“Адбіраць дзяцей за беднасць недапушчальна!” Рабін Ягудзі звярнуўся ў Адміністрацыю Прэзідэнта

Вядомы пралайфер заклікае перагледзець крытэрыі, па які дзяцей «ставяць у сацыяльна-небяспечнае становішча» (па-руску СОП – социально-опасное положение).

Вядомы беларускі равін Ігаэл Ягудзі — палітолаг, аналітык па пытаннях дэмаграфічнага суверэнітэту і сямейнай палітыкі беларускіх пралайф-арганізацый, звярнуўся да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалая Снапкова. Ігаэл Ягудзі заклікае чыноўніка зрабіць усё, што ад яго залежыць, уключаючы асабісты зварот да прэзідэнта, “для спынення СОП-самавольства і індустрыі адбірання дзяцей”. Копіі ліста адпраўленыя Міністру адукацыі Ігару Карпенку, старшыні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці Уладзіміру Ліпскаму, начальніку галоўнага ідэалагічнага праўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандру Ільясевічу, дэпутатам парламента.

— Відавочна кожнаму разумнаму чалавеку, што адзінай рэальнай прычынай для адбірання дзяцей ад бацькоў, ад маці, ад кроўнай радні можа служыць толькі рэальная пагроза іх жыццю і / або здароўю, у самым прамым і літаральным сэнсе гэтых словаў. Адымаць дзяцей “за беднасць” недапушчальна! — упэўнены аўтар звароту.

Ён нагадаў, што цяпер у Беларусі абмяркоўваецца ўсталяванне крытэрыяў СОП (сацыяльна-небяспечнага становішча), і нярэдка прычынамі для пагрозы пастаноўкі ў СОП служыць тое, што маладая маці не працуе. Ігаэл Ягудзі прыводзіць прыклад:

— Выйшаўшы з дэкрэта, маці-адзіночка на працягу паловы года не ўладкавалася на працу. Як правіла, такой жанчыне дапамагаюць яе родныя, часам і бацька дзіцяці. Яна не з’яўляецца клопатам для роднай дзяржавы. Тым не менш, менавіта гэтая катэгорыя жанчын стала мэтавай групай для загону на цяжкія і нізкааплатныя працы пад пагрозай адбірання дзяцей.

Загнаныя супраць волі на непадыходзячую працу жанчыны ўжо ў страшным сне не будуць думаць зноў нарадзіць дзяцей, — упэўнены равін-пралайфер.

Паводле яго слоў, здараюцца і такія сітуацыі:

— Паборы на “факультатыўную дзейнасць” у школах. А-а-а, не даяце на экскурсію, вечарыну, факультатыў па іспанскай мове? А вось мы вас на СОП паставім. Аднаго жудаснага слова СОП як правіла дастаткова, каб бацькі раскашэліліся. Але ў нас “ўсеагульная бясплатная адукацыя”? Тое, што не ўключана ў яе, напэўна, не з’яўляецца жыццёва неабходным?

Ягудзі лічыць, што ў рэальнасці клопат дзяржорганаў пра дзяцей часта выліваецца ў “дэструктыўную дзейнасць “сацпедагогаў”, якія настройваюць дзяцей супраць бацькоў”:

— падвучаюць іх патрабаваць для сябе заўсёды новую вопратку, новы абутак, розныя прадметы ўжытку — г.зн. пад прыкрыццём народнай адукацыі назіраецца нават і не “разыходжанне” дзейнасці “сацпедагогаў” з традыцыйнымі беларускімі асновамі выхавання дзяцей у духу сціпласці і сямейнай салідарнасці — а лабавое сутыкненне з гэтымі традыцыямі і іх вынішчэнне чыноўнічай уладай на ўзроўні кожнай сям’і.

katolik.life

для друку для друку