Адпуст у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Крулеўшчыне

Фэст адбыўся ў пятніцу 8 чэрвеня, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць Сэрца Езуса.

Парафія ў Крулеўшчыне адносіцца да Докшыцкага дэканату. Пачаткам гісторыі парафіі лічыцца 1924 год, калі тут была збудаваная драўляная капліца. Потым пачалося будаўніцтва драўлянага касцёла, які ўжо ў 1931 годзе быў асвечаны. Перад 1939 годам парафія налічвала больш за дзве тысячы вернікаў.

Новая ўлада ў 1948 годзе касцёл зачыніла, з яго зрабілі збожжасховішча, як гэта часта было ў тыя часы. А ў 1965 годзе храм наогул быў разабраны.

Адраджэнне парафіі пачалося ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі было вырашана адбудаваць касцёл на старых падмурках. Але ў 1994 годзе мясцовыя ўлады перадалі парафіі былы будынак школьнай спартыўнай залы, 24 снежня 1994 года тут адбылася першая святая Імша. Будынак адрамантавалі, была дабудаваная вежа, што надало яму сапраўдны выгляд святыні. У мінулым годзе парафія ў Крулеўшчыне займела рэліквіі — Кроў святога Папы Яна Паўла ІІ.

На фэст прыбыў айцец францішканін Тадэвуш Кавальскі, які зараз служыць у Бягомлі і Бярозаўцы. На пачатку Імшы яго прывітаў пробашч парафіі ксёндз Юрый Бараўнёў, які падзякаваў яму за візіт і папрасіў прамовіць слова да вернікаў.

У сваім казанні айцец Тадэвуш засяродзіўся на значэнні свята Сэрца Езуса. Ён адзначыў, што сэрца – гэта знак любові. А любоў Бога да нас – гэта як вада для зямлі, без якой не магчыма жыццё. З любоўю Хрыста жыццё чалавека набывае сэнс, — падкрэсліў святар. Ён параўнаў вобраз Божай любові з вобразам маці, якая прытуляе сваё дзіця.

Любоў важная і ў сямейным жыцці, — адзначыў айцец Тадэвуш, — але тут варта памятаць, што яна патрабуе ад чалавека больш аддаваць, чым браць. Бо толькі кахання тут мала, яно праз колькі гадоў можа і прытупіцца, а на першае месца выходзяць любоў і ўзаемапавага. І ў гэтым нам дапамагае любоў Бога, наш давер да Яго.

Чалавеку не трэба ўяўляць Бога як нейкую страшную сілу, якая толькі карае чалавека за грахі і правіны. Бог нас любіць, і калі мы ад шчырага сэрца раскайваемся і просім прабачэння, Ён нам даруе. Езус дакранаецца да нас сваім Сэрцам, і тады ў чалавека праходзіць боль і адчай. “Таму шукайце ў сваім жыцці Божай любові, і ваша жыццё напоўніцца сэнсам,” – пажадаў святар напрыканцы гаміліі.

На заканчэнні Імшы  ксёндз Юрый зачытаў пісьмо прадстаўніка польскай амбасады Міхала Хабраса, які зараз часова выконвае абавязкі амбасадара. Ён быў запрошаны на парафіяльную ўрачыстасць, але з-за службовых абавязкаў не змог прыехаць. У сваім пасланні дыпламат выказаў падтрымку пробашчу і вернікам за адраджэнне рэлігійнага жыцця ў парафіі, а таксама выказаў падзяку святару і мясцовым уладам за догляд магіл польскіх жаўнераў, што загінулі на гэтых землях амаль сто гадоў таму.

Пасля адбылося ўшанаванне рэліквіяў святога Яна Паўла ІІ і выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Святары і вернікі памаліліся літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а напрыканцы атрымалі бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам ад айца Тадэвуша.

Нягледзячы на тое, што за амаль стагоддзе колькасць вернікаў у Крулеўшчыне зменшылася ў дзясяткі разоў, свята ў парафіі атрымалася.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку