Адмысловы графік малітвы бабулі Чэсі за ўнукаў

«Ну, Пётр, на гэтым тыдні я малюся за цябе», — так некалькі гадоў таму я даведаўся пра спецыяльны графік малітвы бабулі Чэсі.

Кс. Пётр Бачынскі апублікаваў у Facebook фота са сваёй 92-гадовай бабуляй. Ён падпісаў: «З каханай бабуляй Чэсяй. Узор пакоры і працавітасці». Далей у каментарах ён дадаў, што з’яўляецца таксама і ўзорам малітвы. Кожнага са сваіх унукаў яна ахінае малітвай паводле графіка.

Кожныя дзевяць дзён бабуля моліцца за іншага ўнука ці праўнука. Яе графік не з’яўляецца схематычным, больш заснаваны на прынцыпе патрэбы. Бабуля «захоплівае» цяжкасці ўнукаў, але яны таксама тэлефануюць ёй і просяць аб малітве, а потым… штурмуе неба. Адзін з унукаў падкрэслівае, што можа быць упэўнены, што яго поспех на экзаменах — гэта «заслуга» бабулі Чэсі, а менавіта яе малітвы. Дзякуючы яе малітве, муж яе ўнучкі перамог хваробу.

«Гэта наша сямейная «кармелітка». Яна забяспечвае малітвай усю сям’ю», — кажа кс. Пётр. — Я даведаўся пра графік, калі бабуля сказала мне: «Ну, Пётр, на гэтым тыдні я малюся за цябе». Калі прыходзіць сесія, бабуля моліцца за ўнука ці ўнучку і за экзаменатара, каб ён усё выслухаў і палічыў адказ здавальняючым. Бабуля асабліва моліцца Святому Духу, каб натхніў людзей, якіх яна давярае. Для мяне гэта ўзор малітвы».

Сама бабуля Чэся кажа: «У маёй малітве няма нічога асаблівага. Важна, каб малітва была шчырай”.

Першая думка, якая з’яўляецца пасля гэтай гісторыі? «Я таксама хачу такую бабулю!» На самай справе, магчыма, мы нават гэтага не ўсведамляем, і нашы бабулі ўвесь час моляцца за нас. Можа, у іх няма пісьмовага раскладу, але ён запісаны ў сэрцы.

P.S. Другая думка: «Я хачу быць такой бабуляй»!

Пераклад Марыны Сінкевіч з сайта aleteia.org

для друку для друку