«Абыякавасць». У Калумбіі біскуп прыйшоў на кангрэс і яго ніхто не пазнаў

Ардынарый Калумбійскай дыяцэзіі Арменія прыйшоў на дыяцэзіяльны кангрэс сацыяльнага душпастырства, апрануты як бяздомны. Так як яго ніхто не пазнаў, ён назіраў за паводзінамі ўдзельнікаў. І падвёў вынікі свайго эксперыменту словам: «абыякавасць».

Псіхолаг і сацыяльны камунікатар, 52-гадовы біскуп Карлас Артура Кінтэра Гомес (Carlos Arturo Quintero Gómez) апрануў зношаную вопратку, яму зрабілі макіяж і іерарх накіраваўся на кангрэс, які прайшоў ва ўніверсітэце Квіндэ. Ён жабраваў, прасіў дапамогі і нават упаў, каб убачыць, як сабраныя адрэагуюць на «няпрошанага госця».

«Я зрабіў гэта, каб убачыць рэакцыю людзей на сустрэчу з бедным, бяздомным чалавекам, у бруднай і смярдзючай вопратцы, які ўваходзіць у касцёл ці на дыяцэзіяльны кангрэс. Гэта быў спосаб даведацца адносіны хрысціян», — растлумачыў іерарх мэты свайго эксперыменту.

«Як толькі я ўвайшоў у актавую залу, я пачаў адчуваць абыякавасць».

Ён таксама распавёў, як сябе адчуваў, будучы «бяздомным». «Я трапіў у скуру такога чалавека, адчуў боль і слязу ў сэрцы пры думцы пра беднасць і галечу. Як толькі ўвайшоў у актавую залу, я пачаў адчуваць абыякавасць. Я ішоў туды, як у свой дом. Але ніхто не прыняў мяне, ніхто не вітаў і ніхто нават не спытаў, хто я. Потым я сеў на стратэгічным месцы, каб мець магчымасць прааналізаваць паводзіны людзей», — сказаў біскуп Квінтэра Гомес.

Ён прызнаў, што ніхто не адносіўся да яго дрэнна, але тое, што ён перажыў, найлепшым чынам выражае слова «абыякавасць».

Пераклад Марыны Сінкевіч паводле deon.pl

 

для друку для друку