Агрэсія. Што ды як?

“Мы жывём не кепска, мы жывем не блага,
На твары ўсмешка, сякера пад лавай”.
N.R.M.

Працягнем тэму гневу гаворкай пра агрэсію. Як мы звычайна заўважаем агрэсію? Па паводзінах, па словах, міміцы, рухах. Чалавек можа крычаць ці пагрозліва выціскаць з сябе словы, размахваць рукамі ці сціскаць кулакі, нахмурваць бровы ці глядзець з-пад ілба. Такія знакі прымушаюць насцярожыцца, напружыцца, магчыма, спалохацца ці сканцэнтравацца для вырашэння праблемы. Чужая агрэсія можа выклікаць гнеў ці пачуццё віны, мы можам абараняцца, апраўдвацца ці нападаць у адказ.

Агрэсію падзяляюць на вербальную (праз словы) ці фізічную (удар, штуршок і г.д.). Што рабіць у такіх сітуацыях, больш-менш зразумела. Ёсць магчымасць і жаданне дамовіцца? Намагаемся супакоіць сябе і суразмоўцу, высветліць прычыну вірлівай рэакцыі і прадумаць спосаб вырашэння канфлікту. Не маем намеру захоўваць стасункі, не можам супакоіць суразмоўцу ці проста сітуацыя становіцца небяспечнай – лепш абараніць сябе, сысці ці нават збегчы.

Больш складана разабрацца, калі сутыкаемся з пасіўнай агрэсіяй, схаванай за пытаннямі, клопатам, перасцярогай, жартамі, сваімі прыкладамі, успамінамі былых крыўдаў, намёкамі і г.д. Пасіўная агрэсія небяспечная тым, што не мае выразных сігналаў, якія б маглі даць штуршок для аналізу праблемы ці абароны сябе. Псіхалагічна нам становіцца горш, настрой падае, трывога і раздражненне растуць, адносіны псуюцца. Чалавек цьмяна падазрае: штосьці ў размове не так, але не распазнае агрэсію, хутчэй, адчувае віну, што чагосьці не дароблівае, не прымае клопат і апеку.

Якім жа чынам распазнаць пасіўную агрэсію? Калі вам знаёмыя наступныя сітуацыі, то вы дакладна з ёй сустракаліся.

  • Вы пераядаеце, калі знаходзіцеся ў гасцях, бо гаспадары “пакрыўдзяцца”, калі не з’ясце ўсё, што яны, не пытаючыся, кладуць на вашую талерку.
  • Вы прыязджаеце на сямейныя “пасядзелкі” без аніякага жадання, бо ў адваротным выпадку родныя будуць бясконца пытацца, ці не пакрыўдзілі вас чым.
  • Вы ніколі не сварыцеся з братам ці сястрой пры маці, бо ў яе забаліць сэрца.
  • Вас ні пра што не прасілі, але вы чуеце расчараванае “ой, а я думала, ты гэта зробіш…”
  • Вам кажуць: “Калі б у мяне былі твае магчымасці, я б ужо..!” ці “У тваім узросце я ўжо працаваў!”
  • Вам даносяць заклапочана: “Ты, вядома, не крыўдуй, я табе толькі добрага жадаю, але ты так распаўнела!”
  • Вы чуеце ўздых: “Нікому я не патрэбна!”
  • Вам кажуць строга і ўпэўнена: “Мама дрэннага не параіць” ці “Будуць свае дзеці – зразумееш”
  • Уздыхаючы: “Што ж вы без дзяцей усё? Ты не можаш ці муж?”
  • З абурэннем: “А што, самому незразумела, чаму крыўджуся?!”
  • На вашыя словы цмокаюць, крывяць вусны, закатваюць вочы і г.д.

Спіс яшчэ можна працягваць, рабіць яго доўгім і разнастайным. Аб’ядноўвае ўсе гэтыя пункты маніпуляцыя. Вы не атрымліваеце прамых зразумелых просьбаў і пасланняў, але адчуваеце, што вамі не задаволеныя, што ад вас чакаюць большага, што вы ўвесь час нечым абавязаныя, і гэта прыводзіць да хранічнага пачуцця віны.

Адзін з відаў агрэсіі – маўчанне, ігнараванне ці байкот. Мала хто над гэтым задумваецца, але тыя, каго каралі маўчаннем у дзяцінстве, узгадваюць падобны метад як самы цяжкі. Дзецям невыносна цярпець ігнараванне бацькамі, яны пакутуюць ад адкідання, не ведаюць, як сябе паводзіць, баяцца прасіць прабачэння, увесь час знаходзяцца ў моцным напружанні. Не рэагаваць на просьбы, словы, заўвагі – гэта прыкмета пасіўнай агрэсіі. Не адказваць на пытанні, паведамленні, запрашэнні – гэта спосаб сказаць: “ты не важны для мяне.” Ну і класічны спосаб: пакрыўдзіцца і не размаўляць, прымушаючы здагадвацца пра прычыны крыўды.

Важна распазнаваць не толькі адкрытую агрэсію, але і маніпуляцыі, каб разумець, што адбываецца ў дадзены момант у стасунках і мець магчымасць адрэагаваць і прыпыніць напад. Гэта будзе карысна і для вас, і для таго, хто агрэсіўна настаўлены супраць вас, бо часцей за ўсё (хоць і незаўжды) людзі маніпулююць несвядома, самі не разумеючы, што і чаму адчуваюць. Такім чынам, распазнаць любыя віды агрэсіі – гэта магчымасць аздаравіць адносіны, быць больш шчырымі і адкрытымі адно да аднаго.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку