Айцец Часлаў Курэчка ў Пагошчы: “Калі ваша вера моцная, Бог робіць для вас цуды” (+відэа)

У Нядзелю Божай Міласэрнасці, якую Каталіцкі Касцёл у гэтым годзе адзначыў 8 красавіка, у парафіі Божай Міласэрнасці ў Пагошчы, што ў Відзаўскім дэканаце, адзначылі адпустовы фэст.

На ўрачыстасць у храме сабраліся вернікі парафіі, а таксама госці з Браслава, Глыбокага і іншых навакольных парафій. Прыбылі таксама святары: айцец Часлаў Курэчка з Росіцы, ксёндз Вячаслаў Пялінак з Ідолты, айцец Анджэй Бочар з Далёкіх.

Святая Імша распачалася ў 14 гадзін з урачыстага ўваходу ў храм працэсіі міністрантаў і святароў. З прывітальным словам да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч. Ён падзякаваў святарам за прысутнасць і папрасіў айца Часлава ўзначаліць святую Імшу і прамовіць слова.

Урачыстасць сваім спевам упрыгожваў парафіяльны хор з Браслава пад кіраўніцтвам арганісткі Іны Сапун.

Ксёндз Вячаслаў прачытаў Евангелле, якое было прысвечана падзеям першай нядзелі пасля ўваскрасення Хрыста. Апостал Фама сказаў, што не паверыць ва Уваскрасенне Пана пакуль не ўкладзе ў яго раны пальцы. Езус прапаноўвае яму гэта зрабіць і кажа: “Ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчаслівыя тыя, якія не бачылі Мяне, а паверылі”.

У сваім слове да вернікаў айцец Часлаў звярнуў увагу на тое, што нам трэба кожны дзень працаваць над нашай верай. Імша – гэта сустрэча з Езусам Уваскрослым, таму трэба не прапускаць нагоды пабыць на гэтай сустрэчы. Нам трэба часцей углядацца ў Крыж, каб паразважаць над жыццём і мукай Пана. Бо зараз, у сучасным свеце, нам часта для гэтага не хапае часу. Калі не хапае часу, то можа трэба менш глядзець тэлевізар ці Інтэрнэт, бо ўсяго там не перагледзіш, а кожны дзень хоць нейкі час прысвяціць Збаўцу.

Айцец Часлаў прывёў прыклад веры росіцкіх мучанікаў, ксяндзоў Антонія і Юрыя, якія не здрадзілі сваім вернікам і пайшлі разам з імі ў агонь. Каб паразважаць над сваёй верай, над тым, што маем у сваіх сэрцах, святар запрасіў усіх у Росіцу на сустрэчу, якая пройдзе 10 мая.

Трэба пераадолець холад нашай веры, — адзначыў святар напрыканцы гаміліі, і кожны дзень працаваць над яе ўзмацненнем. Калі наша вера моцная, то Бог тады робіць у нашым жыцці цуды. Таму трэба паступаць так, каб наша жыццё было прыгожым спевам на хвалу ўваскрослага Езуса.

Трэба адзначыць, што алтар у храме быў вельмі прыгожа ўбраны. Вельмі незвычайна глядзеліся два пасхальныя яйкі, якія былі выкладзеныя з кветак. Толькі падышоўшы вельмі блізка, можна было пабачыць, што кветкі зробленыя з папяровых сурвэтак. Стварылі гэту прыгажосць парафіяне з Пагошчы. Кожнае яйка складалася з 450 кветак. Гэта трэба зрабіць было 900 кветачак, скруціць іх, пафарбаваць, сабраць да месца і аформіць. Але праца таго каштавала, усе любаваліся гэтай прыгажосцю.

На заканчэнні Імшы вернікі памаліліся Літаніяй да Божай Міласэрнасці і прайшлі эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Затым праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем” і айцец Часлаў блаславіў усіх Найсвяцейшым Сакрамантам, а хор з Браслава выканаў яшчэ некалькі прыгожых велікодных  спеваў.

Пасля Імшы святкаванне прадоўжылася за святочным сталом, куды ксёндз Славамір запрасіў усіх святароў і гасцей урачыстасці. Пробашч падзяліўся з намі, што на 15 ліпеня бягучага года запланавана намашчэнне алтара храма і асвячэнне крыжа ў цэнтры паселішча.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку