Абраз Маці Божай Ружанцовай Ушацкай – гісторыя вяртання

Вернікі з парафіі Святога Лаўрэна ва Ушачах распавядаюць пра гісторыю вяртання абраза Маці Божай.

– Гісторыя гэтага абраза вельмі цікавая, як і наогул гісторыя нашай мясцовасці, – распавядае Тэрэза Крыванос з Ушачаў. – Гісторыя нашай парафіі пачынаецца з 1719 года, калі Геранім Жаба запрасіў ва Ушачы дамініканаў. Яны пабудавалі касцёл святога Гераніма, а таксама кляштар. І хтосьці з тагачасных манахаў напісаў абраз, які потым атрымаў назву Маці Божай Ружанцовай Ушацкай.

Так атрымалася, што Маці Божая ў гэтым абразе шмат каму дапамагла. Ужо напрыканцы XVIII стагоддзя была створаная самастойная Ушацкая парафія, і яе патронкай стала Маці Божая Ружанцовая. Абраз гэты быў не толькі цудадзейны, але і прыгожы. Магчыма, яго маляваў нават не адзін мастак, а цэлая суполка. Бо, як сведчаць крыніцы, касцёл і кляштар распісалі так, што кожны малюнак быў рэльефны, нібы высечаны з дрэва або каменю, і западаў у душу.

Слава абраза была настолькі вялікая, што прыцягвала ўсё больш і больш вернікаў, якіх у XVIII стагоддзі было тут больш за паўтары тысячы.

– Людзі, якія звярталіся да Маці Божай у гэтым абразе з малітвай, з песняй, атрымлівалі дапамогу, – працягвае Валянціна Відзевіч, – пра што сведчыла шмат вотаў, якія ўпрыгожвалі гэты абраз яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

Царскі ўрад заўсёды з недаверам, а часам і з варожасцю ставіўся да Каталіцкага Касцёла, а ў другой палове ХІХ стагоддзя наогул настаў неспрыяльны час.

– Наступіў 1863 год. Большасць вернікаў, якія належылі да дробнай шляхты, падтрымалі паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, распавядае далей Тэрэза Крыванос. – Пасля паразы паўстання касцёл расійскія ўлады зачынілі і перадалі Праваслаўнай Царкве. І тады вернікі з вялікай пашанай і гэты абраз, і ўсё, што было ў касцёле, з працэсіяй, з малітвай, са слязамі на вачах перанеслі да касцёла святой Веранікі ў Селішчы.

На пачатку ХХ стагоддзя ва Ушачах быў збудаваны новы парафіяльны касцёл. Але ён праслужыў людзям зусім невялікі час. Пачалася Першая сусветная вайна, потым рэвалюцыя, грамадзянская вайна ў Расіі, савецка-польская вайна… Падчас гэтых драматычных падзей пацярпеў і будынак ушацкага храма.

Але яшчэ больш пацярпеў Касцёл у Савецкай Беларусі ў 20-х гадах ХХ стагоддзя, калі савецкая ўлада стала змагацца з рэлігіяй. Ва Ушачах арыштавалі святара, а сам будынак касцёла забралі ў каталіцкай супольнасці. Пасля шмат католікаў выселілі ў глыб краіны, а Ушаччыну засялілі іншымі людзьмі. Сам ушацкі храм стаяў у руінах да канца ХХ стагоддзя, пакуль не пачаліся працы па яго аднаўленні.

Яшчэ больш не пашанцавала касцёлу святой Веранікі. Прыгожы храм ператварыўся ў руіны, якія стаяць да нашага часу. Аднаўляць будынак ужо не было каму, бо ў былой парафіі амаль не засталося вернікаў.

Падчас усіх гэтых драматычных, а часам і трагічных падзей згубіўся абраз Маці Божай Ружанцовай. Пасля аднаўлення парафіі ва Ушачах ў 90-х гадах мінулага стагоддзя вернікі сталі шукаць хоць нейкія звесткі пра яго. І Бог ім дапамог!

Распавядае Валянціна Відзевіч:

– Аднойчы да нашага ксяндза звярнулася адна з парафіянак віцебскага касцёла святой Барбары Галіна Кухта, якая мае тут дачу. А гэта была старая хатка яе бабулі ў вёсцы Ліпаўцы побач з Ушачамі. І яна паказала кс. Ежы копію старога абраза, які знайшла ў сваёй бабулі пасля яе смерці. Бабуля нарадзілася ў 1904 годзе, і ўсё жыццё не расставалася з гэтым абразом. Яна малілася да яго і спявала песню да Маці Божай Ружанцовай Ушацкай, якая з даўніх часоў дайшла да нас. Напісаная песня была яшчэ манахамі-дамініканамі, калі яны былі ва Ушачах.

Спадарыня Галіна распавяла “Каталіцкаму Весніку”, што яна вельмі ўдзячная сваёй бабулі, дзякуючы якой яна была патаемна ахрышчаная і атрымала ў спадчыну каталіцкую веру. І калі бабуля памерла ў 1995 годзе, у яе малітоўніку яна і знайшла чорна-белую копію гэтага абраза. На зваротным баку быў змешчаны тэкст песні да Маці Божай у гэтым абразе.

Спадарыня Галіна ў той час ужо жыла ў Віцебску і хадзіла ў касцёл святой Барбары, дзе служыў айцец-дамініканін Міхаіл Ермашкевіч. Яна і звярнулася да яго з просьбай аднавіць абраз.

– Я б не назваў гэта аднаўленнем, – кажа а. Міхаіл Ермашкевіч ОР. – Ён нанова напісаны на аснове старога фотаздымка. Фотаздымак быў не вельмі добрай якасці, таму давялося нешта дадумваць, як гэта магло быць на падставе іншых абразоў такога кшталту.

– А цяжка гэта было зрабіць?

– Пісаць абразы ёсць у дамініканскай традыцыі. Вядома, калі я праходзіў фармацыю ў дамініканскім ордэне, то даведаўся і пра традыцыі іканаграфіі. Таму я меў ужо некаторае ўяўленне, як ён мог выглядаць. Таму я б не сказаў, што гэта было дужа цяжкай для мяне працай. Цяжэй прыдумваць тое, чаго наогул не было. Вядома, малітва павінна быць, бо гэта ж не звычайная карціна малюецца, а абраз. І тады ўжо сам Бог дапамагае.

– Вось так на адкрыццё нашага касцёла ў 2004 годзе мы атрымалі падарунак – прыгожы абраз Маці Божай Ушацкай, – кажа Валянціна Відзевіч. – Зараз мы молімся да абраза адмысловай Навэннай, якую чытаем на нашым ружанцовым коле. Утворанае яно было вельмі даўно, яшчэ да адбудовы нашага касцёла. Збіраемся кожны чацвер. Мы верым, што Маці Божая ў сваім цудоўным абразе з намі і сёння. Мы зараз не вешаем каля яе воты, але кожны з нас можа засведчыць выпадкі, калі менавіта малітвамі да гэтага абраза ён атрымліваў дапамогу.

Тэрэза Крыванос

– Гэта наша Маці, наша Апякунка вярнулася да нас! Гэта было такой радасцю, што мы не маглі стрымаць слёз, – захоплена дзеліцца з намі Тэрэза Крыванос.

А пасля ўшацкія вернікі атрымалі яшчэ адзін падарунак: Рыгор Барадулін, які нарадзіўся ва Ушачах і часта наведваў адноўлены храм, пераклаў тэкст дамініканскай песні на беларускую мову. А тагачасная ўшацкая парафіянка Алеся Каваленка напісала да яе музыку.

Мы спыталі ў айца Міхаіла: на яго думку, ці атрымалася ў яго напісаць абраз? Ён сціпла адказаў:

– Гэта ўжо людзі хай вырашаюць, атрымаўся ён ці не. Што мог, тое зрабіў. А калі Бог дае праз яго нейкія ласкі, то трэба дзякаваць Богу.

Ушацкія вернікі выказалі шмат цёплых слоў у адрас айца Міхаіла. Яны ўдзячныя ўсім, хто дапамагае іх невялікай на сённяшні дзень парафіі.

– Мы ўсё болей і болей адчуваем, што касцёл не толькі будынак, гэта наш дом, наша святыня, дзе гаспадыня – Маці Божая, – сказала напрыканцы Валянціна Відзевіч.

Зміцер Лупач

У парафіі Святога Лаўрэна ва Ушачах можна замовіць абразы Маці Божай Ружанцовай Ушацкай. Выраблены яны ў Дзвінскай майстэрні. У парафіі можна таксама замовіць ружанцы ручной работы. Усе сродкі ідуць на рамонт ушацкага храма. Звяртайцеся па тэл.: +375 29 598 45 17 (Ірына Вер’ясава)

Зберажом святыню разам!

для друку для друку