Адбылася пілігрымка жанчын з Ашмян да Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах

6 мая адбылася пілігрымка жанчын, маці, а таксама дзяўчат – будучых маці – з Ашмян у санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах. Пілігрымка сёлета прайшла ў дзявяты раз.

У пілігрымскі шлях вырушыла ў гэты сонечны дзень больш за 300 чалавек не толькі з Ашмян, але і з ваколіц, а таксама з Астраўца і Смаргоні. Адметнасцю гэтай пілігрымкі з’яўляецца тое, што ў ёй прымаюць удзел толькі жанчыны.

Мамы дзякавалі за свае сужэнствы і за дзяцей і прасілі патрэбныя ласкі для іх, а маладыя дзяўчаты маліліся аб шчаслівым сужэнстве для сябе і выбары жыццёвага шляху.

Жанчынам спадарожнічалі навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У праграме пілігрымкі былі Гадзінкі да Маці Божай, канферэнцыя, Вяночак да Божай Міласэрнасці і Ружанец. Удзельнікі супольна маліліся аб адвазе для сучасных жанчын, аб тым, каб яны маглі перадаваць жыццё і веру, а таксама каб стаялі на варце чысціні звычаяў.

Па дарозе пілігрымаў вельмі сардэчна віталі жыхары вёсак, частуючы іх тым, што маюць: бутэрбродамі, слодычамі, кубкам халоднай вады…

Пад спеў марыйных песень пілігрымы ўвайшлі ў Баруны, дзе шмат гадоў у касцёле знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных. З вялікай узрушанасцю і надзеяй жанчыны сталі са складзенымі рукамі перад абразом, просячы Панну Марыю, каб Божае благаслаўленне спадарожнічала ім і іх сем’ям; каб дзеці былі выхаваны ў веры, каб моладзь жыла ў сакрамэнтальных саюзах, каб сем’і былі моцныя Богам, каб у свеце панаваў мір…

Кульмінацыяй пілігрымкі стала святая Імша, якую ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына. Святыня была запоўнена вернікамі парафіі, пілігрымамі і гасцямі, якія прыехалі здалёк.

У гаміліі кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, адзначыў, што жыццё кожнага чалавека непарыўна звязана з маці, якая дае жыццё. Па словах святара, кожны атрымаў у дар ад Бога таксама нябесную Маці – Найсвяцейшую Панну Марыю, якая з вялікая чуласцю клапоціцца аб усіх сваіх дзецях.

«Будзем вучыцца ў Марыі казаць «так» у кожнай нашай жыццёвай сітуацыі», – дадаў кс. Раманоўскі, падкрэсліваючы, што Яна з’яўляецца ўзорам прыняцця Божай волі і яе вернай рэалізацыі.

«Марыя таксама паказвае нам, што павінна быць фундаментам нашага жыцця – любоў да Бога і бліжніх», – заўважыў прэфект семінарыі.

Пасля заканчэння ўрачыстасцяў яшчэ шмат жанчын малілася перад абразом Панны Марыі, давяраючы Ёй свае штодзённыя клопаты, цяжкасці, праблемы.

Са спакоем у сэрцы і напоўненыя радасцю ад сустрэчы з Маці, яны вярталіся дадому, каб трываць у веры і весці да веры ўсіх членаў сваіх сем’яў.

Першая нядзеля мая ў Гродзенскай дыяцэзіі ўжо больш за 10 гадоў адзначаецца як Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэзіі вернікі моляцца за ўсіх маці – жывых і памерлых. Таксама ў гэты дзень у іх адрас скіроўваюцца віншаванні.

Kс. Юрый Марціновіч

Андрэй Юхнік, семінарыст, фота

grodnensis.by

для друку для друку