Адвэнт і Новы год

Надышоў Новы год… Мяркуеце, памылка? Так, да чарговага каляндарнага года чакаць яшчэ месяц, аднак у нас, католікаў, ён ужо наступіў. Перыяд Адвэнту распачаў у Касцёле Новы Літургічны год.

Прызнаюся, я свядома пішу словы “Новы Літургічны год” з вялікай літары. Чаму? Проста хачу, каб кожны, хто гаворыць, што верыць у Хрыста, што быў ахрышчаны ў Хрыстовым Касцёле, звярнуў увагу на тое, што Новы год ужо наступіў.

З гэтай нагоды можна прыпомніць сабе, як людзі, у тым ліку і веруючыя, святкуюць наступленне новага часу ў 00.00 1 студзеня. Святло і ўключаныя экраны тэлевізараў амаль што ў кожным акне, застолле, шмат розных страў… Феерверкі, петарды, бенгальскія агні: усё вельмі ярка, прыгожа. А калі пазней пешшу ідзеш у касцёл на ўрачыстую св. Імшу на ўшанаванне Святой Багародзіцы Марыі, бачыш толькі пустыя, бязлюдныя вуліцы і чуеш цішыню. Не, не тую цішыню, якая дапамагае хрысціяніну разважаць над сваім жыццём і пакліканнем, якая адрывае ад няспыннай штодзённай спешкі і пагружае ў рэчаіснасць уласнай душы і яе адносін з Богам, якая дапамагае навярнуцца, стаць на шлях да Божага Валадарства, апрануцца “ў новага чалавека, створанага паводле Бога” (параўн.: Эф 4, 24)… Гаворка ідзе зусім пра іншую цішыню.

Я апісваю гэтую карціну так выразна, таму што амаль усё сваё жыццё правёў у горадзе. Ужо будучы святаром, служыў пераважна ў гарадскіх парафіях. Хтосьці скажа, што ў вёсцы ўсё адбываецца інакш. Магчыма, гэта так. Аднак мне здаецца, што выразы “Новы год” і “новы чалавек, створаны паводле Бога”, на жаль, далёка не заўсёды суадносяцца паміж сабой у жыцці вернікаў незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Магчыма, я памыляюся. Але для вельмі вялікай часткі тых, хто называе сябе католікамі, Новы год духоўнага жыцця наступае ў Вербную Нядзелю, на Вялікдзень ці ў дзень перад Вялікаднем, магчыма яшчэ, на Божае Нараджэнне…

У адрозненне ад каляндарнага, Новы Літургічны год мы не сустракаем салютамі, воклічамі і вясёлымі песнямі. Касцёл нас вучыць, што гэта час радаснага чакання на прыйсце Езуса Хрыста. Для кагосьці Адвэнт можа здавацца сумным і нецікавым часам, аднак гэта заўсёды новы шанс набліжэння да Бога.

Гісторыя збаўлення чалавека ў Адвэнце нібы распачынаецца нанова – ад Уцелаўлення Божага Сына. Літургічныя чытанні, узятыя са Старога Запавету, падаюць нам прадказанні прарокаў аб тым, што Бог збавіць свой Народ, не пакіне яго ў нядолі, спашле Вызваліцеля, які знішчыць грэх, у каторы ўблыталіся людзі, трапляючы ў духоўную няволю.

Пан Бог у сваім Слове нясе надзею збаўлення таксама нам, пакаленням XXI стагоддзя. Але каб асягнуць збаўленне, Бог патрабуе ад чалавека сёння, як і ў мінулыя часы, пэўных крокаў насустрач. Так кажа абвяшчальнік Божага слова святы прарок Ян Хрысціцель: “Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор – далінаю” (Лк 3, 4–5). З часоў Старога Запавету даносяцца да нас словы Пана Бога: “Звярніцеся да Мяне, усе межы зямлі, і будзеце збаўлены, бо Я – Бог, і няма іншага!” (Іс 45, 22), “Захоўвайце правасуддзе і чыніце справядлівасць” (Іс 56, 1), “Пакайцеся, адвярніцеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў адвярніце вочы вашыя!” (Эз 14, 6). Словы Пана Бога ўвасабляюцца ў кароткім закліку Езуса Хрыста на пачатку сваёй дзейнасці: “Кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15).

Бог вучыць, што нашае жыццё не павінна заставацца такім, якім было раней. Яно мусіць змяніцца, і змена павінна адбыцца ў лепшы бок. Гэтаму перамяненню жыцця да лепшага служыць Божая ласка, якая будуе святасць чалавека на яго сталым жаданні змяніцца і канкрэтных добрых учынках. Таму Касцёл заахвочвае кожнага вызнаўцу Хрыста зрабіць у Адвэнце канкрэтную пастанову працы над сабой. На жаль, часта можна пачуць ад вернікаў: “Маё жыццё немагчыма змяніць да лепшага. Колькі б я не стараўся, мае грахі зноў і зноў вяртаюцца да мяне. Не магу стаць ідэальным, бязгрэшным. Такім чынам, мая праца над пераадольваннем слабасцей не мае сэнсу”. Але калі чалавек прынамсі спрабуе змяніць сваё жыццё, ён знаходзіцца на правільным шляху, нават тады, калі не ўсё ў яго атрымаецца. Як гаворыцца ў адным вядомым выслоўі, прайграе вайну з грахом не той, хто прайгае адну бітву, а той, хто перастаў бараніцца і наступаць.

Для Бога хопіць нават толькі нашага жадання выправіцца. Аднак яно павінна быць сталым, моцным, няспынным. Астатняе шмат у чым залежыць ад Божай ласкі.

Можа, варта распачаць змену жыцця ад пакідання “ідалаў”, г. зн. таго, што нас адцягвае ад Бога, нават калі не з’яўляецца дрэнным само па сабе. Магчыма, варта пакінуць кругласутачны прыём гасцей, прагляд тэлеперадач, залішні адпачынак, адмовіцца ад непатрэбнай працы, а нават адкласці патрэбную, каб мець час на нядзельную св. Імшу. Магчыма, трэба перанесці на іншы тэрмін святкаванне гучных вяселляў і Дзён нараджэння, каб не заглушыць у сэрцы Божы голас, які нас заклікае да няспыннага чування і навяртання. Верагодна, настаў час звярнуць увагу на тое, як мы выконваем нашы абавязкі, каб яшчэ лепш служыць сваім жыццём бліжнім. Нешта ўсё ж трэба змяніць да лепшага.

У рэалізацыі гэтага задання нам дапамагае Марыя, Маці Божая, якая таксама перажывала Адвэнт свайго жыцця, носячы пад сэрцам Езуса. У Адвэнце асабліва ўшаноўваем Яе падчас раратніх св. Імшаў, дзе Багародзіцу сімвалізуе раратняя свечка з вялікай літарай “М”. Марыя ярчэй за свечку асвятляе цемру нашага жыцця, паказваючы напрамак да Бога. Гэтае “святло Марыі” заўсёды неабходна.

Няхай час чакання і чування першага і другога прыйсця Пана будзе напоўнены радасцю і надзеяй на збаўленне ў Хрысце. Няхай станецца для нас плённым працягам духоўнай барацьбы са злом, грахом і сатаной у нашым жыцці і часам веры ў перамогу. Няхай касцёльны Новы год стане новай магчымасцю сустрэчы са Збаўцам і яшчэ большага духоўнага з’яднання з Ім у любові, каб апрануцца “ў новага чалавека, створанага паводле Бога”.

Віншую ўсіх Вас з Новым Літургічным годам!

Малітва на Адвэнт

Усемагутны Божа, забяры ў мяне ўсе ганарлівыя думкі, жаданні маёй уласнай славы, зайздрасць, хцівасць, абжорства, ляноту і пажаднасць, пачуццё гневу, прагу помсты, жаданне або радасць ад няшчасцяў іншых, прыемнасць ад давядзення іх да злосці і гневу, задавальненне ад абвінавачвання ці зневажэння кагосьці няшчаснага ці абяздоленага. А ва ўсіх маіх учынках, словах і думках адары мяне, добры Божа, сэрцам пакорным, сціплым, ціхім, згодным, цярплівым, міласэрным, ласкавым, чулым і літасцівым, так, каб я спазнаў Святога Духа.

Дай мне, добры Божа, сапраўдную веру, моцную надзею і палымяную любоў. Такую любоў да Цябе, якая б пераўзыходзіла непараўнальна любоў да самога сябе, каб не любіў нічога, што магло б Табе не спадабацца, але ўсё, што люблю, каб любіў у Табе. Амэн.

Кс. Павел Эйсмант, «Слова Жыцця»

для друку для друку