Адпустовая святая Імша адбылася ў Тракелях

IMG_4426А дзясятай гадзіне 11 ліпеня ў Тракелях вернікі і духоўныя асобы сабраліся на галоўнай Імшы.

На пачатку біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў гасцей: біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку, які ўзначаліў Эўхарыстычную Ахвяру, дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, святароў, сясцёр, пілігрымаў, прадстаўнікоў свецкіх улад і вернікаў, якія прыбылі на ўрачыстасць.

Святая Імша цэлебравалася ў інтэнцыі пілігрымаў, якія прыйшлі і прыехалі ў Тракелі.

У казанні біскуп Антоні гаварыў аб тым, што кожнага паломніка прывяла да Маці Божай любоў, дзеля хвалы Марыі людзі ахвяравалі сваімі летнімі днямі. Іерарх, цытаваў таксама святога Амброзія, біскупа і доктара Касцёла, які адзначаў: “Марыя была названая Поўная ласкі, бо Ёй гэта належыць з таго права, што Яна атрымала ласку, якую не атрымала ніводнае стварэнне. Была напоўненая Творцам Ласкі, Богам самім”.

Біскуп Антоні ўспомніў таксама словы Апостальскага Нунцыя Клаўдыё Гуджэроці, прамоўленыя некалькімі днямі раней ў Будславе, які казаў, што Маці Божая, якая трымае ў руках маленькага Збаўцу, трымае таксама сваіх дзяцей, бо кожны мае ўдзел у Целе і Крыві Езуса. Біскуп узгадаў наступныя словы-загад Марыі, якія гаварыў нунцый: “Беларускі народ, ты — супольнасць вернікаў. Будзь адважным і май веру ў будучыню. Было шмат цяжкасцяў у тваёй гісторыі, але працуй дзеля будучыні, намагайся, каб будучыня была лепшай”.

Пастыр выказаў пажаданне, каб сёлетняя пілігрымка ў Тракелі стала своеасаблівым штрыхом у дарозе да святасці.

Адпустовая святая Імша, цэлебраваная на чале з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам, была заключным пунктам праграмы ўрачыстасцей ў Тракелях.

Ірына Грэйць, тэкст

кс. Віктар Місевіч, фота

для друку для друку