Адышоў у вечнасць кс. Уладзіслаў Мрувка, які раней нёс служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі

кс. Уладзіслаў Мрувка

Курыя дыяцэзіі ў Тарнаве (Польшча) паведаміла, што 24 лютага 2020 г. памёр кс. Уладзіслаў Мрувка, святар гэтай жа дыяцэзіі.

Кс. Уладзіслаў нарадзіўся 24 мая 1944 г. у Альшане ў сям’і Яна і Разаліі з дому Гэймей. Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Тарнаве і 30 мая 1971 г. прыняў пасвячэнні прэзбітэрату. Працаваў у розных парафіях дыяцэзіі, а ад 1996 года да 1998 г. быў выкладчыкам у духоўнай семінарыі ў Жытомірскай дыяцэзіі ва Украіне.

Кс. Уладзіслаў Мрувка з 2008 па 2012 год працаваў у Віцебскай дыяцэзіі. Быў катэхетычным візітатарам і выконваў абавязкі вікарыя ў парафіях Святой Тройцы ў Глыбокім, св. Антонія Падуанскага ў Паставах і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах.

Пахаванне кс. Уладзіслава адбудзецца 27 лютага ў мясцовасці Чарны Паток ў Польшчы.

Давяраем асобу кс. Уладзіслава Божай Міласэрнасці. Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Курыя Віцебскай дыяцэзіі

для друку для друку