Адпачынак, спаборніцтва і малітва. Міністранты сустрэліся ў Жодзіне

p1080856«Галоўнае — не перамога, а паяднанне» — менавіта пад такім дэвізам прайшло традыцыйнае спатканне міністрантаў у Жодзіне 10-11 красавіка. Такія сустрэчы сталі звычайнымі для каманд з марыянскіх парафій Жодзіна, Барысава і Мінска, а вось прадстаўнікі Маладзечна і Полацка прынялі ўдзел ў турніры ўпершыню, паведамляе catholic-zhodzina.by. Але ж змены адбыліся не толькі ў складзе ўдзельнікаў, але і ў самой праграме мерапрыемстваў.

Адным з сюрпрызаў для хлопцаў стала наведванне матча “БАТЭ-Славія” напярэдадні турніра. Гэта было не толькi прыемным баўленнем часу, але і паўнавартасным майстар-класам для міністрантаў, якіх саміх назаўтра чакалі спаборніцтвы па футболе.

Але ж аб футболе крыху пазней, бо а 9 гадзіне раніцы 11 красавіка каманды сабраліся на інтэлектуальную гульню, падчас якой ім прыйшлося адказваць на пытанні, якія тычыліся літургічных ведаў. Пытанні былі зусім няпростымі, але ўсе каманды спраўляліся з імі на “выдатна”, і нават самыя малодшыя ўдзельнікі прымалі актыўны ўдзел у супольных абмеркаваннях.

img_1481 p1080883

Вядома, што лепшым адпачынкам з’яўляецца змена дзейнасці, таму зусім лагічна наступным пунктам праграмы стала выпрабаванне лоўкасці – настольны футбол. Менавіта гэтае спаборніцтва – сапраўдная “фішка” сустрэчы, бо не ў кожнай парафіі ёсць гэта цудоўная гульня, і таму госці заўжды асабліва радуюцца менавіта ёй, хоць звычайна саступаюць у гэтым відзе спаборніцтваў камандзе гаспадароў.

p1080873

Галоўным момантам сустрэчы, безумоўна, стала святая Імша, на якой а. Андрэй Сідаровіч MIC, папярэджваючы наступны пункт праграмы, cваім казаннем стараўся данесці да хлопцаў думку пра тое, што сапраўдная сіла – у адзінстве, нават калі гаворка ідзе аб супрацьстаянні на футбольным полі. Асобным чынам ён падкрэсліў, што мэта такіх сустрэч – зусім не перамога той ці іншай каманды, зусім не спаборніцтвы і розыгрыш кубка, а паяднанне, сапраўднае паяднанне ў хрысціянскай любові.

img_1606

З такім настроем каманды накіраваліся ў жодзінскую школу №8, дзе іх ужо чакалі заўзятары – парафіяльныя дзяўчаты ды некаторыя бацькі, а таксама сапраўдны рэферы – жодзінская парафіянка, якая мае дыплом лепшага футбольнага суддзі Беларусі 2010 года. Матчы праходзілі ў ведьмі відовішчнай атмасферы, да апошняй хвіліны было невядома, хто ж пераможа. Фінальныя два матчы вывелі на першае месца ў агульным заліку полацкую каманду. На другім месцы — каманда з Маладзечна, трэцяе падзялілі паміж сабой Мінск і Жодзіна, а “драўляным медалістам” на гэты раз стала каманда Барысава.

img_1693

img_1630

Канешне, па выніках турніру нехта быў засмучаны, нехта ажно танчыў ад радасці, але ж асноўная задумка сустрэчы ўсё ж такі прабівалася скрозь вынікі і месцы: калі напрыканцы ўсе ўзяліся за рукі і ў адзін голас сталі маліцца “Ойча наш”, стала канчаткова зразумела, што галоўнае – гэта не перамога, а паяднанне.

Паліна Грыб
Больш фота на catholic-zhodzina.by

для друку для друку