Абраз Маці Божай Вастрабрамскай упрыгожыць карона з ахвяраванага золата

У нядзелю, 17 лістапада, у  свята Маці Божай Вастрабрамскай, славуты абраз увянчае карона, якую падчас свайго візіту ў Літву блаславіў Папа Рымскі Францішак.

Карона зробленая з ахвяраванняў Панне Марыі Вастрабрамскай — знакаў падзякі, просьбаў ці набожнасці. Падчас урачыстай службы абрад каранацыі абраза правядзе Віленскі арцыбіскуп мітрапаліт Гінтарас Грушас, паведамляе дыяцэзія.

«Карона выраблена з золата, ахвяраванага вернікамі: заручальных кольцаў, завушніц, ланцужкоў, медальёнаў і іншых вырабаў з золата, якія былі ахвяраваныя на знак падзякі за пачутыя малітвы. Гэтыя ахвяраванні збіралі на працягу больш за 20 гадоў. Сімвалічна, што для вырабу кароны выкарыстана 184 заручальных кольцы, якія сведчаць аб асаблівай дапамозе Маці Божай сем’ям», — распавёў рэктар Вастрабрамскай капліцы Кястуціс Латожа.

Карона не адлітая, гэты твор выкаваны ўручную — яе стварыў залатых спраў майстар Эймантас Лудавічус.

У мінулым годзе адзначалася 90-годдзе каранацыі Маці Божай Вастрабрамскай.

У 1927 годзе, у пацверджанне значнасці культу набожнасці Панны Марыі, цудатворны абраз быў увенчаны каронамі з ахвяраванага вернікамі золата, якія блаславіў Папа Рымскі Пій XI.

У пачатку савецкай акупацыі залатыя кароны зніклі, і лёс іх невядомы. Мабыць, у небяспечны час кароны схавалі, а пазней ніхто не ведаў, дзе іх можна знайсці.

У дадзены час славуты абраз упрыгожваюць дзве кароны: больш буйная сярэбраная (датаваная 1750) і невялікая, зробленая з медзі і пазалочаная (каля 1700 г.).

Менавіта замест гэтай невялікай кароны з пазалочанай медзі будзе ўрачыста прымацаваная такая ж, толькі залатая, карона, якую блаславіў Папа Францішак.

Знятая карона будзе захоўвацца ў Вастрабрамскай скарбніцы, доступ у якую будзе адкрыты пасля абнаўлення капліцы.

Галоўнае свята ў нядзелю завершыць ўрачыстая Імша, якая пройдзе ў 11.00 каля адчыненага акна Вастрабрамскай капліцы.

ru.delfi.lt

для друку для друку