Абвяржэнне міфа, або хто прыдумаў “цёмнае Сярэднявечча?”

Prague_horlogeЧаста можна пачуць параўнанне каго-небудзь або чаго-небудзь з цёмнымі часамі Сярэднявечча. Наогул у грамадскай думцы і розных стэрэатыпах выпрацавалася нязменная меркаванне пра цёмнае, цемрашальнае Сярэднявечча.

Сучасны чалавек атаясамлівае гэты гістарычны перыяд з інквізіцыяй, крыжовымі паходамі, шматлікімі ерасямі, антыпапствам. Прыпамінаецца таксама найвялікшая схізма: падзел на каталіцкую (заходнюю) і праваслаўную (усходнюю) канфесіі. Кажуць яшчэ, што менавіта ў перыяд Сярэднявечча быў навуковы застой. Безумоўна, ва ўсім зле абвінавачваюць хрысціянства, а менавіта каталіцызм. Але думаю, што варта, нягледзячы ні на што, шукаць праўду, якая б яна ні была горкая.

Каб вывучыць які-небудзь гістарычны перыяд, трэба пастарацца бліжэй і глыбей яго пазнаць, беручы пад увагу розныя гістарычныя кантэксты. Наогул паняцце “цёмнае Сярэднявечча” паявілася значна пазней, у часы так званага Асветніцтва. У гэтую эпоху адбылося ўслаўленне чалавечага розуму, назіраўся прыярытэт навукі над рэлігіяй. Лічылася, што Сярэднявечча паўстрымала навуку, пераследуючы між іншым навукоўцаў і ўсе іх перадавыя ідэі. Прапаную пакуль што не браць пад увагу недахопы гэтага гістарычнага перыяду (ведаем, што кожны гістарычны адрэзак адзначаўся сваімі цёмнымі і светлымі старонкамі). Засяродзімся на дасягненнях.

Гістарычныя перыяды Сярэднявечча

Напачатку варта прыгадаць, калі Сярэднявечча пачалося і калі скончылася. Пачаткам лічыцца 476 год. Менавіта тады адбылося перасяленне варварскіх народаў з поўначы Еўропы і тым самым знікла Рымская Імперыя. Таму, калі мы кажам пра Сярэднявечча, то маем перадусім на ўвазе Заходнюю Еўропу. Вядома, што ўсходняя частка імперыі (візантыйская) праіснавала да 1453 года. Час Сярэднявечча дзеліцца на тры перыяды: ранняе, поўнае (спелае) і позняе. Лічыцца, што гэты гістарычны перыяд заканчваецца з датаю вынаходніцтва друку Ёханэсам Гутэнбергам (1448-1455), адкрыццём Хрыстафорам Калумбам Амерыкі (1492) або зноў жа з моманту знікнення Візантыйскай Імперыі.

З заняпадам Рымскай Імперыі прыйшлі пагрозлівыя, як выдавалася, для грэка-рымскай культуры часы. Для Каталіцкага Касцёла таксама настаў час выклікаў. Але ва ўсім гэтым адчувалася воля Госпада Бога. Большасць народаў Еўропы не толькі ўключыліся ў хрысціянства, але з цягам часу стварылі нешта новае і непаўторнае – вялікую хрысціянскую культуру.

Варта, можа, тут крыху нагадаць, чым адрозніваецца культура ад цывілізацыі. Найлепшуе дэфініцыю, на мой погляд, дае Антоній Кемпінскі, польскі псіхіятр. На яго думку, цывілізацыя – гэта ўлада над светам, а культура – любоў да свету. Такім чынам, у культуры праяўляецца Божая любоў і прыгажосць. Там, дзе культура, ствараюцца цалкам іншыя адносіны паміж людзьмі, там таксама чалавек па-іншаму дбае пра навакольнае асяроддзе. А культура ўзнікае звычайна там, дзе ёсць уздым духоўнасці. Цывілізацыйна чалавецтва ўзрастае ўвесь час. Трэба было пасля страчанага зямнога раю як мага лепш і хутчэй запанаваць над стыхіямі гэтага свету і зрабіць сваё жыццё больш камфортным. Культура ж заўсёды мела пэўныя хістанні, большыя ці меншыя. Дык вось Сярэднявечча, на маю думку, дасягнула незвычайнага культурнага ўзроўню. Хаця і цывілізацыйна “цёмныя вякі” не былі найгоршымі. Вядома, што ў перыяд спелага Сярэднявечча насельніцтва Еўропы павялічылася ў некалькі разоў дзякуючы развіццю сельскай гаспадаркі. У часы Сярэднявечча былі вынайдзены механічны гадзіннік, млын, адпаведна воднае кола, друк, арган, акуляры, развівалася дойлідства, міжнароднае права (людзі ўсё больш пачалі гуртавацца паводле этнічных прымет і ствараць незалежныя краіны).

Якія ж заслугі Касцёла былі перад тагачаснай Еўропай?

Па-першае – сістэма адукацыі. Вядома, што пачатковая адукацыя звычайна адбывалася ў сценах кляштараў, у якіх былі багатыя кнігазборы. Манахі ў часы ранняга і спелага Сярэднявечча звычайна былі перапісчыкамі. Таму варта тут адкінуць савецкі міф, што манаскія асобы былі цёмнымі і недалёкімі людзьмі. Пазней з’явіліся ўніверсітэты. Універсітэты складаліся звычайна з чатырох факультэтаў: багаслоўскага, філасофскага, медыцынскага і юрыдычнага. Дарэчы, багаслоўскі факультэт лічыўся асноўным. Першы ўніверсітэт з’явіўся ў Балоніі (1088), наступныя – у Парыжы (1100), Оксфардзе (1167), Кембрыджы (1226). Універсітэты зноў жа былі заснаваныя Каталіцкім Касцёлам. І менавіта дзякуючы буле Папы Рымскага некаторыя школы былі перайменаваныя ў studium generale, у якіх адпаведна маглі навучацца студэнты з усёй Еўропы. Універсітэты атрымалі тым самым пэўную аўтаномнасць і права даваць навуковыя ступені.

Першымі выкладчыкамі ў большасці былі духоўныя асобы. Св. Тамаш Аквінскі, напрыклад, адкрыў для Еўропы філасофію Арыстоцеля, якая захавалася дзякуючы ісламскай культуры і яе вядомым дзеячам Авіцэну і Авероэсу. Варта ўзгадаць, што менавіта Тамаш Аквінскі падкрэсліў ролю чалавечага розуму, асвечанага Божым святлом. Таму таксама няпраўда, калі кажуць, што людзі Сярэднявечча знішчылі элінскую культуру. Яны яе нанова, ужо ў больш хрысціянскім ракурсе адкрылі.

Нотны запіс вынайшаў манах

monk-scribe

Варта таксама ўзгадаць пра музыку. Да часоў Сярэднявечча музыка была аднагалосная: амбразіянская, грыгарыянская. Менавіта ў Сярэднявеччы адбыўся пэўны якасны рывок. Быў вынайдзены нотны запіс. А адбылося гэта ж зноў дзякуючы прадстаўніку Каталіцкага Касцёла. Нотны запіс вынайшаў дзесьці на пераломе тысячагоддзяў бенедыктынскі манах Гвіда д’Арэца, тэарэтык музыкі, які першапачаткова быў настаўнікам спеву ў сваім ж кляштары. Ён для паніжэння ці падвышэння тону выкарыстоўваў сваю руку. Пальцы такім чынам служылі нотнымі лінейкамі. Пазней з’явіліся ноты.

Напэўна, мала хто ведае, што нота Сі ёсць абрэвіатурай св. Яна Хрысціцеля. Такім чынам, дзякуючы нотнаму запісу музыка з гомафанічнай (аднагалоснай) станавілася ўсё больш поліфанічнай (шматгалоснай). Вынаходніцтва нотнай граматы дало магчымасць развівацца кампазітарскай дзейнасці (кампазітар ад лац. слова compositio – складваць, укладваць, парадкаваць). Першымі кампазітарамі, якія пачалі пісаць музыку, былі Леанін і Пірацін з катэдры Нотр-Дам у Парыжы. Аднак свайго апагею поліфанічная музыка дасягнула ў Фландрыі (сённяшняя Бельгія). У Фландрыі поліфанічная музыка стала называцца “суровым сцілем”. Адным з яркіх прадстаўнікоў фламандскай школы быў Жан Экэгэм, які, дарэчы, акрамя складання музычных твораў, быў філосафам, матэматыкам, багасловам, што, зрэшты, было вельмі распаўсюжаным у тую эпоху. Варта заўважыць, што для напісання музыкі Экэгэм выкарыстоўваў матэматычныя разлікі, каб такім чынам яна ўсё больш уплывала на чалавечы разум, ствараючы тым самым сузіральны настрой. Менавіта ў Сярэднявеччы выпрацавалася так званая музыка ars antiqua – касцельная. Пазней з’явілася музыка свецкая – ars nova. Гэта была музыка трубадураў і мінізінгераў. Трубадуры – народныя, вандроўныя музыкі. Музыка мінізінгерства была спецыяльна выпрацавана для шматлікіх крыжовых паходаў.

86127b

Трэба заўважыць, што гранне на музычных інструментах, а таксама кампанаванне музыкі ў часы Сярэднявечча было вельмі распаўсюжанай справай. Напрыклад, вядома, што кароль Англіі Рычард Ільвінае Сэрца напісаў адзін са сваіх найлепшых твораў падчас двух гадоў, праведзеных ў палоне.

Гэта толькі частка культурнай спадчыны “цёмнага Сярэднявечча”. У наступны раз паразважаем, што было дасягнута ў тыя часы ў выяўленчым мастацтве і дойлідстве.

а. Віталь Сапега, дамініканін

Каталіцкі гімн св. Яну Хрысціцелю, ад якога пайшлі назвы нотаў.

UT queant laxis

REsonare fibris

MIra gestorum

FAmuli tuorum

SOLve polluti

LAbii reatum

Sancte Ioannes

Каб у поўны голас

Змаглі заспяваць слугі

Тваіх дзеяў цуды,

Здымі грэх з іх вуснаў,

Святы Ян.

для друку для друку