Айцец Анджэй Ядкоўскі: “Я ў Ліване адчуваў сябе больш бяспечна, чым у сённяшняй Еўропе!”

Айцец-рэдэмптарыст Анджэй Ядкоўскі нядаўна наведаў Ліван, дзе пабыў у мясцінах, звязаных са святым Шарбелем. Мы сустрэліся з айцом Анджэем у Ваўкалаце, дзе ён разам з айцом Валерыем Мазюком праводзіў Святыя Місіі, каб паразмаўляць пра яго пілігрымку ў Ліван.

– Шмат хто, у тым ліку і я, лічыў Ліван арабскай краінай, дзе жывуць адны мусульмане. Адкуль там узяліся хрысціянскія святыя?

– Гэта не зусім так. Зараз у Ліване жыве 40% хрысціян, а да Першай сусветнай вайны іх было 90%. На жаль, цяпер іх працэнт зменшыўся, але тым не менш Ліван у пэўнай ступені можна лічыць краінай хрысціянскай.

– Скажыце, калі ласка, а чаму Вы вырашылі паехаць у Ліван?

– Я чуў і раней пра святога Шарбеля. І чуў таксама пра тыя цуды, праз якія і сёння Бог дзейнічае. Таму і захацелася пабыць у гэтым святым месцы. Мне было вядома, што Ліван – гэта тая тэрыторыя, дзе хадзіў сам Пан Езус. Таксама ў адным з ліванскіх гарадоў адбылося першае спатканне святых Пятра і Паўла. На месцы іх сустрэчы зараз стаіць сабор Грэцкай Праваслаўнай Царквы.

Таму мне заўсёды хацелася паехаць туды, хоць мяне і адгаворвалі. Мне казалі, што там вайна, што там небяспечна, але мне ўсё адно хацелася. І Бог дзейнічае так, што я паехаў з групай як духоўны айцец, як святар. Вось так Бог пакіраваў, што я там змог быць.

– У чым адметнасць святога Шарбеля для Каталіцкага Касцёла?

– Святы Шарбель адметны перш за ўсё тым, што ён прысвяціў сваё жыццё Богу. Ён быў святаром мараніцкім. Мараніцкі касцёл – гэта касцёл, які заўсёды быў у лучнасці з Рыма-Каталіцкім Касцёлам, ніколі ад яго не адыходзіў, ён толькі мае сваю візантыйскую літургію. І вось гэты мараніцкі святар, манах, ужо ад дзяцінства хацеў служыць Богу. Ён выхоўваўся ў пабожнай сям’і, якая была беднай, бо гэтыя людзі жылі ў гарах. Яго бацькі былі моцнай веры, і ён, гледзячы на бацькоў, на іх пабожнасць, захацеў быць манахам. І калі ён падрос, то пайшоў у кляштар маранітаў у горадзе Аная. Гэты горад знаходзіцца ў гарах, і Шарбель пайшоў у горны кляштар. Але ён хацеў наогул адасобіцца ад гэтага свету, ён хацеў жыць у пустыні, каб аднаму аддавацца малітве і працы.

Такая пустыня была недзе за два кіламетры ад кляштара, і ён больш за дваццаць гадоў пражыў у ёй, дзе разам з іншымі манахамі-пустэльнікамі маліўся і працаваў.

Спаў толькі чатыры гадзіны, і яму гэтага хапала. Еў толькі садавіну і гародніну, не еў мяса. Не таму, што лічыў мяса кепскім, ён проста жыў у такой своеасаблівай пакуце, каб усё аддаць Богу. І еў толькі адзін раз у суткі.

Звычайны чалавек ужо б, напэўна, памёр бы ад такіх умоваў, а ён мала еў, шмат працаваў і шмат маліўся. Асаблівай любоўю ў Шарбеля карысталася Марыя. Усё сваё жыццё ён прысвяціў, каб служыць Богу і людзям. У тым сэнсе, што ён маліўся за людзей.

Яго позірк заўсёды быў скіраваны ўніз, на зямлю, як яго і паказваюць на выявах, каб яму нішто не перашкаджала быць з Богам. Шмат кансэкраваных асобаў так жыве, але Бог яго выбраў сярод іншых за тое, што ён адказаў Богу на Яго пакліканне.

У той жа час Шарбель быў вельмі простым чалавекам. Яго святасць – гэта ва ўсім давяраць Богу і быць простым у сваёй штодзённасці. Вось такім быў святы Шарбель. І калі ён памёр, то яго пахавалі як звычайнага манаха, разам з іншымі братамі. І людзі, што жылі непадалёк, ноччу бачылі над яго магілай своеасаблівае святло. Святло, што выпраменьвалася ўгору ад яго магілы. Манахі гэтага не бачылі, бо кляштар знаходзіўся з іншага боку. А простыя людзі ўбачылі і спыталі ў братоў, што ў вас там дзеецца?

Вернікі разумелі, што Шарбель быў незвычайным чалавекам, што падабаўся Богу, і яны пачалі прыходзіць маліцца да яго. Потым манахі заўважылі, што з яго цела выцякае вадкасць – кроў і вада. І калі цела Шарбеля пераносілі ў іншую магілу, то заўважылі, што хоць і прайшло даволі шмат часу, яно не было знішчанае. Як у жывога чалавека, была мяккая скура. Проста, як чалавек нібыта спіць…

І сталі здарацца цуды: калі хтосьці прыходзіў, дакранаўся да магілы, то атрымліваў аздараўленне. Такіх выпадкаў штораз станавілася болей, таму і быў распачаты працэс беатыфікацыі.

– Я чытаў, што і цяпер з цела Шарбеля выцякае вадкасць, як Вы кажаце, плын. Гэта сапраўды так?

– Беатыфікацыя адбылася ў 1965 годзе, і да гэтага часу з цела Шарбеля выцякаў плын. Але пасля гэтага ён перастаў цячы. Часам бывае, што гіды, якія суправаджаюць пілігрымаў або проста праводзяць экскурсіі, кажуць людзям няпраўду: маўляў, ён і зараз выцякае. Але насамрэч ад 1965 года нічога не выцякае.

– Тым не менш людзі туды едуць?

– У Анаю вельмі шмат людзей прыязджае. Уявіце сабе, сама дзяржава Ліван мае чатыры мільёны жыхароў, а за год да святога Шарбеля прыязджае больш за чатыры мільёны пілігрымаў. Гэта вельмі шмат!

І кожны 22-і дзень месяца туды прыязджае шмат пілігрымаў, ідзе працэсія з таго месца, дзе святы Шарбель жыў у пустыні, да касцёла, туды, дзе ён пахаваны. Мы таксама ўдзельнічалі ў такой працэсіі, было там некалькі тысяч вернікаў. І што цікава, відаць, што гэта шчырая малітва. Ніхто там не размаўляе падчас працэсіі, толькі шчыра моляцца. Нават дзеткі малыя. Калі я ішоў у працэсіі, то бачыў, якія яны спакойныя, радасныя.

У нас, бывае, штурхне хто каго ў працэсіі, дык чалавек так са злосцю гляне… А там усміхнецца табе, такія адкрытыя людзі, моляцца, спяваюць…

У мараніцкай літургіі вельмі шмат спеваў, гэта сапраўды надзвычай прыгожа! Шмат, вельмі шмат людзей! Я бачыў многа маладых мужчын, дзяўчат, яны вельмі шчыра маліліся.

– А як да гэтага ставіцца мусульманскае насельніцтва?

– Мусульман таксама шмат прыходзіць. Не ўсе, вядома. Але прыходзяць, каб пабыць у гэтым святым месцы.  Бо шмат хто з іх таксама лічыць Шарбеля святым.

Трэба адзначыць, што вакол Анаі жывуць хрысціяне, вёскі, гарады там усе хрысціянскія, там ля дарог шмат крыжоў стаіць, фігур святога Шарбеля. І здалёк бачна, як едзеш па аўтастрадзе (а яна там адна): стаіць вялікая фігура Езуса Адкупіцеля, там Маці Божая, высокія фігуры па некалькі метраў!

– Чаму хрысціяне з мусульманамі колькі стагоддзяў мірна жылі, а зараз між імі пастаянныя канфлікты?

– Яны не жылі так ужо мірна, бо заўсёды паміж імі нейкія канфлікты здараліся. Але сённяшні свет – свет медыйны, усё гэта востра адчуваецца… А яшчэ, на маю думку, сучасныя хрысціяне больш сталі пераследавацца, бо д’ябал узмацніў свой уплыў на людзей Хрыста, паколькі разумее, што яго час сканчаецца на гэтай зямлі. І таму ён рознымі спосабамі стараецца нішчыць людзей, якія вераць у Хрыста.

На Вашу думку, варта простым вернікам наведаць Ліван?

– Вядома, трэба! Я вярнуўся з гэтай пілігрымкі пад вялікім уражаннем. Адтуль паходзіць шмат святых: гэта і святы Шарбель, і святая Рафка, што апякуецца анкалагічнымі хворымі. Да яе прыязджае і моліцца таксама шмат людзей. Таксама і іншыя святыя, што паходзяць з гэтых мясцін. Але апроч святых, гэта таксама землі, дзе хадзіў Сам Пан Езус, дзе Маці Божая Яго чакала, дзе сустрэліся святы Пётр са святым Паўлам. Таму гэта шанец пахадзіць па тых землях, дзе хадзіў Езус Хрыстус. Варта ехаць! Варта!

Шмат хто баіцца, што там вайна, што там небяспечна. Вядома, я там бачыў і войска, і блок-пасты на выездах з гарадоў. Але я там адчуваў сябе больш бяспечна, чым у сённяшняй Еўропе з яе тэрарызмам. А там мне было спакойна, якойсьці небяспекі я не адчуваў. Мы спакойна маглі маліцца, мы адчувалі сябе хрысціянамі, не баючыся пацярпець за гэта. Таму я раю тым, хто мае такую магчымасць, з’ездзіць туды, каб пабыць там.

– А ёсць якія візавыя праблемы?

– Тут ёсць нюансы. Бо калі паехаць найперш у Ліван, то ў Ізраіль потым пусцяць. Пакруцяць носам, але пусцяць. Але калі вы перш паедзеце ў Ізраіль, а потым у Ліван, то вас туды не пусцяць.

Хаця зараз Ізраіль пячаткі ў пашпарты не ставіць: яны даюць уязную асобную картку, а потым выязную. Таму галоўнае – самому не прагаварыцца, што быў у Ізраілі.

– Што дае верніку такая пілігрымка?

– Чалавек праз наведванне святых месцаў, дзе жылі святыя, дзе знаходзяцца іх санктуарыі, задумваецца над сваім жыццём, пераасэнсоўвае свае каштоўнасці і вяртаецца адтуль узбагачаным духоўна. Я магу меркаваць па сабе і па тых людзях, якіх там бачыў.

Толькі са святым Шарбелем звязана звыш дваццаці тысяч задакументаваных цудаў. Людзі вераць, моляцца, прыязджаюць сюды і праз яго заступніцтва ад Бога атрымліваюць аздараўленне душы і цела. Таму варта наведваць кожнае святое месца: і тыя, што побач, і тыя, што далёка. Гэта ўсім раю.

– Якое адчуванне было ў Вас, калі Вы ішлі па тых мясцінах, дзе дзве тысячы гадоў хадзіў Сам Пан Езус?

– Па-першае, адчуваецца такая ўзнёсласць!.. Таму, што тут хадзіў Хрыстус, Маці Божая Яго тут чакала, што тут была Іх сустрэча, што тут хадзілі святыя. Узнёсласць, радасць і яшчэ большы давер да Бога! Праз тое, што Ён знаходзіцца на гэтай святой зямлі. І я бачыў, як гэта іншыя людзі перажываюць.

Таму яшчэ раз усіх заклікаю наведаць біблейскія мясціны, бо ў наш час зрабіць гэта не так ужо і складана.

Гутарылі Зміцер Лупач і Леанід Юрык
Фота а. Анджэй Ядкоўскі

для друку для друку