Адзін з параненых у Стоўбцах школьнікаў – католік, у парафіі моляцца аб ахвярах трагедыі

Хлопец спрабаваў заступіцца за настаўніцу, на якую напаў з нажом падлетак.

У рыма-каталіцкай парафіі Святога Казіміра ў Стоўбцах 11 лютага маліліся аб ахвярах трагедыі, якая здарылася ў мясцовай школе. Аналагічная малітва адбудзецца ўранку 12 лютага па ініцыятыве пробашча Ігара Лашука. Як паведаміў Katolik.life святар, адзін з параненых школьнікаў — яго парафіянін.

Ранкам 11 лютага ў Стоўбцах Мінскай вобласці здарылася двайное забойства. 15-гадовы падлетак прыйшоў у школу і ўдарыў нажом 50-гадовую настаўніцу. За яе паспрабавалі заступіцца два аднакласнікі падлетка, але той параніў і іх. Жанчына памерла на месцы здарэння, а дзеці апынулся ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Таксама школьнік зайшоў у іншы клас, дзе параніў 17-гадовага адзінаццацікласніка – той сканаў на месцы здарэння. Забойца збег, але хутка яго знайшлі і затрымалі. Аб матывах страшнага ўчынку падлетка пакуль нічога не паведамляецца.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам з нагоды стаўбцоўскай трагедыі. Ён задаецца пытаннем: на якіх асноватворных прынцыпах выхоўваецца сёння моладзь.

Найбольшы ўплыў на яе маюць не сям’я і школа, а Інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі: “Што там бачаць дзеці? Найчасцей гвалт, забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця”, – канстатуе іерарх.

Без падмурку нельга збудаваць дома, нагадвае Мітрапаліт. Такая будова падобна да дома, збудаванага на пяску, які змыюць патокі вады і разбураць вятры, як кажа Хрыстус. Без духоўнага падмурку няма будучыні. У такой складанай сітуацыі мы павінны задацца пытаннем: “Quo vadis, Belarus? – Куды ідзеш, Беларусь?”

Katolik.life

для друку для друку