Адбылася ўрачыстая адпустовая Імша ў маладзечанскай парафіі св. Юзафа

Па запрашэнню ксяндза-прэлата, адміністратара з правамі пробашча маладзечанскай парафіі св. Юзафа, Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, айцы Ордэну меншых братоў капуцынаў – новы кусташ а. Алег Шэнда, а. Андрэй Жылевіч, а. Арыюш Малыска – цэлебравалі  святую Імшу ў парафіі, патронам якой з’яўляецца св.Юзаф.

На пачатку ўрачыстасці ксёндз Эдмунд зазначыў, што запрашэнне правінцыяла Ордэну (OFM Cap)  на святкаванне з’яўляецца знакам еднасці ўсёй каталіцкай супольнасці Маладзечна, што можа дапамагчы пераадольваць прагу да пыхі вернікам, асабліва падчас Вялікага посту. Ксёндз-прэлат звярнуў увагу на цяжкасці з якімі сутыкнуліся вернікі і кансэкраваныя асобы Маладзечаншчыны, Вілейшчыны падчас аднаўлення парафіяльнга жыцця  у 80-90 гг. ХХ ст.   У адказ новы кусташ OFM Cap зазначыў, што ўшаноўваючы св. Юзафа мы можам сустрэцца з Панам Езусам у Эўхарыстыі.

molodeczno2

Падчас казання, айцец Алег  Шэнда OFM Cap зазначыў, што трэба дзякаваць Пану Езусу за ўсе дары, якія можам атрымаць на працягу дня, тыдня, месяца, года. Праслаўляць Пана Бога, за тое, што можам бачыць, чуць, адчуваць. Быў зроблены акцэнт на тым, што вернікі павінны не забываць пра дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Што датычыцца гісторыі жыцця св. Юзафа, новы кусташ OFM Cap зазначыў, што апякун Пана Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі быў звычайным працаўніком, які не марыў пра ўласнае праслаўленне, назапашванне матэрыяльных каштоўнасцяў, паляпшэнне дабрабыту, але ўмеў бачыць і слухаць, таму і ўшаноўваецца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Дэманструючы вышэй пералічаныя прыклады, якія датычаць сучаснага жыцця грамадства, а таксама дзеяння св.Юзафа, айцец Алег Шэнда OFM Cap, зазначыў, што сучасная асоба жыве ў эгаістычным стане, шукае карысных сувязяў, імкнецца любымі шляхамі палепшыць дабрабыт, руйнуючы і парушаючы хрысціянскія запаведзі. Зроблена выдатнае параўнанне беларускай рэчаіснасці пяцідзесяцігадовай даўніны і сучасных дзён: «Матэрыяльнае становішча нашай краіны моцна пагоршылася падчас Другой сусветнай вайны, трэба было адбудоўваць фабрыкі і заводы, ствараць новыя формы вытворчасці, хрысціянскае жыццё знаходзілася ў забароненым стане. Наколькі сацыяльныя  змены адбыліся за апошнія 20 гадоў? Беларускае грамадства не паказвае значных зменаў і рухаў. Ці адукацыя стала лепшай? Безумоўна, палепшылася сітуацыя з парафіямі, хрысціянскім асяроддзем, з’явілася шмат новых дасягненняў у гэтым накірунку, але, як грамадства, ці мы сталі сапраўднымі вучнямі Пана Езуса? Перыяд атэізму прайшоў. Калі мы знойдзем час для рэвізіі светапогляду, нам варта пазмагацца, каб Бог у нашым жыцці быў найвышэйшым за іншыя рэчы». Айцец Алег таксама заахвоціў моладзь паважаць вернікаў сталага ўзросту, нават браць прыклад з малітвы дзядуль і бабуль.

Кс. Рыгор Балеста, адміністратар з правамі пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса (в.Лебедзева, Маладзечанскі дэканат), кс. Міхал Бубен, вікары  маладзечанскай парафіі св. Юзафа, удзялялі сакраманты споведзі вернікам на працягу амаль усёй урачыстасці.

На заканчэнне, перад працэсіяй  і адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту,  ксёндз-прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі падарыў новаму кусташу OFM Cap элемент літургічнага аблачэння — стулу.

У гэтыя вясновыя, сонечныя дні, хай жыццё, мужнасць св. Юзафа паспрыяюць на разуменне і ўспрыманне прыкладаў сапраўднага бацькоўства, працаздольнасці, ахвярнасці, адданасці, пакоры і неабмежаванай веры, надзеі і любові.

Святы Юзаф маліся за нас!

Арцём Бабровіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі