Адпустовую ўрачыстасць і юбілей парафіі адзначылі ў Канстанцінаве Глыбоцкага дэканату (+відэа)

З гэтай нагоды ў нядзелю 13 лістапада а дванаццатай гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі ксёндз Павел Самсонаў, дэкан Пастаўскі, і ксёндз Андрэй Кулік, пробашч з Дзеркаўшчыны.

Напачатку ўрачыстасці пробашч парафіі прывітаў біскупа і ўсіх прысутных, а таксама коратка распавёў гісторыю парафіі ў Канстанцінаве. Доўгі час вёска Канстанцінава ўваходзіла ў Удзелаўскаю парафію, а ў 1917 годзе стала самастойнай парафіяй.

Таксама ў гэты дзень адзначаецца ўспамін святога Язафата Кунцэвіча, імя якога носіць парафія ў Канстанцінаве, і які лічыцца апекуном Віцебскай дыяцэзіі. Святар узгадаў, што ранейшая святыня была зруйнаваная ў 1962 годзе, у часы ваяўнічага атэізму. Касцёл быў адноўлены на старых падмурках на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У лістападзе 1995 года новы храм асвяціў кардынал Казімір Свёнтэк.

Біскуп у сваім прывітальным слове павіншаваў усіх вернікаў з юбілеем парафіі і заклікаў маліцца за мір і еднасць. Якраз за гэта і выступаў у свой час біскуп Язафат Кунцэвіч, за гэта і аддаў сваё жыццё.

Святую Імшу ўпрыгожыў сваім спевам хор моладзі з Мёраў, які па запрашэнні пробашча прыбыў на гэту ўрачыстасць.

Напачатку сваёй гаміліі іерарх падзякаваў вернікам за адбудаваную святыню. Святыня – гэта знак нашай веры, — падкрэсліў біскуп Алег, — таму і нішчылі камуністычныя ўлады ў першую чаргу храмы, крыжы, прыдарожныя капліцы. Усе нашы дарогі павінны весці да Бога. З гэтай нагоды іерарх узгадаў выпадак са старой жанчынай, якая ў незнаёмым горадзе спытала мінака, ці гэта дарога вядзе да касцёла? Пачуўшы ў адказ, што не, яна адказала, то навошта такая дарога, якая не вядзе да касцёла.

Закрануў біскуп і тэму пакліканняў, нагадаўшы, што мы ўсе пакліканыя да нейкай справы, а ўсе разам пакліканыя да вечнага жыцця. Таксама іерарх узгадаў і пра біскупа Язафата Кунцэвіча, які выступаў за еднасць Хрыстовага касцёла, за што і быў забіты ў Віцебску у 1623 годзе.

Езус Хрыстус завяшчаў нам любіць Бога і сваіх бліжніх, згодна гэтай запаведзі і трэба будаваць наша жыццё. Любіць – гэта прывесці сваіх дзяцей да веры, даць ім прыклад сведчання гэтай веры. Каб потым нашы дзеці не баяліся даручыць сваё жыццё Богу.

Напрыканцы Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся літаніяй да Найсвяцейшай Крыві Езуса і прайшлі працэсіяй вакол касцёла.

Пасля бласлаўлення кожны меў магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Язафата.

А пасля святой Імшы вернікаў чакаў прыемны сюрпрыз – канцэрт класічнай музыкі, які быў падрыхтаваны ў рамках праекта “Віцебскі арганны шлях”. Як адзначыў адзін з каардынатараў гэтага праекта, Уладзімір Правілаў, гэта быў апошні падобны выступ у гэтым годзе, але надалей падобныя мерапрыемствы будуць працягвацца, бо далёка не ўсе жыхары малых гарадоў і вёсак маюць магчымасць паслухаць добрую класічную музыку.

На гэты раз вернікаў парадавалі сваім талентам музыкі з Мінска Аляксандра Палятаева і Маргарыта Барысевіч, якія выканалі на флейце творы класікаў.

Адпустовыя ўрачыстасці закончыліся, а парафія Святога Язафата Кунцэвіча ў Канстанцінаве пачала адлік другога стагоддзя свайго існавання. Хочацца спадзявацца, што яно будзе менш драматычным, чым мінулыя сто гадоў.

Зміцер Лупач, тэкст і фота;
Леанід Юрык, відэа.

для друку для друку