- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Айцец Андрэй Крот: “Варта арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі Цэркваў”

  [1]“Мяркую, не трэба абмяжоўваць нашае імкненне да адзінства адным тыднем, а арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі Цэркваў», — выказаў думку а. Андрэй Крот, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

«Мне здаецца, што Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян, на жаль, мала дапамагаюць імкненню да адзінства. Пра іх амаль не гаворыцца ў цэрквах нашага горада, няма адмысловых набажэнстваў у храмах, а малітва ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя – гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Думаю, так адбываецца таму, што нам пакуль утульна жыць у сваіх “канфесійных кватэрах”, а іншых хрысціян часта разглядаем як канкурэнтаў альбо нават ворагаў», — адзначыў святар.

«Мяркую, не трэба абмяжоўваць нашае імкненне да адзінства адным тыднем, а арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі Цэркваў. На іх можна было б абмяркоўваць, у першую чаргу, пытанні сумеснага служэння ў грамадстве, магчыма, і пэўныя балючыя аспекты веравучэння і гісторыі. Некалькі гадоў таму мой сябра з Адэсы распавядаў, што ў іх горадзе існуе Савет хрысціян, які аб’ядноўвае афіцыйных прадстаўнікоў Цэркваў. Думаю, падобны “орган” у Гродне быў бы вельмі патрэбны», — сказаў а. Андрэй Крот.

Кажучы пра тэму сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці – «Прымірэнне – любоў Хрыста ахапіла нас», – святар адзначыў: «Лічу вельмі важным, што мы звяртаем асаблівую ўвагу на любоў. Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках часта сутыкаюся са скептычным, а нават і варожым стаўленнем да хрысціянства. Асноўны закід, які робяць людзі ў наш бок – гэта нязгоднасць жыцця вернікаў розных канфесій з іх рэлігійнымі перакананнямі».

«Адсутнасць любові, канкурэнцыя ці варожасць паміж наступнікамі Хрыста – гэта, я б сказаў, “фундаментальная” неадпаведнасць Евангеллю, — падкрэсліў грэка-каталіцкі душпастыр. — Калі ў нас няма любові да брата, дык што ж казаць пра любоў да няверуючага, ворага, праследавацеля?»

Па словах святара, «варта звярнуць увагу і на іншы аспект сёлетняга дэвізу: брат ці сястра з іншай Царквы – гэта не “ерэтык” ці “раскольнік”, якога я павінен “збавіць” у сваёй Царкве»; «яны таксама ахоплены любоўю Хрыста і з’яўляюцца дзецьмі Божымі», «сваёй традыцыяй бліжні можа ўзбагаціць маю веру і, адпаведна, адносіны з Усявышнім».

grodnensis.by [2]