Адышла да Пана сястра Эдварда Мароз SJE

21 лістапада адбылося пахаванне сястры эўхарысткі на могілках у Друі.

С. Эдварда Мароз нарадзілася 8 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Крыцэвічы Мёрскага раёну. Хрост прыняла ў снежні таго ж году ў Друі, бежмаванне ў 1938 годзе ў Ідолце. Скончыла 4 класы пачатковай школы. У с. Эдварды мама памерла, калі яна мела 10 год. Але ў сям’і быў прыклад сапраўднай любові бліжняга… І пазней Эдварда паехала на Урал (трэба было нібы дабравольна), хоць гэта было рашэнне яе старэйшай сястры. Там спазнала цяжкую фізічную працу пры будове чыгункі.

Да закону прыйшла ў 1958 годзе ў Ідолце. У красавіку наступнага году была прынятая да навіцыяту. Першыя законныя шлюбы склала 13 лістапада 1960 году ў Ідолце. Ад 1958 году працавала ў Ідолце, як закрыстыянка, а таксама дапамагала ў хатніх працах.

Ад 1959 года на працягу 20 гадоў — працавала ў саўгасе. Была гэта вельмі цяжкая праца, а тым больш, што з яе немагчыма было жыць. І хоць с. Эдварду паважалі за яе добрасумленнае выкананне абавязкаў, але вельмі дакучалі кожны раз за імкненне быць на Св. Імшы.

Аднак што датычыць с. Эдварды ў адносінах да людзей, яна была вельмі адкрытая, вельмі блізкая, свая, ніколі не была абыякавая. У 2001 годзе прыехала ў Слабодку, дзе дапамагала ў хатніх працах. А ў 2005 годзе яе пляцоўкай стала Друя.

С. Эдварда з дзяцінства любіла малітву. Але апошнія гады жыцця, калі цела не магло фізічна працаваць так, як раней, гэты дух малітвы нібыта праявіўся знешне.

Сёстры ў Друі ў сваіх большых, ці меншых патрэбах звярталіся да с. Эдварды з просьбай аб малітве. І гэтая малітва прыносіла плён… Аказваецца яна малілася столькі, колькі ёсць часу ў сутках, акрамя сну і ежы (як сведчаць сёстры з супольнасці). Памятала ў сваіх малітвах усіх, хто імкнуўся ісці за Божым заклікам: дзяцей, моладзь, а асабліва клерыкаў, святароў, сясцёр і прасіла аб ласцы вытрымкі ў пакліканні.

Сястра Эдварда жыла ў тыя часы, калі святароў забіралі ў турмы, а людзі былі пазбаўленыя іх паслугі. Яна належала да тых, хто жыве верай, што святары, выбраныя Езусам, выконваюць Яго місію. Адзначалася вялікай павагай і ўдзячнасцю святарам.

“Святая Імша – як галоўны момант дня” —для сястры Эдзі гэта не проста словы, гэта рэальнасць, якою жыла. Як жа цяжка, калі ногі ўжо слабыя, боль… і ўжо няма сілы дайсці да касцёла. А якая радасць з’явілася, калі Святая Імша транслявалася праз Інтэрнэт.

У ноч з 19 на 20 лістапада 2018 году сястра Эдварда Мароз адышла да Пана.

Пакінула нам прыклад адданага Богу жыцця і тугу ў сэрцы па сваёй шчырай добразычлівай прысутнасці і ўсмешцы.

eucharystki.wordpress.com

для друку для друку