Абвешчаны месцы правядзення асноўных падзей Сусветных дзён моладзі ў Панаме

Шырокапалосная траса Сінта-Костэра-Уно ў спалучэнні з маляўнічай набярэжнай у цэнтры сталіцы Панамы былі абраны месцамі правядзення пяці асноўных падзей Сусветных дзён моладзі ў 2019 г. Рашэнне было зацверджана Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця і абвешчана на сайце Панамскай архідыяцэзіі.

Па словах арганізатараў форуму, Сінта-Костэра была адобрана і ў ходзе міжнародных кансультацый з прадстаўнікамі біскупскіх канферэнцый розных краін свету. Месца было станоўча ацэнена Ватыканскай жандармерыяй з пункту гледжання бяспекі Святога Айца.
Пры прыняцці рашэння аб выбары асноўных пляцовак Сусветных дзён арганізатары, разам са спецыялістамі, прынялі да ўвагі лагістычную складаючую, а таксама пытанні, звязаныя з размяшчэннем пілігрымаў, даступнасцю прасторы для жыхароў і антыкрызісным кіраваннем.

Гаспадары чакаюць, што на ўрачыстасці на Сінта-Костэра прыбудуць каля 375 тыс. зарэгістраваных пілігрымаў. Побач будзе створана месца для незарэгістраваных удзельнікаў, каб забяспечыць ім самыя лепшыя умовы.

Сінта-Костэра – гэта гарадскі раён Панамы, размешчаны на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. Ён займае каля 26 гектараў плошчы і мае сучасную забудову. Уздоўж яго праходзіць аднайменная новая траса з сучаснымі транспартнымі развязкамі. Сінта-Костэра ўключае ў сябе прыморскія паркі і зоны адпачынку з алеямі, фантанамі, вадаёмамі, альтанкамі, тэніснымі кортамі. На яго тэрыторыі знаходзіцца самы высокі будынак Панамы – вежа “Star Bay Tower” вышынёй 267 метраў.

Асноўныя падзеі Сусветных дзён моладзі – св. Імша на адкрыццё, цырымонія прывітання Папы, Крыжовы Шлях, чуванне са Святым Айцом і нядзельная заключная св. Імша – пройдуць у Панаме 22-27 студзеня 2019 г.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку