Аб пакліканні да духоўнага бацькоўства ў размове з кс. Віктарам Гайдукевічам

ks0.jpgНовае пакаленне святароў плённа працуе з моладдзю, заахвочвае юнакоў да творчай дзейнасці. Імша, казанні і заняткі па-беларуску з’яўляюцца жыватворчай сілай для маладых беларусаў. Мы пагутарылі з кс. Віктарам Гайдукевічам, настаяцелем салезіянскай супольнасці на Беларусі.

-Ксёндз Віктар, як Вам удаецца  адрадзіць традыцыі  і педагагічны досвед кс. Боска ў сучасных умовах на Беларусі?

Як гістарычная постаць, будучы божым чалавекам, Ян Боска сумеў адчытаць знакі часу і адчуў вялікую неабходнасць заняцца моладдзю, якая эксплуатавалася ў Турыне на цяжкіх працах.  Яшчэ да семінарыі ён быў юнаком-лідэрам. Ён умеў прывабіць сваіх аднагодкаў прыгожымі  гісторыямі. Калі ён стаў святаром, то зразумеў, што ягоны клопат павінен набыць зусім іншы ўзровень. Ён прапанаваў сваім жа выхаванцам стаць першымі салезіянамі. У 1859 годзе ён зацвердзіў законную супольнасць св. Францішка Сальскага. Першыя духоўныя сыны пачынаюць жыць ягонай духоўнай спадчынай. Яны выкарыстоўваюць прэвентыўную педагагічную сістэму, якая стараецца папярэджваць учынкі маладых людзей належным выхаваннем, а не выкарыстоўваць кары. Галоўнай яго мэтай было выхоўваць добрых хрысціян і сумленных грамадзян. Але дон Боска працаваў з той моладдзю, якая да яго прыходзіла, там былі дзеці занядбаныя, не хрышчоныя, розныя, але яны адчувалі бацькоўскую апеку, клопат, зацікаўленасць, — і гэта адагравала велізарную ролю. Салезіянская харызма вылучаецца апекай, пастаянным прабываннем для маладога чалавека. Моладзь кожнай эпохі арыгінальна. Нельга параўноўваць тое, што было тады, і што ёсць сёння. Але засноўваючы салезіянскую супольнасць, кс. Боска заклаў свае прынцыпы, каб мы, пераймаючы ягоную душпастырскую працу, працавалі далей у такім стылі.

Мая задача, як яго духоўнага сына, паказаць  сённяшняму маладому чалавеку прыгажосць салезіянскай харызмы, патлумачыць яе змест. Тым, якім не ўкладзены маральныя прынцыпы, якія не маюць ведаў пра рэлігію ,- распавесці пра гэта сёння.

Духоўныя сыны кс. Боска прысутнічаюць у кожную эпоху, каб знайсці пэўныя шляхі рэалізацыі яго вопыту. Мы стараемся вывучаць асяроддзе ў якім жыве моладзь, рэагаваць на іх патрэбы. Важна суправаджаць моладзь да пэўнага ўзрастання. Араторый павінен быць сям’ёй, школьным падворкам і школай, дзе юнак атрымлівае пэўныя навыкі, якія зможа скарыстаць у дарослым жыцці.

Кс. Боска прадугледзеў для кожнага ўзросту сваю ячэйку: дзіцячы, моладзевы араторый. Потым людзі заканчваюць універсітэты, ідуць працаваць  і яны могуць далучыцца да наступнай ячэйкі – стаць  салезіянамі-супрацоўнікамі, свецкімі людзьмі, якія прыналежаць да нашай салезіянскай сям’і і дапамагаюць ксяндзам і сёстрам законным.

— Вы вучыліся ў Польшчы і Германіі. Які досвед Вы там атрымалі і як выкарыстоўваеце яго?

— Я думаю, што для кожнага маладога чалавека важна мець вопыт навучання за мяжой, які пашырае кругагляд, фарміруе характар чалавека. Я ўдзячны Пану Богу, што  праходзіў навучанне філасофіі ў Кракаве, вывучаў кананічнае права ў Германіі. Гэта велізарнае багацце, якім я сёння карыстаюся. Гэта дае магчымасць паглядзець, а як твае сабраты жывуць і дзейнічаюць у іншых краінах. Абменьваючыся з імі, мы абагачаем наш досвед.

Наша кангрэгацыя ў Польшчы адна з найвялікшых у Еўропе – аб’ядноўвае каля 1000 чалавек. Кожны рэгіён спецыялізуецца на сваіх школах, парафіях і моладзевых цэнтрах.

На Беларусі, як настаяцель супольнасці, я бачу наша заданне ў тым, што мы павінны ствараць пэўныя абставіны, дзе заклік Бога будзе пачуты маладым чалавекам, каб зерне паклікання магло ўзрастаць і прынесці плён. Мы молімся ў кожнай парафіі, каб Бог адорваў наш касцёл, нашу законную супольнасць, каб у маладых людзей была ў сэрцы адвага адказаць на заклік Божы.

 — Раскажыце, калі ласка, пра Вашу пілігрымку ў Італію на радзіму дона Боска.

— Пілігрымка ў Турын была завяршэннем перажывання салезіянамі юбілейнага году – 200-годдзя з дня нараджэння кс. Боска. Нас было каля 60 чалавек. Па дарозе туды мы наведвалі нашы салезіянскія парафіі ў Польшчы. У Турыне мы былі чатыры дні. Прыязджаючы ў такія месцы, як Колле дон Боско (Бэккі), Кьеры, будучы там, дзе кс. Боска, нарадзіўся, дзе быў ахрышчаны, дзе служыў міністрантам, дзе адпраўляў сваю першую св. Імшу, дзе перажываў свае радасці і цяжкасці, мы перажывалі хвалюючыя моманты, акуналіся ў тыя часы. Там адчувальна прысутнасць святога. Мы былі ў галоўнай базіліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Турыне. Усюды ёсць памятныя знакі. Мы ўваходзілі ва ўнутраны двор семінарыі, там дзе ён хадзіў. Усё жыццё хочацца пазнаваць свайго духоўнага настаўніка, яго выхаваўчую сістэму. Маладыя людзі вярнуліся з запалам і натхненнем. Пілігрымка мела глыбокі духоўны характар. Гэта як рэкалекцыі, як рахунак сумлення для кожнага хрысціяніна.Трэба было б яшчэ раз паехаць, каб жыць жывой гісторыяй. Я вельмі ўдзячны Пану Богу, за тое, што гэта было вельмі ўдалае мерапрыемства.

2015-09-01-tur1

Беларускія салезіяне ў Турыне

— Вам дапамагаюць салезіяне-супрацоўнікі?

— Гэта свецкія асобы, якія дзеляцца сведчаннямі ў сваёй сям’і і на працы.У нашым араторыі ёсць зал для катэхезы, спартыўны зал. Там знаходзяцца  салезіяне-супрацоўнікі, яны могуць падказаць штосьці, параіць. Ёсць месцы, дзе моладзь можа паразмаўляць, папіць гарбаты. Ёсць аніматары, якія дапамагаюць весці праграму. У Мінск прыязджае вучыцца шмат моладзі з усёй Беларусі. Наша моладзь адразу шукае нас, прыходзіць на катэхезы, на вясёлыя вечары. Мы ні перад кім не замыкаем дзверы, стараемся актуалізаваць наш стыль працы.

— Вы  свядома карыстаецеся беларускай мовай у зносінах з моладдзю?

Пабыўшы 12 гадоў за мяжой, пабачыўшы, як важна родная мова палякам і немцам, як з мовай звязана культура, чалавек пачынае задумвацца, а чаму я не размаўляю на сваёй мове? Вярнуўшыся з-за мяжы, я навучыўся цаніць сваю родную мову і зразумеў, што я павінен размаўляць па-беларуску ў штодзённасці. Калі я не распачну, тады хто?

Я меў святарскія пасвячэнні ў Жупранах. Калі скончыў вучобу, першая мая св. Імша на роднай мове была як бальзам для душы. Пасля польскай і нямецкай мне было прыемна служыць на беларускай мове і казаць на ёй казанне. Я заўважыў, што людзі былі ўдзячныя, ім таксама было вельмі прыемна, яны ўсё чулі і разумелі. Касцёл з’яўляецца сёння адной з нешматлікіх інстытуцый, які паслядоўна выкарыстоўвае беларускую мову ў літургіі, у пастырскай працы і штодзённа.

Я ведаю пяць розных моваў, але ні ў адной мове я не адчуваю такога душэўнага цяпла. Калі мы не будзем вучыцца на ёй размаўляць, мы ніколі не дасягнем узроўня прыгожай літаратурнай мовы. Не трэба баяцца памылак, бо на нас глядзіць моладзь і бярэ з нас прыклад. Ганаровая справа беларуса — размаўляць на роднай мове.

SAM_6016

Кс. Аляксандр Мятліцкі, кс. Віктар Гайдукевіч, кс. Павел Шчарбіцкі каля будынка будучага храма ў гонар св. Яна Боска

— Як звалі ксяндза, які дапамог Вам распазнаць Ваша пакліканне?

Яго імя Кшыштаф Цабал. Ён накіроўваўся ў Адэсу, але апынуўся ў нашай парафіі ў вёсцы Жупраны, дзе пахаваны Францішак Багушэвіч. Там ён распачаў працу, а я ў той час быў міністрантам.

Мы, юнакі, заўважылі, што гэты святар цікавіўся намі, якія перажыванні мы маем, вазіў нас на моладзевыя спатканні. У пэўным моманце ён убачыў, што з мяне можа быць добры святар, даваў мне розныя кнігі, і, паволі, ідучы разам з ім, я пазнаваў дона Боска і вучыўся яго любіць.

У пэўны момант ён пахлопаў мяне па плячы і запытаўся ў мяне: “А можа б ты быў святаром?». Ён закрануў мяне ў нефармальнай абстаноўцы. Я тады сказаў: “Не, ксёндз, хіба я магу?!” І пабег гуляць у футбол, але яго словы запалі мне глыбока ў душу. З таго моманту я пачаў сур’ёзна задумвацца, і так сталася. Напрацягу ўсяго майго навучання я адчуваў моцную падтрымку, яго малітву і сяброўскае добрае слова. Гэта мой духоўны настаўнік. Я ўдзячны таксама сваім бацькам, якія заклалі фундамент пабожнасці ў маёй душы. Бацькі былі ўключаны ў жыццё парафіі і дапамаглі мне не змарнаваць дар паклікання.

Цяпер я сам імкнуся спрыяць іншым хлопцам распазнаць іх пакліканне і падтрымаць іх.

phoca_thumb_l_200god-76

Кс. В. Гайдукевіч і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святкавання 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска

phoca_thumb_l_200god-66

Гутарыла Эла Дзвінская
Фота аўтара і Сatholic.by

для друку для друку