Адвэнт, апошнія дні. 10 простых спосабаў яго пражыць

Бог можа зрабіць цуды ў нашым жыцці, нават калі мы добра пражывём хоць бы адзін дзень Адвэнту.

Вось 10 простых спосабаў у апошнія дні Адвэнту не выпускаць з-пад увагі важнага і адкрыцца на тое, што Бог хоча сказаць у дадзены момант. (Гэта на самай справе магчыма!).

Я ведаю, некаторыя з вас могуць падумаць: «Ну, я нічога не зрабіў у гэтым Адвэнце, то магу ўсё пакінуць так».

Не пакідай!

Адвэнт заключаецца не ў тым, каб быць дасканалым. Бог можа зрабіць цуды ў нашым духоўным жыцці, нават калі мы добра пражывём нават адзін дзень Адвэнту.

У гэты перыяд літургічнага года галоўнае — запаволіць тэмп настолькі, каб быць здольным заняць пазіцыю слухання. Мы спыняемся, каб паслухаць, таму што Бог хоча сказаць нам нешта важнае ў гэтым, такім багатым зместам, літургічным перыядзе. А калі мы спыняемся і прымаем дозу цішыні ў нашай штодзённасці, то адкрываемся на тое, што Бог хоча нам сказаць.

Вось некалькі простых стратэгій, якія я выкарыстоўваю, каб захаваць спакой падчас летаніны, дапамогі ў падрыхтоўцы радасных — хоць і вар’ятаў — калядных канцэртаў, экзаменаў, выпечкі печыва з манахінямі і звычайнай рэдакцыйнай працы ў выданні паўлістак.

  1. Ідзіце на шпацыр. Кароткая прагулка займае 10-15 хвілін. Але кароткі адпачынак на прыродзе супакойвае нас і дапамагае прыстасавацца да рытму свету прыроды. Птушкі і дрэвы не кідаюцца ад адной рэчы да іншай.
  2. Выпіце кубак гарбаты або кавы і нічога не рабіце ў гэты час: гэта здаецца простым, але колькі з нас могуць нічога не рабіць хоць бы пяць хвілін? Не тэлефанаваць. Не глядзець тэлевізар. Не размаўляць. Не чытаць. Не працаваць. Не гартаць інтэрнэт. Проста сядзець. Пяць хвілін: столькі часу ёсць ва ўсіх.
  3. Прачытайце Евангелле дня двойчы, абярыце слова або фразу, якая кідаецца ў вочы: гэта фактычна Lectio Divina, старая манаская форма малітвы для людзей занятых. Калі ў вас няма часу для рэгулярнага чытання Бібліі ці каб прайсці ўсе этапы Lectio, проста прачытайце Евангелле і прысвяціце хвіліну, каб спытаць Бога, над якімі словамі вам сёння разважаць на працягу дня.
  4. Абярыце адзін вечар у тыдзень і не выкарыстоўвайце электронных прылад. Пачытайце кнігу, пагаварыце з сябрам, напішыце ліст, але не чапайце тэлефон, не ўключайце тэлевізар ці камп’ютар! Гэта здаецца такім простым, але хто з нас на самай справе гэта робіць? Пастаўце каля дзвярэй кошык на гэты адзін выключны вечар і пакладзіце ў яго ўсе гаджэты. Замоўце піцу, пагуляйце ў нейкую гульню; хай гэта будзе асаблівы вечар, праведзены з тымі, каго вы любіце, і хай вам не перашкаджаюць ніякія экраны.
  5. Занясіце змены ў свой план дня: гэта крыху незвычайна, але я высветліла, што нязначнае змяненне ў маім графіцы дапамагае акрыяць ад нервовай спешкі, якую я адчуваю. Калі вы звычайна ідзяце на абед у 12 гадзін, паспрабуйце пайсці на пяць хвілін раней і надаць гэты час на нешта простае, хаця б на тое, каб пайсці на абед павольна. Або напісаць кароткае паведамленне камусьці, каго вы любіце, проста скажыце «Прывітанне!».
  6. Правядзіце час з дзецьмі: дзеці — чароўныя стварэнні, якія яшчэ не патрапілі пад націск часу. Вы ніколі не ўбачыце дзяцей, якія з трывогай глядзяць на гадзіннік і хвалююцца: «У сутках мала гадзін!» Калі мы праводзім час з дзецьмі, гэта дапамагае нам патрапіць у цяпер — адзіны момант, варта пражывання, а не жыць вечна ў будучыні.
  7. Паглядзіце ў акно ці на неба, хоць адну хвіліну ў дзень: Колькі разоў у дзень вы праводзіце толькі хвілінку, каб паглядзець у акно на снег, які падае або слухаеце як ідзе дождж? Проста глядзіце на аблокі, якія плывуць па небе? Часам, калі я іду вялікім горадам, проста спыняюся на тратуары і гляджу ўверх (так, я пагроза для бяспекі, не бярыце мяне нікуды з сабой). Калі людзі вакол спяшаюцца, я думаю: «Я хачу быць чалавекам, які глядзіць на неба». У гэтым Адвэнце будзьце чалавекам, які глядзіць на неба.
  8. Зрабіце выпечку або прыгатуйце што-небудзь смачнае: часам мы рыхтуем стравы проста для ежы, а часам рыхтуем амаль пабожна. Выберыце адзін вечар і прыгатуйце для сябе ці для сваёй сям’і нешта новае і простае, і хай прыгатаванне ежы будзе проста прыемным.
  9. Наладзьце будзільнік у тэлефоне на раніцу, дзень і на вечар. Калі ён зазвініць, спыніцеся на хвіліну і пасядзіце ў цішыні або адмоўце простую малітву: у нас ёсць розныя прылады, якія нас займаюць, але яны таксама могуць дапамагчы нам маліцца. Ёсць шмат розных каталіцкіх мабільных дадаткаў для малітвы на ружанцы, Літургіі гадзін і г.д. Але гэта не заўсёды працуе, таму што трэба адкрыць праграму. Вось чаму часам нешта такое простае, як будзільнік, можа нам эфектыўна нагадаць аб малітве. Проста.
  10. Падумайце аб тым, што ўводзіць вас у стрэс, і падзякуйце за гэта: калі вашы дзеці зводзяць вас з розуму, выкарыстайце момант, каб сказаць: «Дзякую Табе, Божа, за маіх выдатных дзяцей». Калі гэта праца — спыніцеся і скажыце: «Дзякуй Табе, Божа, што ў мяне ёсць праца, і дзякуючы ёй я магу сябе ўтрымліваць». Калі гэта навучанне: «Дзякуй за маю здольнасць да навучання і тое, што вучачыся, я расту ў столькіх розных накірунках». Калі хтосьці хворы, спыніцца і скажыце: «Дзякуй, Госпадзе, за гэтага чалавека, якога люблю». Калі мы робім паўзу, каб зразумець, што наш штодзённы стрэс з’яўляецца па сутнасці схаваным бласлаўленнем, нават калі ён балючы, — гэта дапамагае нам трываць у супакоі.

А што дапамагло табе вызваліцца ў гэты Адвэнт і пачуць голас Божы?

с. Тэрэза Алетэя Ноўбл, Aleteia

Пераклад з Credo

для друку для друку