“Адкрыйце Біблію!”: велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў Глыбокім

З 24 па 26 сакавіка ў глыбоцкай парафіі Святой Тройцы адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін з Росіцы.

Рэкалекцыі – гэта асаблівы час для навяртання і пакаяння, час падрыхтоўкі да свята Уваскрасення Пана.

У першы дзень а. Андрэй звярнуў увагу вернікаў на патрэбу слухання Божага слова. Вельмі часта мы ўзносім свае просьбы і малітвы, шмат кажам Богу, але як мала мы ўмеем суцішыцца на некалькі хвілін і паслухаць, што Ён хоча нам сказаць. У гэты ж дзень, а была пятніца, айцец-рэкалекцыяніст правёў Крыжовы шлях з мультымедыйнай прэзентацыяй і разважаннямі патрыярха Барталамея, якія былі адмыслова напісаныя для Папы Яна Паўла ІІ для набажэнства ў Калізеі.

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана, другі дзень рэкалекцый, рэфлексія была скіраваная на тэму пакаяння і навяртання. “Мы павінны знайсці “скрынку” свайго жыцця, дзе розныя дасягненні, ўзнагароды, жыццёвыя праекты, але таксама і шмат непатрэбных рэчаў. Там ёсць усё, але на самым дне ляжыць “скрутак”- Слова Божае – пагарджанае, патаптанае, запыленае. Мы павінны гэты “скрутак” выцягнуць на паверхню і штодня яго чытаць. Калі ў жыцці есць Слова Божае, то ёсць і навяртанне”, — адзначыў рэкалекцыяніст.

У гэты дзень былі арганізаваны адмысловыя спатканні для жанчын і мужчын. Сустрэча жанчын была прысвечаная ўрачыстасці і Панне Марыі, параўноўваліся перажыванні і штодзённасць Маці Божай і сучаснай жанчыны. Мужчынская палова парафіі разважала пра сваю ролю, якая ёсць не толькі зарабляць і пракарміць, але таксама ўвесці ў свет веры.

Апошні, трэці дзень духоўных парафіяльных практыкаванняў быў прысвечаны чытанню Бібліі. Айцец Андрэй прапанаваў вернікам некалькі момантаў для больш плённага дзеяння ў спазнаванні Слова Божага.

“Дадай у сваю штодзённую малітву чытанне Бібліі. Чытай Слова Божае і ты будзеш Божым чалавекам!” – заклікаў святар.

На заканчэнне айцец-рэкалекцыяніст прэзентаваў мабільны дадатак “Малітоўнік” і распавёў як ім карыстацца. Біблію не заўсёды мы можам мець побач, а ў сучасным свеце смартфоны і планшэты – неад’емная частка большасці вернікаў. Таму дадатак “Малітоўнік” – добрая магчымасць для чытання і спазнавання Божага слова ў розны час і розных мясцінах.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, фота

Ад рэд. Айцец Андрэй таксама запрашае ўсіх, хто карыстаецца сацыяльнай сеткай «УКантакце», у суполку «Каталіцкі малітоўнік». Там кожны дзень  напамін пра разважанне над Божым словам.

для друку для друку