Адпуст св. Андрэя Баболі, асвячэнне байкераў, канцэрт на прыступках святыні: пастырская візітацыя біскупа Алега Буткевіча ў Лучаі

«На беларускай зямлі цудоўнай,
Там, дзе квітнее пастаўскі край.

У сваёй велічы невымоўнай
Вас сустракае здалёк Лучай!»

Гэтымі словамі гімна вёскі Лучай сустрэла парафія святога Юды Тадэвуша шаноўнага госця біскупа Алега Буткевіча. 21 мая падчас адпустовай урачыстасці ў гонар святога Андрэя Баболі Віцебскі ардынарый здзейсніў пастырскую візітацыю, паведамляе luchai.by. Па беларускай традыцыі паважанага госця віталі хлебам-соллю.

Ва ўступным слове пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі прывітаў іерарха і ўсіх сабраных вернікаў. Святар нагадаў, што сёлета 16 мая адзначаецца 360 год мучаніцтва святога Апостала Палесся – Андрэя Баболі. Пасля былі прадстаўлены гісторыя і звесткі з сучаснага жыцця парафіі.

Падчас гаміліі ардынарый засяродзіў увагу на жыццядзейнасці пакутніка. Іерарх назваў яго дарам для сучаснага свету, прыкладам мужнасці. Узгадаў таксама і пра святога Язафата Кунцэвіча, які таксама стаў пакутнікам, бо змагаўся за еднасць хрысціянаў. «Абоім святым давала сілы еднасць з Богам праз малітву. Бог умацоўвае нас, калі мы шукаем Яго, калі хочам здзейсніць тое, што запланавана Богам.» – адзначыў біскуп.

Эўхарыстычная працэсія з традыцыйнымі дарамі ад вернікаў розных узростаў стала ўпрыгожваннем адпустовай урачыстасці. Адмысловы спеў мясцовых вернікаў і гурта «Laudans» пад гучанне двухсотгадовага аргана дадаў святочнасці.

Скончылася Літургія літаніяй да святога Андрэя Баболі перад абразом пакутніка, які знаходзіцца ў святыні і працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні. Вярнуўшыся ў касцёл, вернікі праспявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем» і хрысціянскі гімн Беларусі «Магутны Божа».

Працяг святочнай праграмы адбыўся на вуліцы. Напачатку біскуп Алег асвяціў усіх байкераў з нагоды адкрыцця сезона. Ужо другі год запар на фэст святога Андрэя Баболі збіраюцца аматары матацыклаў, каб з Богам распачаць новы сезон.

Цудоўнае надвор’е, нягледзячы на прагнозы сіноптыкаў, спрыяла канцэртнай праграме на прыступках святыні. Дарэчы, мінулай восенню была пакладзена новая плітка на імправізаванай сцэне перад уваходнай брамай. Канцэртная праграма складалася з выступаў найлепшых сяброў лучайскай парафіі: хрысціянскі гурт «Laudans», Аляксей Жбанаў – аўтар гімна, Лявон Вольскі і Павел Аракелян, акардэаніст-віртуоз Дзмітрый Корсак. Сапраўдным «старажылам» лучайскіх святаў стаў Андрусь Такінданг з гуртом «Recha».

Напрыканцы біскуп Алег Буткевіч падзякаваў прысутным артыстам за выступ і пажадаў шчаслівай дарогі дадому, удзяліўшы сваё пастырскае бласлаўленне.

Акрамя касцёла ў Лучаі, біскуп Алег за два дні візітацыі наведаў парафіяльныя могілкі, сустрэўся з вернікамі капліц у вёсках Цешалава, Навасёлкі і Стары Двор і разам маліўся падчас святой Імшы.

Фота з архіва парафіі

для друку для друку