Абвяржэнне міфу, або хто прыдумаў “цёмнае” Сярэднявечча? Частка 2

Працягваем нашыя разважанні пра Сярэднявечча – перыяд, што ў гісторыі чалавецтва пазначыўся як цемрашальны. Канешне, як было заўважана раней, цёмным яго назвалі пазней, у часы Асветы, як супрацьстаянне ў дачыненні да Каталіцкага Касцёла, каторы менавіта ў перыяд Сярэднявечча меў асаблівы ўплыў на розныя пласты насельніцтва тагачаснай Еўропы.

У гэтым артыкуле далей паспрабуем рэабілітаваць названы гістарычны перыяд. У мінулы раз была гаворка пра адукацыю і музыку. А зараз узгадаем пра мастацтва і архітэктуру, манаства, а таксама пра асаблівую з’яву сярэдніх вякоў – рыцарства.

Роспіс касцёлаў

Мастацтва ў cярэднявечнай Еўропе мела шчыльную сувязь з Касцёлам і яго навучаннем. У мастацтве Сярэднявечча не ўжываліся старажытныя грэцкія каноны з іх ідэальнымі чалавечымі формамі. Звярнула яно ўвагу перад усім на таямніцу Валадарства Нябеснага, на прыгажосць Бога, на кароткачасовасць зямнога жыцця, таксама на тое, што перашкаджае чалавеку ў яго імкненні да Бога (грахі, жарсці, канфармізм). Варта заўважыць, што няшмат было адукаваных у тыя часы людзей, мала хто мог чытаць. Таму якраз паявілася ідэя катэхізацыі праз храмавыя выявы. Гэта адбылося як ва ўсходняй царкве (візантыйскай), так і ў яе заходняй частцы. У Кіеве ці ў Вялікім Ноўгарадзе ў першых храмах усходніх славян дагэтуль можна назіраць біблійныя насценныя выявы. Не ўсе, напэўна, ведаюць, што ў заходнім Касцёле храмы, пабудаваныя ў раманскім стылі, таксама былі распісаныя цалкам. Толькі пазней, пад націскам ісламу ці пратэстантызму, ці наогул праз уплыў часу храмавыя фрэскі былі ў большасці знішчаныя.

468-2

Гатычныя катэдры

Іншае дасягненне Сярэднявечча – гэта гатычныя катэдры. Нават сёння сучасны чалавек, паглядаючы на гэтыя прыгожыя храмы, задае сабе пытанне: як у той час, амаль восемсот гадоў таму, атрымалася пабудаваць такія велічныя і прыгожыя сакральныя будынкі? Канешне, трэба прызнаць, што ў будове гатычных катэдраў прымалі ўдзел амаль усе жыхары горада і іншых навакольных населеных пунктаў. Дакладна як у Егіпце, дзе насельнікі, каб затрымаць жыццядайную ваду Ніла, будуючы тым самым гідратэхнічныя канструкцыі і каналы, павінны былі раз на год усе разам выйсці на працу. Гэта была праца супольная і публічная. І таксама ў большасці непрымусовая. Таму што кожны дарослы жыхар Егіпта ўсведамляў сабе, што калі ваду не затрымаць, то прыйдзе голад. Адсюль, зрэшты, і з’явілася нам усім вядомае слова “літургія” – публічная, супольная справа. Таксама і будаванне гатычных катэдраў мела публічны, супольны характар. І вельмі часта будову пачынала адно пакаленне, а завяршала наступнае. Ніхто нікуды не спяшаўся. Менавіта велічны гатычны стыль прыпамінаў чалавеку Сярэднявечча пра веліч Бога і крохкасць, часовасць чалавека. Гэты быў заклік да пакоры і службы.

З’яўленне новых ордэнаў

Варта таксама ўзгадаць пра з’яўленне так званых мендыканцкіх (убогіх) манаскіх ордэнаў, якія, зрэшты, перавярнулі хаду рэлігійнага духоўнага жыцця ў Еўропе. Штуршком для паяўлення новай формы манаскага жыцця (францішканцы і дамініканцы) стаў рэлігійна-духоўны крызіс, які ўзнік у хрысціянскай Еўропе. Крызіс заключаўся не ў тым, што людзі адышлі ад Бога. Варта ведаць, што да Французскай рэвалюцыі 1782 года не было такога слова, як “атэіст”. На працягу вякоў з’яўляліся розныя ерасі, людзі памыляліся, блукалі, здраджвалі, але заўсёды прымалі існаванне Бога. Крызіс у рэлігійным жыцці XI –XII стагоддзяў праявіўся ў з’яўленні ў Еўропе двух найбуйнейшых ерасей – катараў і альбігойцаў. Гэтыя ерасі мелі ў сабе яшчэ ранейшы старажытны вірус. Вырасталі яны з маніхеізму, з яго агідаю да ўсяго цялеснага, з дрэнным разуменнем аскетызму і ўбоства. Адна з прычын рэлігійнага крызісу і папулярнасці сектаў заключалася ў слабай падрыхтоўцы духавенства (у той час не было семінарыяў, кандыдаты на святарства  звычайна рыхтаваліся ў сваёй парафіі), тым больш што слова Божае мелі права прапаведаваць выключна біскупы, якія, дарэчы, зрэдку знаходзіліся на тэрыторыі сваіх дыяцэзій. Адным словам, постаці легендарных харызматычных святых Францішка і Дамініка паўплывалі не толькі на манаскі рух, але і на ўвесь тагачасны Касцёл, уратоўваючы яго тым самым ад заняпаду. Св. Францішак сваёй евангелічнай прастотай, Св. Дамінік больш грунтоўным і глыбокім прапаведаваннем Слова Божага.

Новыя вандроўныя манахі адмовіліся ў пэўным сэнсе ад выгоднага жыцця, ад зямлі, якая давала сталы даход, ад больш-менш усталяванага modus vivendi – парадку дня. Пазбыліся яны тым самым упэўненасці ў будучым, але адчулі сябе больш свабоднымі і мабільнымі, тым самым безумоўна давяраючыся Богу. Такім чынам, ужо не людзі вандравалі ў кляштары, шукаючы парады і заступніцкай малітвы, а манахі самі вышлі ў кірунку сваёй паствы. Гэта быў новы подых для Каталіцкага Касцёла. Трэба заўважыць, што такі феномен у манаскім жыцці адбыўся толькі ў Заходнім Касцёле і менавіта ў Сярэднявеччы.

Рыцары

Варта таксама на фоне Сярэднявечча ўзгадаць пра такую з’яву, як рыцарская культура. Рыцары – гэта напачатку вольныя жаўнеры, якія наймаліся феадаламі для абароны яго маёмасці. Звычайна яны былі загартаванымі ў баях людзьмі. Менавіта ў “цемрашальскі” век з цягам часу выпрацаваўся так званы рыцарскі кодэкс: павага да жанчыны, абарона слабых і пакрыўджаных. Рыцары павінны былі імкнуцца да ўсё большай справядлівасці, міласэрнасці і высакароднасці. Кандыдат на рыцара перад рытуалам павінен быў абавязкова прыступіць да споведзі. А сама прысяга адбывалася падчас св. Імшы.

Варта заўважыць, што так званыя мілітарныя каталіцкія ордэны, як тампліеры, тэўтонцы, складаліся ў большасці з рыцараў-манахаў. Усе мы чыталі альбо чулі пра Дон Кіхота Ламанчаскага, персанажа-рыцара, якога прыдумаў іспанскі пісьменнік Мігель дэ Сэрвантэс. Памятаем, што амаль усе бачылі ў Дон Кіхоце нейкага вар’ята і недацёпу. Смешна ўспрымаўся чалавек у часы Рэнесансу, які імкнуўся да справядлівасці і міласэрнасці. Менавіта гэта была туга аўтара аб мінулым высакародным рыцарстве, якое сышло беспаваротна.

Такое было Сярэднявечча – час нялёгкі, але разам з тым эпоха ласкі і высокай культуры. І, хутчэй за ўсё, не было б далейшых дасягненняў чалавецтва, калі б у пэўны перыяд не быў створаны трывалы канкрэтны падмурак для будучых пакаленняў.

а. Віталь Сапега, дамініканін

для друку для друку