Гісторыя паклікання айца Яўгена Эйсманта SAC: “Я атрымаў ад Бога другі шанец”

Айцец-палатын Яўген Эйсмант SAC, што служыць у мінскай парафіі Св. Андрэя, апостала, і св. Леапольда Багдана Мандзіча, расказаў “Каталіцкаму Весніку” пра сваё пакліканне.

Нарадзіўся будучы святар 3 красавіка 1989 года ў Воранаве, у змешанай па веравызнанні сям’і: бацька – католік, а маці – праваслаўная.

Вось такімі ў раннім дзяцінстве былі першыя сустрэчы хлопчыка са святаром: “Мой дзядуля будаваў воранаўскі касцёл. І святар, які прыехаў тады працаваць у нашу парафію, ставіў сваю машыну ў двары дзядулі. Мне было дзесьці тры гады. Я ведаў, што ксёндз заўсёды мае нешта смачнае, таму чакаў яго каля брамы. Тады ён мне даў каробку цукерак “Мерсі”. Пасля такой першай сустрэчы я думаў, што святар – гэта той чалавек, які заўсёды раздае падарункі. Памятаю таксама дзень, калі мая сястра прыступала да Першай святой Камуніі. У каплічцы (касцёл тады толькі будаваўся) я расплакаўся, а ксёндз зноў прынёс цукеркі – і я супакоіўся”.

Айцец Яўген, колькі сябе памятае, заўсёды прыслугоўваў. Калі ён вучыўся ў пачатковых класах, у Воранаўскай парафіі было каля 80 міністрантаў. Кожны малодшы хлопчык меў у касцёле свой квадрат-плітку на падлозе, дзе заўсёды стаяў. Сярод старэйшых была чарга, каб трымаць патэну або падаваць ампулкі. Дысцыпліна была добрая.

Святар успамінае сваё наведванне касцёла ў школьныя гады: “Я часта хадзіў у касцёл. Толькі ў 8 класе заняткі праходзілі ў другую змену і на Імшу я не паспяваў. А раніцай не заўсёды хацелася ісці. Аднак з 9 па 11 клас я, можа, прапусціў толькі дзве-тры Імшы.

Актыўным было жыццё парафіяльнай моладзі: праводзіліся дыскатэкі, арганізоўваліся супольныя выезды, рэкалекцыі. Як толькі была вольная хвіліна, юнак адразу ішоў у касцёл.

Вялікае ўражанне ў школьныя гады на ксяндза аказала першае пасвячэнне беларуса-палатына ў Воранаве: “Калі я быў міністрантам, да нас прыехаў дыякан, якога пасвячалі ў святары. Я вельмі здзівіўся і задумаўся, што просты чалавек з той самай мясцовасці можа стаць ксяндзом. Зараз гэты святар – пробашч а. Станіслаў Вашкевіч SAC, з якім мы разам працуем”.

Часта, гледзячы на семінарыстаў, якія прыязджалі дамоў, юнак хацеў быць падобным да іх: служыць, апранаць сутану. Пасля школы ён прымае рашэнне стаць айцом-палатынам. Для бацькоў было складана прыняць выбар хлопца, асабліва маме, якая не зусім бачыла ў ім ксяндза і адгаворвала ад семінарыі.

Святар узгадвае: “Я хадзіў да рэпетытараў, хоць ведаў, што дарма. І ў той жа час без ведама бацькоў напісаў ліст-просьбу ў Польшчу і атрымаў адказ, што мяне прымаюць на пастулат у супольнасць палатынаў. Пісьмо я паклаў у Святое Пісанне. Калі ж прыйшоў дзень тэсціравання і трэба было на цягніку ехаць у Ліду, я праспаў. Тады  паказаў маці ліст з Польшчы і яна расплакалася, не прыняўшы майго рашэння. Але, забягаючы наперад, скажу, што яе стаўленне з часам змянілася”.

Знаходзячыся на другім курсе, юнак вырашыў, што пакіне навіцыят і назаўсёды вернецца дамоў: “Шмат часу трэба было прызначаць малітве, размове з Богам, медытацыі. Я не быў падрыхтаваны да гэтага. І зразумеў тады такую рэч: я хадзіў у касцёл – гэта было больш маёй звычкай. Я думаў, што служба Богу – гэта праца з людзьмі, гульня ў футбол з міністрантамі. Але тады, калі трэба было медытаваць, разважаць, праводзіць духоўныя чытанні, мне было складана. Я не чакаў, што так будзе, і па-іншаму ўсё ўяўляў. Таму на другім месяцы навіцыяту я вырашыў, што больш не змагу вучыцца. Але трымала тое, што бацькі не зразумеюць мяне. Я баяўся, таму вырашыў пачакаць”.

І вось у адзін з кастрычніцкіх дзён здарылася наступнае: “У чацвер не было заняткаў і трэба было пазбіраць грэцкія арэхі. Некаторыя трэба было стрэсці з дрэў. Я палез наверх і раптам зваліўся галавой уніз. Цела стала вялым, нерухомым. Я страціў прытомнасць. Як расказваюць іншыя, хлопцы пабеглі выклікаць хуткую дапамогу. Калі ж я расплюшчыў вочы, то не мог паварушыць аніводнай часткай цела. І тады я ўпершыню пачуў нечалавечы голас: “Толькі вер”. Я, знаходзячыся галавой у пяску, адказаў: “Веру”. І ўстаў. Такой была мая першая сустрэча з Богам. І там нарадзілася мая вера. Не ў дзяцінстве і не тады, калі я ішоў у семінарыю, а менавіта там”.

Калі а. Яўгена прывезлі ў лякарню, урачы не маглі паверыць, бо пасля такога здарэння ён павінен быў ляжаць, як расліна.

У той жа дзень святар зразумеў вельмі важную рэч: “Пасля лякарні я пайшоў, каб паляжаць у пакоі на чацвёртым паверсе. На першым жа знаходзілася капліца. І тады, не даходзячы адну прыступку наверх, падумаў: “Я атрымаў ад Бога другі шанец. Але не паверыў Богу. Я ў Бога паверыў, але Яму не паверыў”. Тады я стаў на калені. Так было першы раз у жыцці… Цяклі слёзы. Я вярнуўся ў капліцу, разумеючы, што прайшоў міма Бога, Які мяне ўратаваў. Так нарадзілася маё пакліканне… І калі ўзнікалі потым нейкія цяжкасці ў жыцці, я ішоў у капліцу і ўспамінаў гэты момант”.

За два дні да святарскага пасвячэння а. Яўген зразумеў, што не гатовы быць святаром: “Як я магу, ведаючы свае слабасці, узяць хлеб у рукі, каб ён перамяніўся ў Цела Хрыста? Я нягодны і недасканалы… Я спалохаўся. Пайшоў да духоўнага айца і сказаў, што не гатовы. Ён павінен быў патэлефанаваць дырэктару, бо там рыхтаваліся ўсе патрэбныя дакументы. Мы памаліліся, і ён сказаў, што патэлефануем разам пасля вячэры і скажам пра маё рашэнне. Я пайшоў на вуліцу і цэлы дзень хадзіў то да хлопцаў, то яшчэ куды. Паўсюль хадзіў. А перад вячэрай зайшоў у капліцу і зноў пачуў той самы нечалавечы голас”:

– Паглядзі на крыж… Што ты бачыш?

 –Езуса.

 – Гэта я. Бачыш на чым я?

– На крыжы.

– А ты ведаеш, з чаго зроблены крыж?

– З дрэва.

Голас працягваў: “Гэта дрэва, магчыма, было гнілым, а стала Святым Крыжам. Гэта не ты перамяняеш. Толькі Я перамяняю хлеб у Цела … Няма нічога дасканалага… І калі ты будзеш дакранацца Цела, то ў той момант ты сам будзеш перамяняцца. Так, як і гэтае дрэва… Калі ты будзеш дакранацца да Цела, Я буду цябе перамяняць”.

Пасля капліцы а. Яўген пабег да духоўнага айца, які заплакаў, калі пачуў расказанае. А першым казаннем святара падчас першай святой Імшы было менавіта гэтае сведчанне.

Пасля святарскага пасвячэння ў 2014 годзе айца накіравалі ў Мінск, дзе ён служыць і зараз.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку