Абраз Маці Божай Юравіцкай выставяць у Мазыры

17ac5f8da78c1c03f88e810b46283c98_L30 жніўня цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай, які шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі, будзе дастаўлены з Юравіцкага мужчынскага манастыра ў праваслаўны кафедральны сабор святога Арханёла Міхаіла ў Мазыры. Там перад абразом можна будзе памаліцца да 7 верасня.

А 7 верасня ў 11.00 з Мазыра ў Юравічы пачнецца традыцыйны Хросны ход з абразом, які праваслаўныя і католікі разам праводзяць з 2006 года. Тады ў склепе разбуранага кляштара выпадкова знайшлі копію цудатворнага абраза. Да гэтага лічылася, што копій абраза, які ў XIX стагоддзі быў таемна вывезены ў Кракаў, не існуе.

Нагадаем, абраз Маці Божай Юравіцкай шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі. Юравіцкі манастыр, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў каталіцкаму ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым кляштаром, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

З 2006 года кожную восень абраз прывозяць у Мазыр, а потым урачыста нясуць назад у манастыр. У Юравічах Хросны ход мясцовыя жыхары сустракаюць стоячы ля сваіх двароў. Вяскоўцы кідаюць пад ногі святарам кветкі. Пасля Хроснага ходу праходзіць урачыстая Літургія.

katolik-gomel.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі