Сястра Лена Сурвіла з Віцебскай дыяцэзіі. Але Божы Провід накіраваў яе працаваць на розных пляцоўках у іншых краінах. Пра Божыя сюрпрызы, цяжкасці і радасці паклікання маладой манахіні пойдзе гаворка ў гэтым інтэрв’ю.
– Сястра Лена, Вы вельмі молада выглядаеце. А які ў Вас манаскі “стаж”?
– Маладосць, як кажуць, гэта той недахоп, што хутка прамінае. Свой шлях у свет манаскага жыцця я пачала сем гадоў таму. Пасля неабходнай фармацыі ў Польшчы працавала чатыры гады ў Беларусі. А потым Пан Бог пачаў падкідваць сюрпрызы ў выглядзе маіх міжнародных вандровак.
– Ордэнскія ўлады накіравалі Вас у Іркуцк. Цяжка было адарвацца ад роднай зямлі?
– Прызнаюся, што гэта было нялёгка зрабіць. І справа нават не ў доўгім пералёце (самалётам з Мінска да Іркуцка – 7 гадзін). Праца каталіцкай манахіні ў Расіі кардынальна адрозніваецца ад працы ў Беларусі. На Радзіме мы шмат працуем у парафіях, маем кантакты з каталіцкімі сем’ямі, з моладдзю. А ў Расіі мая праца больш палягала на сацыяльным служэнні. Я наведвала дзіцячы шпіталь для хворых на сухоты, займалася з дзецьмі. Таксама дапамагала ў курыі і праводзіла катэхезу ў парафіі. Але за дзевяць месяцаў свайго побыту ў Іркуцку я вельмі зжылася з гэтым краем. Думаю, вялікая заслуга ў гэтым людзей, якія былі побач. Дзякуючы святарам і сёстрам я адчула сябе як у сям’і. Пры наступным пераводзе на новае месца працы не магла стрымаць слёз.
– І Вас накіравалі ў Грузію?
– Так, дакладна. Гэта было так нечакана!
– Асабліва калі ўлічыць пэўную спецыфіку Вашага новага месца працы…
– Шчыра кажучы, ніколі не думала, што давядзецца працаваць у дыпламатычным прадстаўніцтве Апостальскай Сталіцы.
– І зноў давялося прывыкаць?
– Так, мы з сястрой Барбарай тут адносна нядаўна. Але ўжо паспелі захапіцца і прыродай, і наваколлем і, канешне, людзьмі. Як толькі выйшлі з самалёта і сталі чакаць багаж, людзі адразу пачалі пытацца, ці не патрэбная нам якая дапамога. Прапанавалі падвезці ці паднесці рэчы. З зычлівасцю і адкрытасцю людзей сустракаемся кожны дзень.
– У чым заключаецца Ваша праца ў нунцыятуры?
– Я адказваю за гасцей. Мая задача – сустракаць наведвальнікаў і правесці да месца перамоваў. Акрамя таго, даводзіцца ездзіць па закупы. Ніяк не магу прывыкнуць да пільнай увагі да сябе. Ахова вельмі клапоціцца пра нашую бяспеку. А на вуліцах аўтамабіль з чырвонымі нумарамі праязджае нават праз “коркі” без усялякіх перашкодаў.
– Як Вам грузінская мова?
– Літары вельмі прыгожыя, але разабраць, што хто гаворыць, не ўяўляецца магчымым. Для мяне яна вельмі цяжкая. Але італьянскую ўжо вывучаю. Без яе нельга ў дыпмісіі Ватыкана. Адкрыю Вам сакрэт: збылася мая даўняя мара – вывучаць італьянскую мову.
– Сумуеце па Беларусі?
– Настальгія заўсёды будзе, але я вельмі цаню тое, што дае мне Бог. Я не магла і ўявіць сабе пару гадоў таму, што так павернецца маё жыццё. Бачу, што Бог падрыхтаваў для мяне столькі цікавага! Не хапае, канешне, працы з моладдзю і дзецьмі, якіх я так люблю. Тут, у Тбілісі, даводзіцца больш праяўляць свае нейкія гаспадарскія здольнасці, глядзець за парадкам і г.д…
– Сястра Лена, ад імя рэдакцыі і нашых чытачоў жадаю Вам радасці ад Вашага паклікання і Божай дапамогі ў манаскім жыцці, якое Вы сабе выбралі з любові да Бога і Касцёла.
– Дзякуй і Вам за гутарку.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Фота з асабістага архіва с. Лены Сурвіла
