Адпустовы фэст прайшоў у Удзелаўскай парафіі Глыбоцкага дэканату

Свята адбылося на ўрачыстасць святога Антонія ў сераду 13 чэрвеня. На ўрачыстасць прыбыў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель, які і ўзначаліў святую Імшу.

У якасці ганаровага госця на багаслужэнні прысутнічаў і айцец-капуцын Максім Варанюк, які ў пачатку мая гэтага года прыняў святарскае пасвячэнне ў Докшыцах.

Перад пачаткам святой Імшы ксёндз Францішак асвяціў бакавыя алтары касцёла, якія нядаўна занялі сваё пачэснае месца ў святыні. На гэтых алтарах змешчаны выявы святых Антонія і Францішка, якія лічацца апекунамі парафіі ў Удзеле.

Айцец Максім прачытаў да вернікаў Божае Слова, пасля якога звярнуўся з гаміліяй да ўдзельнікаў гэтай урачыстасці.

У сваім слове айцец Максім звярнуў увагу на парадокс ХХІ стагоддзя: калі, здаецца, чалавек мае ўсе ўмовы для шчаслівага жыцця, тым не менш, усё больш людзей церпяць ад дэпрэсіі, яны не бачаць сэнсу жыцця і ўсё часцей задаюцца пытаннем: “Як жыць далей? Для чаго наогул жыць на гэтым свеце?”

“Часта мы не выходзім з храма суцешаныя, — адзначыў святар, — мы прыходзім у касцёл, прыходзім як хрысціяне ХХІ стагоддзя, але не чуем Бога”. І тут варта звярнуць увагу на прыклад жыцця святога Антонія, які ўсе сваё жыццё разважаў над тым, як быць сапраўдным вучням Хрыста. І сваім уласным прыкладам ён даказаў, што ён гэтым вучнем быў. Таму і нам варта падумаць, ці мы ў сучасным жыцці з’яўляемся гэтымі вучнямі.

Айцец Максім перасцярог вернікаў ад таго, каб не падзяляць таго, што ёсць у касцёле і што ёсць у жыцці. Здаецца, што мы сапраўдныя вернікі, калі ёсць у Божым храме, але як толькі здараецца бяда, то бяжым да варажбітак і гадалак, чытаем і верым у розныя гараскопы.

Трэба заўсёды адказаць сабе на пытанне, што дае нам наша вера? – адзначыў святар. – А яна дае нам жыццё вечнае. Гэта сэнс і плод нашай веры. Гэта знак таго, што Бог нас любіць. Нават калі Бог пасылае мне нейкае выпрабаванне, то гэта не знак таго, што маё жыццё праклятае, а сведчанне таго, што Бог дзейнічае ў маім жыцці.

Напрыканцы богаслужэння адна верніца была прынятая ў Францішканскі Ордэн Свецкіх.

Потым былі пасвечаныя хлябы святога Антонія, якія былі раздадзеныя вернікам пасля ўрачыстасці. Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле айцец Яраслаў Банасяк падзякаваў святарам і вернікам, якія прыбылі на гэту Імшу, каб разам адзначыць урачыстасць святога Антонія.

Затым адбылася працэсія вакол святыні, пасля якой вернікі мелі магчымасць атрымаць блаславенне з рук айца Максіма.

А напрыканцы ўсіх блаславіў Генеральны вікарый дыяцэзіі ксёндз Францішак.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку