што Езус – Валадар і Збаўца.

Адмысловым днём стала пятніца — дзень, прысвечаны сям’і. Прыкметным было тое, што шмат мужчын прыйшло ў святыню разам са сваімі жонкамі і дзеткамі, каб аднавіць сужэнскія абяцанні. Хочацца спадзявацца, што гэты дзень застанецца не толькі ў памяці, а адновіць і ўмацуе сем’і нашай парафіі.

Місіянеры імкнуліся данесці кожнаму простыя рэчы, запрашалі нас разважаць разам з імі над любоўю Бога да чалавека, над нашым збаўленнем, верай і навяртаннем, над нашым стаўленнем да іншага чалавека, уменнем прабачаць і заахвочвалі не трымаць зло ў сэрцы…

Каля падножжа Маці Божай Валадаркі азёраў сямейнай атмасферай напаўнялася вечаровае набажэнства – Марыйны заклік, калі вернікі мелі магчымасць скончыць дзень разважаннямі і малітвай у гонар Маці Божай.

sv-misii-u-braslave_3 [3]

Безумоўна, хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць айцам-рэдэмптарыстам, якія на працягу Місій з’ядналіся з парафіяй, а праз сваю малітву і тлумачэнне Божага Слова – наблізілі нас не толькі да Бога, але і да бліжняга.

Хочацца верыць, што Святыя Місіі сапраўды адновяць не толькі аблічча і рэлігійнае жыццё парафіі, але і кожна веруючага чалавека. “Што заспакояць сэрцы парафіян і дапамогуць усвядоміць, што Бог не толькі ведае імя кожнага чалавека, але і моцна яго кахае такім, які ён ёсць: стомленым, змучаным, з рознымі жыццёвымі клопатамі і перажываннямі. Мы толькі павінны аддаць сваё жыццё ў рукі Бога, ахвяраваць сябе Марыі…” – зазначыў айцец Валерый.

Варта падкрэсліць, што час Святых Місій не быў толькі часам эмацыянальнага ўздыму, але, перадусім, духоўнага.

Анжаліка Пілат, тэкст
Ірына Гайдамовіч, фота

waladarka.by [4]