Ачышчаць розум і сэрца — прабачаць

Прабачаць. Прабачаць ад усёй душы і без ценю крыўды! Гэта заўсёды велічна і плённа. Такім быў жэст Хрыста, прыбітага да крыжа: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Менавіта адсюль прыйшло тваё і маё збаўленне.

Св. Хасэмарыя Эскрыва дэ Балагер

Жыццё на зямлі — гэта першы этап чыстца. Мы таму і маем слабую ды заганную натуру, каб праз свае падзенні навучыцца пакоры і, убачыўшы сябе ў праўдзе, быць добрымі да бліжніх і прабачаць ім. Прабачаць за іх падзенні, у якіх часта выяўляецца праўда пра нас. Бліжнія таксама перажываюць цяжкасці і цярпенні ў сваіх жыццёвых нягодах, і мы таксама ранім іх. Таму неабходна, ідучы за Хрыстом, адплочваць дабром за зло.

У залежнасці ад таго, як мы пройдзем гэты першы этап чыстца, будзе выглядаць другі этап, які настане пасля смерці. Тады ўжо нельга будзе бараніцца ад пазнання праўды пра сябе, абвінавачваючы іншых. Тады трэба будзе дапоўніць ачышчальнае для душы цярпенне, якога мы не захацелі прыняць тут.

Аліцыя Лянчэўская. Слова павучання

У розных часопісах і кнігах вельмі шмат напісана пра дыеты, якія ашчалочваюць і ачышчаюць арганізм. Яны карыстаюцца папулярнасцю. Мы можам пайсці на немалыя адрачэнні, каб толькі зноў набыць сілы, аслабленыя няправільным ладам жыцця, або каб пазбавіцца ад паўнаты. Варта таксама ў кантэксце перажывання чыстца на зямлі задумацца пра тое, што абцяжарвае нашае сэрца. Што таксічнае для нашай душы? Што «зашлакоўвае» нашы мысленне і дзеянні? Адным з такіх фактараў, безумоўна, з’яўляецца непрабачэнне.

Калі чалавек узрошчвае ў сабе крыўду, гэта «закісляе» яго розум і сэрца, робіць яго жыццё таксічным, бо пазбаўляе духоўна-эмацыйнай гармоніі ў адносінах з Богам і з бліжнімі. У Евангеллі сказана: «Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка…» (Лк 21, 34–36). Гэтая перасцярога гучыць таксама ў іншых фрагментах Новага Запавету. Тлумачачы Божую запа ведзь, Пан Езус кажа, што «кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду» (Мц 5, 22а). Апостал Якуб дадае: «Суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці. Міласэрнасць вышэйшая за суд» (Як 2, 13). Міласэрнасць жа праяўляецца ў тым ліку і праз ахвотнае дараванне крыўды. Інакш кажучы, трэба ахвотна прабачаць бліжняму ўсё тое, што з яго боку дадало нам цярпення.

Калі мы ўзрошчваем у сваім сэрцы крыўды і ў думках няспынна вяртаемся да іх, гэта прыводзіць да двух відаў негатыўных наступстваў. Па-першае, не дае нам выконваць запаведзі ўзаемнай любові і любові да ворагаў, а да гэтага нас абавязвае Евангелле. У выніку мы самі аддаляемся ад евангельскага ўзору вучня Хрыста і Божага дзіцяці, бо менавіта любоўю да тых, хто ўчыняе нам зло, — да несправядлівых і грэшнікаў, — мы павінны адрознівацца ад язычнікаў (гл. Мц 5, 44–48). Па-другое, нашае сэрца скоўваецца путамі. Не знятыя падчас зямнога жыцця, яны не дазволяць нам дасягнуць вечнага шчасця пасля смерці. Мы самі сабе перакрываем шлях да Божага прабачэння. Хіба мы не просім кожны дзень Бога Айца ў Малітве Панскай: «Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым»? (Мц 6, 12). Часта мы прамаўляем яе настолькі механічна, што не чуем уласных словаў, але гэта адна з найважнейшых просьбаў, якую трэба прамаўляць свядома. Заўважым, што Пан Езус, навучаючы Апосталаў малітве, скіроўвае да іх яшчэ дзве вельмі важныя думкі ў сувязі з гэтаю просьбаю: «Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых» (Мц 6, 14–15).

Пацвярджэнне гэтай евангельскай праўды ў жыццёвай рэчаіснасці мы знаходзім, напрыклад, у досведзе св. Гертруды Хельфцкай. Яе бачанні і дыялогі з душамі чыстцовымі былі апісаныя ў кнізе «Прадвеснік Божай любові». Там распавядаецца пра аднаго памерлага манаха, які ў зямным жыцці не асабліва клапаціўся пра сваю вечнасць. Ён сам прызнаўся св. Гертрудзе: «Я нясу такі цяжар, што калі б можна было сабраць у адно ўсе цярпенні жывых сэрцаў, то нават гэта яшчэ не было б падобным да таго, што цярплю я». Калі святая малілася за яго ў Малітве Панскай, прамаўляючы словы «і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым», яна заўважыла: «Душа гэтага брата выглядае прыгнечанаю, што мяне вельмі здзівіла. А калі я спытала пра прычыны такога стану, атрымала такі адказ: „Жывучы ў свеце, я моцна грашыў тым, што нялёгка прабачаў людзям, якія ўчынілі нешта супраць мяне, — часцей за ўсё я доўгі час паказваў ім абражаны твар. Каб кампенсаваць гэта, я цярплю цяпер кожны раз, калі чую гэтыя словы. Мяне мучаюць невыносны смутак і сорам“»

Такім чынам, калі мы не прабачаем, то ўчыняем крыўду перш за ўсё самім сабе.

Тады нашыя іншыя добрыя справы і ахвяры не мілыя Богу —насамрэч яны становяцца вялізным цяжарам у час Суду: «Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар. Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош» (Мц 5, 23–26).

Звернем увагу на тое, што ў дадзеным фрагменце вядзецца гаворка пра брата, які мае штосьці супраць нас, а значыць, пра чалавека, які крыўдуе на нас і ў якога трэба прасіць прабачэння. Сільвана Фаўсці, каментуючы гэтую перыкопу, адзначае, што недастаткова не мець ні да кога прэтэнзій: яшчэ трэба клапаціцца пра тое, каб іншы чалавек дараваў нам нашыя правіны. Акрамя таго, трэба імкнуцца да згоды з нашымі праціўнікамі, прымаць іх па-братэрску, бо яны таксама з’яўляюцца сынамі Божымі, як і мы прагнем імі быць. Іншымі словамі, дух паяднання павінен няспынна ажыўляць нашае штодзённае жыццё. Трэба заўсёды прабачаць, нават семдзесят сем разоў у дзень, бо наш Пан таксама не вызначае межаў, адорваючы нас прабачэннем.

Кожны з нас у пэўных сітуацыях бывае даўжніком, а часам і «крэдыторам» у адносінах да іншых.

Таму лепш за ўсё прымя няць залатое евангельскае правіла: «Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана. <…> Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мц 7, 1–2. 12а).

Нашае прабачэнне павінна быць не толькі валявым, але таксама і эмацыйным. Трэба імкнуцца, каб і розум, і сэрца былі вызваленыя ад «шлакаў» абразы, пачуцця крыўды, гневу, нянавісці або жадання помсты. Толькі тады мы спазнаем унутраны супакой і палёгку. Інакш рана ніколі не загоіцца, застанецца ўспрымальнаю да кожнага дотыку і боль будзе вяртацца.

У ачышчэнні сэрца ад наступстваў балючых адносінаў з людзьмі, несумненна, вельмі важнымі з’яўляюцца нашыя старанні ў кірунку прабачэння і паяднання, аднак трэба таксама ўсвядоміць, што найглыбейшыя раны можа вылечыць толькі міласэрная любоў нашага Айца. Таму неабходна штодзённа маліцца за нашых непрыяцеляў, за нашых крыўдзіцеляў з просьбаю аб гэтай Божай ласцы. І тут трэба быць вельмі цярплівымі і трывалымі, бо, магчыма, праміне шмат часу, перш чым мы вымалім для сябе ў сэрцы адпаведную здольнасць прыняць гэты дар. Калі ж мы самі з’яўляемся крыўдзіцелямі ў адносінах да кагосьці, калі мы нанеслі камусьці траўму, трэба сардэчнаю і шчыраю малітваю да Бога паступова пракладваць шлях да паяднання. А калі кантакт з гэтым чалавекам фізічна немагчымы, трэба даручаць гэтыя зраненыя адносіны Пану Богу, верачы ў Яго бясконцую міласэрнасць. Тады неабходна прасіць аб міласэрнасці і да саміх сябе, бо калі мы ўчынілі зло, асабліва ў адносінах да блізкага чалавека, то можам мець праблему з прабачэннем самім сабе.

Ave-maria.by, пераклад Ганны Шаўчэнка

для друку для друку