Адышоў да Пана кс. пралат Міраслаў Скачыляс

Курыя Віцебскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 28 мая ва ўзросце 63 год адышоў да Пана кс. пралат Міраслаў Скачыляс, святар Влацлаўскай дыяцэзіі (Польшча), які доўгі час працаваў у Віцебскай дыяцэзіі на розных адказных пасадах.

Пахавальныя набажэнствы пройдуць 31 мая ў пятніцу ў парафіяльным касцёле ў Русаціцах у Польшчы. Пахавальная св. Імша пачнецца ў 12.00.

Кс. Міраслаў Скачыляс распачаў сваю працу ў Віцебскай дыяцэзіі ў 2000 годзе і выконваў сваё служэнне на Віцебшчыне да 2010 года. За гэты час працаваў дэканам Віцебскага Паўднёвага Дэканату, пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, быў вікарыем генеральным Віцебскай дыяцэзіі, уваходзіў у склад Калегіі Кансультантаў і Святарскай Рады Віцебскай дыяцэзіі, уваходзіў у склад Катэдральнай Капітулы Віцебскай дыяцэзіі. Шмат намаганняў прыклаў да адбудовы касцёла ва Ушачах і будовы катэдры Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Давяраем святой памяці кс. пралата Міраслава Скачыляса Божай Міласэрнасці. Няхай Добры Бог адудзячыць яго вечным шчасцем у Нябесным Валадарстве.

Кс. Віктар Місевіч
Канцлер Курыі

для друку для друку