Айцы-рэдэмптарысты аднавілі Святыя Місіі ў Лідзе

Трэцяя нядзеля Адвэнту для вернiкаў лідскай парафii Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Ліда-Індустрыяльны) пачалася аднаўленнем Святых Мiсiй, якiя правялi айцы-рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі з Вялікай Бераставіцы і Валерый Мазюк з Гродна (Дзевятоўка).

Аднаўленне Святых Мiсiй адбывалася на працягу чатырох дзён. Кожны з гэтых дзён быў асаблівым, таму што, як i год таму, так i ў гэтыя асаблiвыя днi рэнавацый, адчувалася ўпэўненасць, што праз вусны айцоў-місіянераў гаварыў Пан Езус.

У першы дзень святары звярнулiся да вернiкаў з пытаннем: «Што змянiлася ў тваiм жыццi, брат, сястра?» Адказ быў вiдавочным. Сваёй навукай, словам Божым, асабiстым досведам місіянеры пакiнулi вялiкi след у розумах, сэрцах кожнага з прысутных, нiхто не застаўся абыякавым, кожны атрымаў адказы на свае асабiстыя пытаннi, з якiмi прыходзiў у гэтыя днi на Імшу.  Таксама мiсiянеры дапамаглi зразумець, што нiколi не позна ўсё пачаць спачатку, што Пан Езус заўсёды нас чакае, Яго Вялiкая Любоў чакае кожнага з нас, Ён нiкога не параўноўвае, не асуджае. Езус прымае нас такiмi, якiмi мы ёсць! Вернiкамi парафii быў пачуты мiсiйны заклiк: Езус ёсць Любоў! Езус – мой Пан, толькі так і не інакш!

Вельмi важным i насычаным быў трэцi дзень аднаўлення Мiсiй, калi кожны мог вызвалiцца ад свайго граху, паяднацца з Езусам праз Святую Камунiю. Таксама гэты дзень быў прысвечаны сем’ям, калі пробашч парафіі ўдзяляў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам, якое сведчыла аб прысвячэннi сям’i Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса.

Кожны дзень аднаўлення Святых Мiсiй заканчваўся Марыйным заклiкам, падчас якога вернiкi сваёй малiтвай i спевам праслаўлялi Марыю, выказвалi павагу i пашану, дзякавалi за мацярынскую ласку i апеку.

Хутка праляцелi чатыры днi, скончылiся Святыя Мiсiі, айцы-мiсiянеры паехалi далей праслаўляць Езуса, пакiдаючы ў сэрцах агеньчыкi адноўленай веры i надзеi на тое, што яны перарастуць у вялiкае полымя любовi да нашага Айца Нябеснага.

В. Пiлiнка

для друку для друку