Ad limina: у Рыме заклапочаны сітуацыяй з замежнымі святарамі ў Беларусі

Перадапошні дзень візіту ad limina Apostolorum для біскупаў з Беларусі быў найбольш напружаным. 6 лютага прадстаўнікі беларускaга епіскапату наведалі Кангрэгацыю па справах Біскупаў, Кангрэгацыю Веравучэння, Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама сустрэліся з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам.

Раніцай наступнікі Апосталаў з Беларусі наведалі Кангрэгацыю па справах Біскупаў.

Пасля ўводнага слова старшыні ККББ адносна агульнай сітуацыі Касцёла ў Беларусі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч больш падрабязна прадставіў служэнне біскупаў у нашай краіне. Іерарх распавёў пра гісторыю адраджэння Касцёла і дзейнсць ККББ, якая стараецца вырашаць надзённыя праблемы, арганізоўваць пастырскія праграмы і своечасова адказваць на выклікі часу.

Прэфект Кангрэгацыі канадскі кардынал Марк Уэле падзякаваў біскупам за іх служэнне Касцёлу і заклікаў да далейшага развіцця калегіяльнасці. З ім таксама была абмеркавана магчымая рэарганізацыя касцёльных структур у Беларусі.

Кардынал Уэле, які прымаў удзел у Пленарным пасяджэнні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы восенню мінулага года ў Мінску, выказаў вялікую заклапочаннасць праблемай служэння ў Рэспубліцы Беларусь замежных святароў і святароў, якія прыбываюць у краіну як госці або турысты. Паводле беларускага заканадаўства, ім неабходна атрымліваць ад дзяржаўных органаў дазвол на тое, каб цэлебраваць Імшу, з чым кардынал прэфект на ўласным вопыце сутыкнуўся падчас свайго прабывання ў Беларусі.

Потым пастыры Касцёла ў Беларусі наведалі Кангрэгацыю Веравучэння.

На пачатку як звычайна Старшыня ККББ арцыбіскуп Кандрусевіч прадставіў сітуацыю Касцёла ў краіне, адзначыўшы, што вера ў часы ганенняў захавалася дзякуючы старэйшаму пакаленнJю і што сёння, з аднаго боку, яна развіваецца, а з другога — супрацьстаіць сур’ёзным выклікам сучаснасці.

Сітуацыю адносна стану веры ў дыяцэзіях у Беларусі прадставіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх пазнаёміў супрацоўнікаў ватыканскай кангрэгацыі як з гістарычнымі аспектамі, так і з сучасным станам веры. Ён распавёў пра тое, як у мясцовым Касцёле арганізавана падрыхтоўка катэхізатараў, як адбываецца катэхізацыя і паглыбленае вывучэнне Святога Пісання пры парафіях і іншыя віды дзейнасці, мэта якіх — умацаванне хрысціянскай каталіцкай веры.

Біскуп Касабуцкі не абмінуў і негатыўнага ўплыву секулярызму, а таксама магіі, забабонаў і іншых шкодных для веры з’яваў, якія прысутнічаюць у жыцці постсавецкага беларускага грамадства. Акрамя таго, былі абмеркаваны складаныя пытанні, звязаныя са змешанымі сужэнствамі і прызнаннем несапраўднасці сужэнстваў, заключаных з парушэннямі.

Кангрэгацыя Веравучэння заахвоціла біскупаў з Беларусі садзейнічаць павышэнню тэалагічнай падрыхтоўкі святароў і свецкіх вернікаў.

У другой палове дня прадстаўнікі ККББ наведалі Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Міжканфесійную сітуацыю ў нашай краіне і адносіны Каталіцкага Касцёла з іншымі канфесіямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, прадставіў біскуп Юзаф Станеўскі.

З-за непагадзі і моцных снегападаў, якія на пэўны час паралізавалі працу шэрагу аэрапортаў, з біскупамі з Беларусі не змог асабіста сустрэцца старшыня рады кардынал Курт Кох, які напярэдадні прымаў удзел у сустрэчы з прадстаўнікамі Усходніх Касцёлаў у Арменіі. Таму кардынал Кох скіраваў пасланне, у якім станоўча выказаўся аб ролі Касцёла ў развіцці міжканфесійных адносін у Беларусі.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству засяродзіў сваю ўвагу на трох асноўных накірунках развіцця дыялогу з прадстаўнікамі іншых канфесій: духоўным, дактрынальным і практычным, а таксама заклікаў да далейшага ўдасканалення дыяцэзіяльных структур і фармацыі святароў дзеля развіцця «дыялогу любові» і канкрэтных практычных крокаў супрацоўніцтва паміж рознымі канфесіямі. Кардынал Кох нагадаў пры гэтым словы папы Францішка аб неабходнасці ажыццяўлення экуменічнага трыпціху: сумесна ісці, сумесна маліцца і сумесна працаваць.

Увечары адбылася сустрэча беларускага епіскапату з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці папы Францішка кардыналам П’етро Паралінам.

Яе ўдзельнікі засяродзіліся на касцёльна-дзяржаўных адносінах, якія існуюць у Беларусі.

Кардынал Паралін выказаў глыбокую занепакоенасць станам замежных святароў, якія маюць цяжкасці з атрыманнем дазволу на служэнне ў Беларусі, а таксама немагчымасцю для святароў, якія наведваюць краіну, служыць Эўхарыстыю без дазволу ўлады. Бліжэйшы супрацоўнік Папы нават задаў рытарычнае пытанне, ці яшчэ дзесьці ў свеце ёсць нешта падобнае. На думку кардынала, такі стан рэчаў з’яўляецца непрымальным і выклікае занепакоенасць.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці справу падрыхтоўкі пагаднення (канкардату) паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам, магчымасць структурных змен у Касцёле ў Беларусі і пытанне візіту Папы ў Беларусь.

catholic.by

для друку для друку